Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчаты, у якіх на канцэрце «Акіяна Эльзы» забралі сьцяг, падаюць заяву ў міліцыю


Актывісткі аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» падалі скаргу ў пракуратуру на паводзіны міліцыянтаў, якія падчас канцэрту «Акіяна Эльзы» забаранілі ім праносіць украінскія сьцягі і стужкі на «Менск-Арэну».

Зварот за подпісамі актывістак Марыны Хоміч, Вольгі Кавальковай, Вікторыі Радыеўскай і Ксеніі Лапской накіроўваецца таксама ў Цэнтральны РУУС, ГУ ШКСК «Менск-Арэна» і амбасаду Ўкраіны ў Менску.

«Тыя дзеяньні, якія падчас нашага агляду да нас былі ўжытыя (то бок забарона на пранос сьцягаў на канцэрт) — гэта беззаконьне. Гэтыя людзі нічога не патлумачылі, не прадставілі дакумэнт, на падставе якога забаронена праносіць сьцягі. З такімі дзеяньнямі міліцыі, уладаў трэба змагацца, інакш яны будуць толькі павялічвацца. Трэба пісаць скаргі, калі мы лічым дзеяньні ўладаў незаконнымі», — заявіла Радыё Свабода Вольга Кавалькова.

Актывістка лічыць, што забарона ўкраінскіх сьцягаў — гэта быў загад зьверху, а не ініцыятыва шараговых міліцыянтаў.

«Калі кажуць, што нельга праносіць сьцягі, таму што гэта не палітыка, то гэта вельмі сьмешна, улічваючы тое, што ў Менску адбываўся канцэрт украінскай групы, і забараніць пранос афіцыйнага сьцяга Ўкраіны — я ня ведаю, што гэта. Ці гэта страх, ці яшчэ нешта. Зразумела, што гэта ня іх асабістае меркаваньне не дазволіць сьцягі — быў загад вышэйшага кіраўніцтва. Таму, калі мы пачалі патрабаваць прапусьціць нас са сьцягамі, яны пачалі тэлефанаваць у Цэнтральны РУУС сваім кіраўнікам, і ўсё роўна нас са сьцягамі не прапусьцілі. Таму гэта дзеяньні ня толькі менавіта гэтых супрацоўнікаў, але ў прынцыпе загад зьверху. Мне падаюцца гэтыя дзеяньні зусім неадэкватнымі», — кажа Кавалькова.

У сваім звароце актывісткі патрабуюць растлумачыць, на падставе чаго быў забаронены пранос афіцыйнага сьцягу Ўкраіны, і правесьці праверку па факце незаконных дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі.

XS
SM
MD
LG