Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рашэньне судзьдзі Пятровай прагучала як забарона на прафэсію, — Карневіч


Міхал Карневіч

Міхал Карневіч

За выкананьне заданьня рэдакцыі ў Сьвіслачы карэспандэнт нашага радыё Міхал Карневіч быў сёньня пакараны штрафам у Ленінскім раённым судзе Горадні.

Яго аштрафавалі на 15 базавых велічыняў, гэта 2 мільёны 250 тысяч рублёў, — удакладніла судзьдзя Алена Пятрова. 26 кастрычніка ў Сьвіслачы прайшла акцыя памяці братоў Каліноўскіх.

Разам з Карневічам за сьвяточнае мерапрыемства ў Сьвіслачы сёньня аштрафаваныя на 35 базавых велічыняў (5 мільёнаў 250 тысяч рублёў) Уладзімер Хільмановіч — праваабаронца, журналіст-фрылансэр, і Ежы Грыгенча — кіраўнік Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі АГП. Яшчэ адзін партыец з АГП, Віталь Лопасаў, аштрафаваны на 15 базавых.

Міхал Карневіч заявіў у судзе хадайніцтва і прадставіў дакумэнты аб тым, што ў Сьвіслачы ён выконваў заданьне рэдакцыі, падрыхтаваў рэпартаж. Ён папрасіў судзьдзю Пятрову спыніць справу, бо пратакол на яго быў складзены памылкова: ён мае права як журналіст прысутнічаць на любых акцыях, патлумачыў Карневіч. Судзьдзя далучыла прадстаўленыя ім дакумэнты да справы, але зьвярнулася да пратаколу, складзенага міліцэйскім начальнікам са Сьвіслачы Ганчарэвічам. Паводле яго, Карневіч разам з усімі ўдзельнічаў у несанкцыянаваным шэсьці.

Са Сьвіслачы сёньня прыехалі ў якасьці сьведак міліцыянты, адзін зь якіх здымаў акцыю, другі назіраў за ёю. Першы зь іх, капітан Паўлючэня, засьведчыў, што Карневіч проста прысутнічаў: «Сьцяг не трымаў і з прамовай не выступаў». Другі, маёр Садоўскі, зьдзівіўся, што Карневіч журналіст і фатаграфаваў, каб зрабіць рэпартаж.

Судзьдзя Алена Пятрова абвясьціла тэхнічны перапынак на дзесяць хвілін, а калі вярнулася, то паведаміла, што знаходзіць склад правапарушэньня ў дзеяньнях Міхала Карневіча і карае яго штрафам — 2 мільёны 250 тысяч рублёў.

Я даказаў у судзе, што я журналіст, прадставіў усе неабходныя дакумэнты

Пакінуўшы судовую залю, Міхал Карневіч сказаў:

«Па сутнасьці, рашэньне судзьдзі Пятровай прагучала для мяне як забарона на прафэсію, на маю прафэсійную дзейнасьць. Паколькі ўсе, хто прысутнічаў у судзе, зразумелі, што доказаў маёй віны не было. Я даказаў у судзе, што я журналіст, прадставіў усе неабходныя дакумэнты. Закон Рэспублікі Беларусь гарантуе мне права асьвятляць любыя акцыі — як санкцыянаваныя, так і не».

Журналіст-фрылансэр Уладзімер Хільмановіч быў пакараны яшчэ большым штрафам — 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў. Ён папрасіў судзьдзю, каб ягоныя паказаньні занатоўваліся на беларускай мове. Ён патлумачыў, што раней здаралася, калі ягоныя словы адвольна перакладаліся на расейскую, на якой заўсёды вядзецца судовае паседжаньне. Аднак судзьдзя Пятрова хадайніцтва не задаволіла. Уладзімер Хільмановіч так расцэньвае прысуд адносна сябе:

«Быў толькі даказаны факт маёй фізычнай прысутнасьці ў Сьвіслачы, а так — на маю карысьць былі і відэаматэрыялы, і сьведчаньні сьвіслацкіх міліцыянтаў, якія таксама сьцьвярджалі, што ніякіх супрацьпраўных, па сутнасьці, дзеяньняў я не зьдзяйсьняў».

XS
SM
MD
LG