Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палітоляг Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных дачыненьняў і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту распавядае Радыё Свабода, што літоўцы можа і не заўжды згодныя з фармулёўкамі сваёй прэзыдэнткі, але падтрымліваюць яе па сутнасьці.

Візыт прэзыдэнткі Літвы Далі Грыбаўскайце ў Кіеў 24 лістапада толькі пацьвердзіў рашучасьць кіраўніцы краіны дапамагаць Украіне ў супрацьстаяньні з Расеяй. Пятро Парашэнка і Даля Грыбаўскайце дамовіліся і пра лекаваньне ўкраінскіх вайскоўцаў у Літве, і пра экспэртную дапамогу, у тым ліку вайсковую, і нават пра пастаўку частак узбраеньняў зь Літвы ва Ўкраіну.

Адназначныя заявы і ўчынкі Далі Грыбаўскайце, якая назвала Расею грубай і агрэсіўнай «краінай, якая здольная пераступіць празь любы міжнародны закон», рэзка кантрастуюць з памяркоўнымі паводзінамі большасьці кіраўнікоў дзяржаваў Эўразьвязу.

МЗС РФ ужо называў словы Грыбаўскайце правакатыўнымі і экстрэмісцкімі і нават параіў «прыцішыць свой камсамольскі пыл».

А на расейска-літоўскай мяжы расейскія мытнікі даглядаюць кожны аўтамабіль зь літоўскімі нумарамі, што ўжо стварыла шматгадзінныя чэргі.

— У інтэрвію, якія Даля Грыбаўскайце дала ўкраінскаму тэлеканалу «1+1» і The Washington Post напярэдадні візыту ва Ўкраіну, прагучалі вельмі сьмелыя і ў пэўным сэнсе недыпляматычныя заявы ў бок Расеі. Прэзыдэнтка адкрыта заяўляе, што «Расея тэрарызуе сваіх суседзяў і выкарыстоўвае сапраўдныя тэрарыстычныя мэтады». Чым выкліканая такая рашучасьць з боку кіраўніцы краіны?

Віціс Юрконіс

Віціс Юрконіс

— Яна выкліканая дзеяньнямі расейскай дзяржавы, а дакладней Крамлю ва Ўкраіне. Яны цынічна глядзяць на міжнародныя арганізацыі, робяць крывадушныя заявы, парушаюць міжнароднае права і двухбаковыя пагадненьні. Падманваюць як сваіх расейскіх грамадзянаў, так і ўвесь сьвет наконт таго, што нібыта ва Ўкраіне няма расейскіх салдатаў. Увесь гэты пакет і ёсьць падставай для такіх даволі жорсткіх выказваньняў літоўскай прэзыдэнткі.

— Шмат для каго выглядае, што Даля Грыбаўскайце — хіба што адзіны кіраўнік краіны, які рабіў такія рашучыя заявы. Чаму менавіта Літва заняла такую жорсткую пазыцыю? У вас самая крутая прэзыдэнтка?

— З аднаго боку, трэба прызнаць, што Грыбаўскайце, як бы мы ні ацэньвалі яе чалавечыя і прэзыдэнцкія якасьці, чалавек рашучы. Іншым разам, калі трэба сказаць наўпрост, яна наўпрост і кажа.

Вядома, у Літве былі камэнтары наконт таго, што напэўна ня варта было ўжываць слова «тэрарыстычны». Але трэба глядзець на сутнасьць выказваньня. А сутнасьць у тым, што адна з ключавых краінаў у сьвеце парушае міжнароднае права. І гэта ўжо ня кажучы пра стан з правамі чалавека ў самой Расеі.

— Якіх наступстваў чакае Літва ад выказваньняў Далі Грыбаўскайце? Як будзе рэагаваць Крэмль?

— Выказваньні ўжо былі як на адрас самой Грыбаўскайце, так і на адрас Літвы. Але яны былі і да таго, і тут нічога не зьмянілася. Літва была і застаецца супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Гэта не падабаецца Крамлю. Яны даволі часта выказваліся і пра ролю Літвы ў Радзе Бясьпекі ААН.

Думаю, мы будзем бачыць больш агрэсіўную рыторыку на адрас Грыбаўскайце і, канечне, нейкія дыпляматычныя і эканамічныя манэўры, каб паказаць, што «так рабіць ня варта». Але нам усё зразумела. Калі Літва і ўвесь сьвет ня будуць казаць праўду пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне, няясна, хто будзе наступны? Ці гэта будзе Малдова, Эстонія, Літва, Польшча? Ніхто ня ведае.

— Ці надае Грыбаўскайце сьмеласьці тое, што ў яе наперадзе фактычна ўвесь прэзыдэнцкі тэрмін? Ці адчувае яна падтрымку сваім выказваньням унутры краіны, ці падзяляюць яе меркаваньні большасьць літоўцаў?

— Была дыскусія наконт фармулёўкі некаторых выказваньняў, але наконт іх сутнасьці ніхто не спрачаецца. У Літве ўсім відавочна, што агрэсар ва Ўкраіне — Расея і Крэмль. Гэта ня значыць, што ў нас ёсьць антырасейскія настроі. Ні ў якім разе. Тут шмат уцекачоў з Расеі, якія бягуць ад яе агрэсіўнай палітыкі ня толькі ў дачыненьні да ўкраінцаў, але і ў дачыненьні да іншадумцаў-расейцаў. Такія ўцекачы ёсьць па ўсёй Эўропе, бо сытуацыя ў самой Расеі відавочна распаляецца.

Бізнэс як хацеў супрацоўнічаць, так і супрацоўнічае. Літоўскі сэктар турызму па-ранейшаму разглядае расейцаў як патэнцыйных турыстаў. Ёсьць чыста чалавечыя, ёсьць акадэмічныя дачыненьні. У Літве захапляюцца некаторымі прадстаўнікамі расейскай культуры. Усё як было, так і засталося.

Адзінае, што памянялася — гэта радыкалізацыя палітыкі Крамля. І гэта мае наступствы ня толькі для самой Расеі, і ня толькі для ўсяго рэгіёну, але і для ўсяго сьвету.

Калі гэткія дзеяньні дазволеныя аднаму з асноўных гульцоў, то гэта парушае ўсю міжнародную сыстэму. Сувэрэнітэт перастае нешта значыць, межы — таксама. Гэта, вядома, можа абярнуцца кепскімі наступствамі.

— Наколькі апраўданыя заявы Грыбаўскайце пра тое, што ў выпадку хаця б нейкіх дзеяньняў каля межаў Літвы адпаведны адказ наступіць на працягу 24 гадзінаў? Сапраўды Літва адчувае сябе настолькі ўпэўненай у супрацьстаяньні з Расеяй?

— Мы зьяўляемся сябрамі НАТО. Мы гэтую падтрымку адчуваем нават на фоне таго, што адбываецца ва Ўкраіне. У нас адбываецца і місія паветраных сілаў і супольныя вучэньні натаўскіх і літоўскіх вайскоўцаў.

Літва ўпэўненая: калі будуць нейкія правакацыі ў яе бок, адказ наступіць ня толькі ад Літвы, але і ад яе хаўрусьнікаў па НАТО.

— Беларусь традыцыйна разглядаецца як хаўрусьнік Расеі, і Аляксандр Лукашэнка заўжды гэта падкрэсьлівае. Нягледзячы на тое, што па ўкраінскім пытаньні беларускія ўлады займаюць замірэнчую пазыцыю, у межах вось такой адназначнай рыторыкі Грыбаўскайце беларускаму кіраўніцтву трэба будзе неяк вызначацца. Якім, на вашую думку, будзе далейшае стаўленьне Літвы да Беларусі?

— Нашая пазыцыя досыць пасьлядоўная. У Брусэлі мы заўжды былі прыхільнікамі прынцыповай пазыцыі: вызваліць усіх палітзьняволеных і рэабілітаваць іх, разглядаць пытаньне правоў чалавека і дэмакратычнага кіраваньня на адным узроўні з пытаньнямі эканомікі.

Усім зразумела, што ў студзені Беларусь мусіць зрабіць справаздачу для ААН па правах чалавека. Усе разумеюць, што ў 2015 годзе ў Беларусі чарговы спэктакль пра выбары. Гэта трэба максымальна выкарыстаць для таго, каб дапамагчы грамадзянскай супольнасьці Беларусі выйсьці з падпольля. Трэба максымальна падтрымліваць праваабаронцаў, каб яны маглі дапамагаць беларускім грамадзянам.

Мы мусім быць прынцыповымі. Цяпер у Беларусі 7 палітзьняволеных, але мы ведаем, што ў 2014 годзе было шмат прэвэнтыўных затрыманьняў.

Магчыма, гэтая нашая пазыцыя не заўжды агучваецца першай, але яна практычна не мяняецца ад трагічных падзеяў 19 сьнежня 2010 году. Рыторыка можа быць яшчэ больш адназначнай, але сама палітыка мяняцца ня будзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG