Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: шлях Украіны ў НАТО — праз рэфэрэндум


Даля Грыбаўскайце і Пятро Парашэнка на сустрэчы ў Кіеве. 24 лістапада.
Даля Грыбаўскайце і Пятро Парашэнка на сустрэчы ў Кіеве. 24 лістапада.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што рашэньне аб магчымым уступленьні краіны ў НАТО будзе прынятае на ўсеўкраінскім рэфэрэндуме.

Пра гэта Пятро Парашэнка заявіў на сумеснай з прэзыдэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве па выніках двухбаковых перамоваў:

«Рашэньне аб уступленьні або неўступленьні ў НАТО — гэта выключная кампэтэнцыя ўкраінскага народа», — падкрэсьліў Парашэнка.

Паводле яго слоў, калі Ўкраіна будзе адказваць патрабаваньням НАТО, украінскі народ на рэфэрэндуме зможа вырашыць, ўступаць альбо не ступаць ў НАТО.

Уступленьне краіны ў НАТО не патрабуе згоды яе насельніцтва. З 28 краін-членаў НАТО толькі дзьве — Вугоршчына і Славенія — праводзілі непасрэдна напярэдадні ўступленьня рэфэрэндум аб гэтым.

У канцы мінулага тыдня пяць партый, якія прайшлі ў новаабраную Вярхоўную Раду, падпісалі кааліцыйную дамову, у якую ўнесьлі пункт аб «адмены пазаблёкавага статусу Ўкраіны, аднаўленьне палітычнага курсу на інтэграцыю ў эўраатлянтычную прасторы і набыцьці сяброўства ў Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы».

Украіна афіцыйна адмовілася ад папярэдняга курсу на ўступленьне ў НАТО ў 2010 годзе, адразу пасьля прыходу да ўлады тагачаснага прэзыдэнта Віктара Януковіча. У 2004 годзе Януковіч, у той час прэм’ер-міністар Украіны, распрацаваў плян ўступленьня Ўкраіны ў НАТО да 2008 года.

Тады, пры прэзыдэнце Леанідзе Кучме, пад кіраўніцтвам Віктара Януковіча была распрацаваная Стратэгія эканамічнага і сацыяльнага развіцьця Ўкраіны «Шляхам эўрапейскай інтэграцыі» на 2004-2015 гады, якая прадугледжвала, што «Ўкраіна, ажыцьцяўляючы абвешчаны зьнешнепалітычны курс на эўраатлянтычную інтэграцыю, ставіць перад сабой мэту — трапіць у бліжэйшую хвалю пашырэньня НАТО». План Януковіча не прадугледжваў ніякіх рэфэрэндумаў.

У НАТО пацьвярджаюць, што пазыцыя саюзу застаецца нязьменнай: Украіна мае права на ўступленьне, калі Кіеў выкажа жаданьне далучыцца да НАТО і выканае неабходныя ўмовы. У той жа час Расея патрабуе «гарантый неўступленьня Ўкраіны ў НАТО».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG