Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё пра Жадобіна. Чым генэрал запомніўся беларусам?


Лукашэнка і Жадобін. Скрыншот з youtube

Лукашэнка і Жадобін. Скрыншот з youtube

Лукашэнка адправіў у адстаўку міністра абароны Юрыя Жадобіна. 14 лістапада генэралу споўнілася 60 гадоў – пэнсійны ўзрост. Прапануем 9 фактаў зь біяграфіі генэрал-лейтэнанта.

Выразнай лёгікі ў кар’еры Юрыя Жадобіна няма. Гэты лукашэнкаўскі генэрал нагадвае «спэцыяліста шырокага профілю». За сваё жыцьцё ён зьмяніў велізарную колькасьць пасадаў, пастаянна кудысьці перамяшчаючыся, але пры кожнай магчымасьці засьведчваў ляяльнасьць да найвышэйшага кіраўніцтва.

Паплечнік Сівакова

Пасьля распаду Савецкага Саюзу адносна малады афіцэр Юры Жадобін пакінуў Узброеныя сілы і перайшоў у сыстэму грамадзянскай абароны, дзе да таго моманту служыў генэрал Сівакоў. У 1999 годзе генэрал Сівакоў, вядомы датычнасьцю да таямнічых зьнікненьняў апанэнтаў Лукашэнкі, атрымаў прызначэньне на пасаду міністра ўнутраных спраў і прапанаваў Юрыя Жадобіна ў якасьці свайго намесьніка — камандуючага Ўнутранымі войскамі.

Дзьмітры Паўлічэнка падчас разгону акцыяў

Дзьмітры Паўлічэнка падчас разгону акцыяў

Непасрэдны камандзір спэцназу Паўлічэнкі

Юры Жадобін быў непасрэдным начальнікам камандзіра спэцназу ўнутраных войскаў Дзьмітрыя Паўлічэнкі, які падазраецца ў дачыннасьці да зьнікненьняў і забойстваў вядомых беларусаў. Аднак, паводле інфармацыі АГП, сам Жадобін запэўнівае таварышаў па службе, што нічога ня ведае пра выкраданьні Ганчара і Захаранкі, бо гэта было «да яго».

Абвінавачваецца ў спробе сарваць Марш Свабоды

Як камандуючы ўнутранымі войскамі Жадобін рабіў кар’еру на акцыях дэмакратычных сілаў. Былы афіцэр міліцыі Алег Батура ў 2000 годзе распавядаў Радыё Свабода:

«Лукашэнка даў загад свайму намесьніку Жадобіну, каб той зрабіў усё, каб „Марш Свабоды — 2“ у Менску не адбыўся. І гэты загад ён даў у шырокай аўдыторыі. Паабяцаў: калі Жадобін ня выканае гэтага загаду, то ня будзе працаваць у міліцыі. Я сам гэта чуў».

Але «Марш Свабоды-2» — адна з самых масавых акцыяў апазыцыі апошніх двух дзесяцігодзьдзяў — усё ж адбыўся. Сутычак зь міліцыяй удалося пазьбегнуць.

Увёў прысягу на вернасьць прэзыдэнту

У час кіраваньня Жадобіна ў Службе бясьпекі прэзыдэнта зьявіўся новы дэвіз: «Абараняючы прэзыдэнта, абараняем краіну», а таксама была ўведзена прысяга на вернасьць прэзыдэнту. Служба бясьпекі — самастойная спэцслужба, і калі астатнія дакладвалі Лукашэнку празь Віктара Шэймана, то Жадобін — наўпрост.

Дакладваў, што Лукашэнку могуць забіць

Як паведамляла расейская «Газета», 28 верасьня 2004 году на паседжаньні Рады бясьпекі Лукашэнка рэзка скрытыкаваў Захад за забарону на выдачу візаў Сівакову, Шэйману, Навумаву і Паўлічэнку. Паводле Лукашэнкі, Жадобін далажыў яму пра падрыхтоўку нейкіх агрэсіўных акцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі: «У іх маса сёньня нарыхтавана мерапрыемстваў для гэтага, — адзначыў Лукашэнка. — Нядаўна я атрымаў дадатковую інфармацыю, што яны плянуюць, аж да сілавога зьнішчэньня прэзыдэнта. Вы ім перадайце, хай да гэтага пункту пераходзяць адразу, таму што мяне зламаць у адваротным выпадку ў іх не атрымаецца».

Незаўважны кіраўнік КДБ

Жадобіна называюць самым незаўважным кіраўніком КДБ. Ён узначальваў спэцслужбу ўсяго год — зь ліпеня 2007 па ліпень 2008 году. Выхаваны на вайсковых прынцыпах генэрал, ня маючы вялікага ўяўленьня аб працы выведкі і контравыведкі, пачаў усталёўваць звыклую для сябе, але нязвыклую ў КДБ вайсковую дысцыпліну. Паводле «Беларускага партызана», ён загадаў усім надзець форму, шыхтаваў пэрыядычна ўсіх на пляцы і зачытваў загады. Канцом жадобінскага кіраваньня КДБ называюць выбух бомбы на сьвяце Незалежнасьці ў ліпені 2008 году, дзе мог пацярпець і Аляксандар Лукашэнка. Праз 10 дзён пасьля гэтага інцыдэнту быў адпраўлены ў адстаўку сакратар Рады бясьпекі Віктар Шэйман, і Юры Жадобін заняў ягонае месца.

Плюшавы дэсант

Плюшавы дэсант

Жадобін і плюшавы дэсант

4 ліпеня стала вядома пра «плюшавы дэсант» у Беларусі, калі супрацоўнікі швэдзкай Studio Total на лёгкаматорным самалёце бесьперашкодна перасеклі мяжу зь Беларусьсю і скінулі сотні плюшавых мядзьведзікаў з плякатамі ў абарону свабоды слова. Гэта быў адзін з самых вялікіх правалаў Жадобіна. Ад Лукашэнкі генэрал атрымаў тады папярэджаньне пра «няпоўную прафэсійную адпаведнасьць». Праўда, пасаду захаваў.

Расейскія ваенныя базы

Міністар абароны Юры Жадобін прыклаў усе намаганьні, каб у Беларусі зьявіліся расейскія вайсковыя базы. Пасьля падзеяў на Майдане ў Жадобіна зьявілася ідэя «ўзмацніць» беларускую паветраную абарону расейскімі самалётамі. Гэтую ідэю генэрал выказаў Лукашэнку, і яна была ўхвалена. Ужо ў 2015 годзе ў Бабруйску будзе сфармаваны касьцяк расейскай авіябазы, якая будзе складацца зь дзьвюх эскадрыльляў баявых самалётаў.

Праціўнік альтэрнатыўнай службы

Жадобін заўжды выступаў катэгарычна супраць увядзеньня ў краіне альтэрнатыўнай службы. На яго думку, гэта прапанова тых, хто ненавідзіць сваю Радзіму:

«Я лічу гэта надуманым і непатрэбным, — казаў міністар. — Няма ў мэнталітэце народу гэтага — „отлынить“ ад войска. Гэта дзеці вярхушкі „пятай калёны“ і тыя, якія выхаваныя невядома як, у пачуцьці нянавісьці да сваёй Радзімы, ці што. Вось яны лічаць Узброеныя сілы невядома чым. І вы думаеце, яны будуць дзесьці прыносіць карысьць? Я думаю, што гэта проста спосаб „отлынить“ ад службы».

Юры Жадобін нарадзіўся ў Днепрапятроўску ў 1954 годзе. Ва Ўзброеных сілах з 1972 году. Скончыў Казанскую вышэйшую танкавую камандную вучэльню, Ваенную акадэмію бранятанкавых войскаў у Маскве.

У 1999 годзе прызначаны на пасаду намесьніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі. Зь верасьня 2003 году — начальнік Службы бясьпекі Прэзыдэнта РБ. Зь ліпеня 2007 году — старшыня КДБ РБ.

На пасадзе міністра абароны Рэспублікі Беларусь знаходзіўся са сьнежня 2009 году па лістапад 2014-га.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG