Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі затрымалі гомельскую журналістку


Ларыса Шчыракова, архіўнае фота

Ларыса Шчыракова, архіўнае фота

У другой палове дня 24 лістапада расейскія памежнікі затрымалі беларускую незалежную журналістку Ларысу Шчыракову і яе кіроўцу Кастуся Жукоўскага, якія працуюць у Гомелі.

Журналістка здымала відэарэпартаж на беларуска-расейскай мяжы ў Добрускім раёне, а затым на тэрыторыі Расеі пра абмежаваньне Расеяй транзыту экспарту зь Беларусі.

Як паведаміў БелаПАН Жукоўскі, іх спынілі расейскія памежнікі, забралі пашпарты і пачалі апытаньне, зь якой мэтай вядуцца здымкі.

Ларыса Шчыракова апавяла карэспандэнту Свабоды, што расейцы пратрымалі іх каля дзьвюх гадзінаў:

«У сувязі з правядзеньнем праверкі грузаў, якія ідуць зь Беларусі, рэдакцыя папрасіла нас зьняць некалькі кадраў. Мы прыехалі, паздымалі. Гэта нават не мяжа, бо ў нас жа мяжы няма. Гэта нейкі пункт кантролю. Зьняць каля пункту нам не дазволілі, таксама мытнікі адмовіліся ад камэнтароў.

Мы паехалі далей за гэты пункт і зьнялі там некалькі фураў. Гэта ўсяго 10 сэкунд. Калі мы вярталіся, нас затрымалі. Яны прымусілі выдаліць частку здымкаў, дзе нібыта ў кадар трапіў супрацоўнік ФСБ. Потым пачалі правяраць, хто я такая.

Давялося распавядаць усю творчую біяграфію. Прыехаў нейкі чалавек у цывільным, я мяркую, з ФСБ, зноў пачаў пра мяне распытвацца. Потым нас адпусьцілі, сказалі, каб я ня крыўдзілася, верыла ў Бога і ў славянскае адзінства. На гэтым мы разьвіталіся. Яны сказалі, каб мы больш ніякія пераходы не здымалі», — расказала Ларыса Шчыракова.

XS
SM
MD
LG