Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўных графіці ў Магілёве большае


Некаторыя з магілёўскіх надпісаў
Некаторыя з магілёўскіх надпісаў

Палітычныя надпісы на агароджах ля магілёўскай чыгункі — ужо даўно звыклы складнік краявіду. Бальшыня зь іх — на беларускай мове. Іх і зафарбоўваюць першымі. Але надпіс «Свабоду палітвязьням» чытаецца і з-пад фарбы.

У цяжкадаступных альбо непрыкметных месцах беларускамоўныя надпісы застаюцца некранутымі падоўгу. «Беларусь мае быць беларускай», «Дзяржава ня можа быць сацыяльнай», «Яны ня пройдуць» — няпоўны пералік заклікаў, напісаных на агароджах.

Некаторыя з магілёўскіх надпісаў
Некаторыя з магілёўскіх надпісаў

«Чыгунка — месца, дзе праходзіць вельмі шмат людзей. Гэта адзін са сродкаў прыцягнуць увагу да сацыяльных праблемаў, якія існуюць у нашым грамадзтве. Чыгунка — гэта аб’ект пад аховаю. Таму тыя, хто тут піша, больш рызыкуюць, чым калі б яны гэта рабілі на гарадзкім ускрайку ці на будоўлі, — тлумачыць жыхар Магілёва Ўладзімер, які вывучае моладзевыя субкультуры. — Але рызыка апраўдваецца той колькасьцю людзей, якія ўбачаць напісанае».

Некаторыя з магілёўскіх надпісаў
Некаторыя з магілёўскіх надпісаў

Паводле суразмоўцы, беларуская мова ў надпісах сьведчыць пра пазыцыю аўтараў. У бальшыні выпадкаў — гэта маладыя людзі, і не абавязкова актывісты. У звычайным жыцьці шмат хто зь іх не беларускамоўны.

Апалітычныя графіці і надпісы з назвамі футбольных клюбаў на агароджах чыгунак зрэдку замалёўваюць. Графіцісты наракаюць, што ў гарадах няма легальных месцаў для такой творчасьці.

Апалітычныя графіці
Апалітычныя графіці

На чыгунцы, паводле іх, адносная вольніца. Агароджа для іх — нібы выставачная заля, а пасажыры цягнікоў — яе наведнікі:

«Людзі едуць зь іншых гарадоў, глядзяць у вокны і бачаць, што хто намаляваў. Няма месцаў для маляваньня, таму ўсе шукаюць такія, дзе міліцыя меней ганяе і штрафуе», — прызнаецца адзін з магілёўскіх графіцістаў.

Адзін з расейскамоўных надпісаў
Адзін з расейскамоўных надпісаў

У асяродзьдзі графіцістаў ідзе своеасаблівае спаборніцтва — хто захопіць больш прасторы для сваёй творчасьці. Таму, кажуць знаўцы графіці, такія малюнкі іншым разам далёкія ад дасканаласьці.

Ня толькі пасажыры цягнікоў ацэньваюць творчасьць графіцістаў ля чыгункі. Мінакі таксама. Адзін зь іх, малады яшчэ хлопец, прызнаўся, што і сам спрабаваў рабіць графіці, і менавіта на агароджы ля чыгункі. Кажа — перадаць словамі адчуваньні ад гэтага занятку яму цяжка, але ўсё ж паспрабаваў:

«Адчуваньні такія, што зробленае табой пабачаць многія, і намагаесься зрабіць прыгожа. Хоць таленту ў мяне да гэтага няма. Іншым разам выходзіць як сапраўднае мастацтва. Далучаесься нібы да сучаснага мастацтва».

«У гэтых графіці — моладзевая дзёрзкасьць і пратэст супраць шэрай будзённасьці», — зазначае спадар сярэдняга веку:

«Нехта крэатыў прыклаў, і плот стаў нечым мастацкім. Мне гэта падабаецца», — падсумоўвае суразмоўнік.

Некаторыя зь мінакоў, асабліва маладыя людзі, адразу вылучаюць беларускамоўе ў графіці. Маладзёны прызнаюцца, што беларускую мову бачыць пакуль у такім жанры нязвыкла.

«Так, нязвыкла, але да гэтага мы ўсё адно прыйдзем усе, — заўважае адзін зь іх. — Мову трэба папулярызаваць. Патроху, але трэба».

Ягоная сяброўка дадае: «Людзі, якія малююць графіці зь беларускай мовай, празь яе і сваю такую творчасьць рэалізуюць сябе як асобы», — кажа юная жыхарка Магілёва.

Выказвацца пра палітычныя надпісы мінакі катэгарычна адмаўляліся. Тлумачылі, што іх не разумеюць.

Катэгарычна супраць любых графіці людзі сталага веку. Ім яны не падабаюцца. Кажуць, што прызвычаіліся, калі ўва ўсім парадак і чысьціня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG