Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятары кангрэсу за незалежнасьць пачалі з Маніфэсту


Сябры аргкамітэту па правядзеньні кангрэсу ў абарону незалежнасьці Алег Трусаў, Алена Анісім, Уладзімер Колас, Міхаіл Пастухоў.

Сябры аргкамітэту па правядзеньні кангрэсу ў абарону незалежнасьці Алег Трусаў, Алена Анісім, Уладзімер Колас, Міхаіл Пастухоў.

Маніфэст у абарону незалежнасьці Беларусі, які падрыхтавалі ініцыятары кангрэсу за незалежнасьць, стане, на іх думку, дакумэнтам, які аб’яднае тысячы прыхільнікаў і абаронцаў беларускай дзяржаўнасьці.

Ініцыятары плянуюць правесьці кангрэс за незалежнасьць 21 сьнежня, а каб аб’яднаць вакол ідэі як мага больш прыхільнікаў сувэрэнітэту, падрыхтавалі дакумэнт пад назвай «Маніфэст у абарону незалежнасьці Беларусі». Адзін зь сяброў аргкамітэту, старшыня ТБМ Алег Трусаў кажа, што для іх галоўнае — сабраць людзей з усёй Беларусі:

«Калі чалавек збольшага згодны з гэтым маніфэстам і згодны, каб група ягоных прадстаўнікоў яго выбрала і паслала на кангрэс — гэта для нас нармальна. А што да прадстаўніцтва...У нас у краіне ўлада праводзіла гэтак званыя ўсебеларускія сходы. Фармальна прадстаўніцтва на іх было добрае, але што з вынікам? Абяцалі на гэты год усім тысячу даляраў заробку — і дзе тая тысяча? Дай бог 500. Таму мы ня ставім на мэце гуляць у гэтыя гульні з прадстаўніцтвам. Ёсьць група грамадзянаў, прыкладам, зь Пінску, прыслалі яны сваіх людзей — мы іх выслухаем. І гэтак далей. Магчыма, калі сытуацыя зьменіцца, адбудзецца новы кангрэс. Цяпер нам галоўнае, каб людзі зь месцаў прыехалі і выказаліся, а актыўныя людзі ёсьць, у кожным раёне хапае».

Аўтары маніфэсту не хаваюць, што іх падштурхнулі падзеі ва Ўкраіне, а дакладней — агрэсія Расеі. «Небясьпека, што „зялёныя чалавечкі“ прыйдуць і ў Беларусь, як ніколі вялікая», — лічыць Алег Трусаў.

Варта чакаць увядзеньня агульнай валюты, якой стане, хутчэй за ўсё, расейскі рубель

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў даводзіць, што пагрозай сувэрэнітэту Беларусі стала і дамова аб Эўразійскім эканамічным саюзе, ратыфікаваная ў кастрычніку. Паводле былога судзьдзі, згодна з гэтай дамовай беларускае права страціць сваё першынства ў Беларусі, але і ў эканоміцы ўзьнікаюць вялікія рызыкі. «Варта чакаць увядзеньня агульнай валюты, якой стане, хутчэй за ўсё, расейскі рубель — вельмі хісткая і небясьпечная на сёньня валюта», — заўважае Міхаіл Пастухоў. Аўтары Маніфэсту прапануюць палітычным партыям і грамадзянам дамагацца скасаваньня дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе.

Каардынатар аргкамітэту Кангрэсу ў абарону незалежнасьці Беларусі Алена Анісім падкрэсьлівае пазапартыйны характар гэтай ініцыятывы:

«Ініцыятыва адрасаваная менавіта грамадзяніну, чалавеку, які адчувае сваю адказнасьць за лёс краіны. Незалежна ад таго, зьяўляецца ён сябрам нейкай партыі ці грамадзкай арганізацыі або не зьяўляецца. Гаворка проста пра людзей зь неабыякавай пазыцыяй».

З пачатку 2000-х гадоў у Беларусі прайшло нямала кангрэсаў і сходаў, якія таксама ставілі за галоўную мэту абарону незалежнасьці. Ці ня стане кангрэс, які рыхтуюць Алег Трусаў, Уладзімер Колас, Алена Анісім, Міхаіл Пастухоў ды іншыя, чарговай тусоўкай апазыцыянэраў са стажам?

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас падкрэсьлівае, што на кангрэсе не зьбіраюцца займацца выбарамі кандыдатаў на прэзыдэнта. Галоўная мэта — выказацца ад імя людзей, да якіх улады даўно не прыслухоўваюцца:

Абавязкова трэба ў такой сытуацыі сказаць сваё слова, а не маўчаць

«Абавязкова трэба ў такой сытуацыі сказаць сваё слова, а не маўчаць. Гэта як найменшае. Паказаць, што ў грамадзтве ёсьць людзі, якія клапоцяцца пра агульнанацыянальныя і лёсавырашальныя пытаньні, ацэньваюць іх і прапануюць свае шляхі выхаду».

«Беларусь — гэта наш дом, які мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў і павінны захаваць для нашчадкаў. Мы і наша зямля — ня „шчыт“, „фарпост“ ці „буфэр“ для суседніх дзяржаваў. Разьмяшчэньне замежных вайсковых кантынгентаў і базаў на тэрыторыі Беларусі недапушчальнае. Усе замежныя войскі павінны пакінуць нашу тэрыторыю», — заяўляюць аўтары праекту Маніфэсту ў абарону незалежнасьці.

Калі ня ўдасца 21 сьнежня правесьці кангрэс у фармаце шырокага прадстаўніцтва, то тэрмін будзе перанесены, сказалі арганізатары. Яны не выключаюць, што ў выніку кангрэс можа абраць раду і стаць трывала дзеючай формай выяўленьня грамадзкіх меркаваньняў. На кангрэс арганізатары прапануюць накіроўваць дэлегатаў паводле квоты: адзін чалавек ад 5 актывістаў, і гэтак сабраць 300–400 дэлегатаў. Пакрыцьцё грашовых выдаткаў на паездку ў Менск на кангрэс не прадугледжваецца. «Мы разьлічваем на людзей, якія за незалежнасьць гатовыя ахвяраваць ня толькі грошы», — кажуць у аргкамітэце.

XS
SM
MD
LG