Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрты BRUTTO пад забаронай у Расеі і Беларусі


Ужо адмененыя заплянаваныя канцэрты гурту ў Самары і Менску. Музычны партал tuzin.fm паведамляе, што Сяргею Міхалку не дадуць выступаць у Беларусі прынамсі да прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году.

Ужо адмененыя заплянаваныя канцэрты гурту ў Самары і Менску. Музычны партал tuzin.fm паведамляе, што Сяргею Міхалку не дадуць выступаць у Беларусі прынамсі да прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году.

«Сытуацыя з адменамі і забаронамі канцэртаў праз „тэлефоннае права“ — не навіна ані для Беларусі, ані для Расеі, — адзначыў прадусар групы Антон Азізбекян. — Але апошнім часам мы бачым новыя формы зрыву канцэртаў музыкаў, якія не даспадобы. Праўладныя актывісты пішуць ад імя грамадзкасьці даносы і кляўзы, пагражаюць арганізатарам і канцэртным пляцоўкам, арганізоўваюць мітынгі і г. д. З падобным прэсінгам мы цяпер сутыкнуліся ў Самары. Каб не падстаўляць ані арганізатараў, ані пляцоўку, мы прынялі рашэньне адмяніць канцэрт у гэтым горадзе», — прыводзіць словы Азізбекяна прэс-рэліз гурту.

Раней стала вядома, што не адбудзецца анансаваны выступ BRUTTO на «Менск-Арэне» перад хакейным матчам «Дынама» — «Медвяшчак». Клюб «Дынама» выбачыўся, але не паведаміў прычыну адмены.

Музычны партал tuzin.fm са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што Сяргею Міхалку не дазволяць выступаць у Беларусі прынамсі да выбараў 2015 году. «Гэтага чалавека рэальна баяцца ў чыноўніцкіх колах. Нават ня столькі яго самога, колькі ягонага ўплыву на моладзь, таму не выкрэсьліваюць яго са сьпісу забароненых творцаў. І не выкрасьляць ні пры якіх умовах, прынамсі да прэзыдэнцкіх выбараў-2015», — піша рэсурс.

Сяргею Міхалку ўжо некалькі гадоў негалосна забаронена выступаць у Беларусі. Відаць, забарона распаўсюджваецца і на ягоны новы праект BRUTTO.

Былыя калегі Сяргея Міхалка па гурце «Ляпіс Трубяцкі», якія цяпер выступаюць пад назвай Trubetskoy, праблемаў з канцэртамі ў Беларусі і Расеі ня маюць.

Бліжэйшыя канцэрты BRUTTO маюць прайсьці 13 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу, 20 сьнежня ў Маскве і 27 сьнежня ў Кіеве. Афіцыйны сайт гурту — brut.to.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG