Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дублёраў Статкевіча можа быць шмат, — Губарэвіч


Мікола Статкевіч, архіўнае фота

Мікола Статкевіч, архіўнае фота

Як ставяцца ў іншых палітычных структурах дэмсілаў да сёньняшняга рашэньня палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі? АГП заявіла пра падтрымку вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі палітвязьня Міколы Статкевіча і свайго старшыні Анатоля Лябедзькі.

Першы намесьнік кіраўніка руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч выказаўся на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«Спэкуляцыя прозьвішчам Статкевіча набывае новыя формы. Толькі незразумела, навошта дзеля гэтага было развальваць агульную пляцоўку па вылучэньні адзінага кандыдата? Няўжо пэрспэктыва паразы на кангрэсе была для „дублёра“ настолькі відавочная, што ён вырашыў не рызыкаваць? І ўсё дзеля таго, каб выставіць уладзе чарговы „жэстачайшы“ ўльтыматум і зьняцца напярэдадні выбараў?

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

Зьнішчэньне агульнай пляцоўкі азначае, што зараз дублёраў Статкевіча можа быць шмат, пры гэтым кожны — са сваёй праграмай і стратэгіяй. Да чаго гэта прывядзе — думаю, ня трэба тлумачыць».

Нельга назваць гэтую прапанову рэвалюцыйнай, — Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды рашэньне АГП так:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Сёньня мы не пачулі нічога новага. Фактычна, прапанова аб вылучэньні Міколы Статкевіча агучвалася значна раней, яшчэ летам. Гэтая прапанова ў тым ліку абмяркоўвалася на зьезьдзе БНФ. То бок нельга назваць гэтую прапанову рэвалюцыйнай. Я лічу, калі мы яе абмяркуем у коле сямі арганізацыяў, то можа быць і яна прымальнай як адзін з паралельных сцэнараў кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў. Тое, што тычыцца вылучэньня Анатоля Лябедзькі, гэта таксама не навіна. Ён пра гэта таксама заяўляў досыць даўно. Незразумелая пакуль што пазыцыя адносна магчымасьці дасягненьня згоды ў коле сямёркі. Яны зьбіраюцца разам, талакой гэта абмяркоўваць. Ну, мы гатовыя нейкі час чакаць. Таму я не лічу, што сёньня былі агучаныя нейкія рэвалюцыйныя рашэньні, якія могуць паўплываць на зьмену сытуацыі з падрыхтоўкай да прэзыдэнцкіх выбараў».

Калі гэта паспрыяе вызваленьню Статкевіча і іншых палітвязьняў, то гэта добра, — Рымашэўскі

Сустаршыня партыі БХД сказаў, што, нягледзячы на падзеі вакол правядзеньня кангрэсу, ёсьць невялікі шанец на тое, што кангрэс будзе праведзены і будзе вылучаны адзіны кандыдат і прынятая агульная стратэгія. Паводле ВіталяРымашэўскага, іншых плянаў БХД на гэты момант ня мае. Палітык пракамэнтаваў рашэньне АГП:

«Тое, што кандыдатам ад АГП будзе Анатоль Лябедзька, агучвалася даўно. І тут нічога новага няма. І калі мы ўсё ж такі дамовімся пра вылучэньне адзінага кандыдата ад апазыцыі, то ён будзе ўдзельнічаць у кангрэсе і можа быць абраны як адна з кандыдатураў. Што тычыцца падтрымкі Мікалая Статкевіча, то гэта таксама ня новая ініцыятыва. Усім зразумела, што ініцыятыўная група Мікалая Статкевіча ня будзе зарэгістраваная, бо юрыдычна гэта немагчыма згодна зь дзейным заканадаўствам. Але калі Статкевіч ня супраць і калі гэта паспрыяе яго вызваленьню ці прынамсі актуалізацыі пытаньня палітвязьняў, ня толькі пэрсанальна Статкевіча, але і іншых палітвязьняў, якія сёньня знаходзяцца за кратамі, — то гэта таксама добра. Бо любая палітычная кампанія ў Беларусі павінна ўключаць у сябе патрабаваньне вызваленьня палітвязьняў як неадлучную частку мэсыджу гэтай кампаніі».

XS
SM
MD
LG