Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадкаемніца роду Скірмунтаў усталявала помнік у пінскай вёсцы


Крыж на магіле паўстанцаў Каліноўскага ў вёсцы Бакінічы Пінскага раёну

Крыж на магіле паўстанцаў Каліноўскага ў вёсцы Бакінічы Пінскага раёну

Прадстаўніца вядомага шляхецкага роду Тэрэза Скірмунт фундавала ўсталяваньне помніка дзецям — ахвярам вайны ў вёсцы Бакінічы Пінскага раёну.

Цяпер Тэрэза Скірмунт жыве ў Варшаве. Калісьці яе продкі валодалі маёнткам у Бакінічах.

Помнік дзецям — ахвярам вайны ды рэпрэсіяў быў асьвячаны каталіцкім сьвятаром. На гранітнай пліце — выява дзіцяці і надпіс супраць вайны і голаду.

Як распавёў пінскі краязнаўца Эдвард Злобін, Тэрэза Скірмунт вырашыла ўсталяваць такі помнік у памяць пра ўсіх дзяцей, ахвяраў войнаў ды рэпрэсіяў, а таксама сваіх брата Генрыха ды сястры Гражыны, якія загінулі ў сыбірскай ссылцы:

«Тэрэза — дачка апошняга ўладальніка маёнтку ў Бакінічах. Яна пачатку 30-х гадоў нараджэньня. У 90-я гады яна штогод прыяжджала сюды. Калісьці ў Бакінічах яна нават сустрэла была сваю няню... Тэрэза аказвала вялікую дапамогу як пінскай парафіі, так і навакольным: прывозіла гуманітарную дапамогу, лекі і гэтак далей. Нават цэлымі фурамі», — распавёў Эдвард Злобін.

Краязнаўца кажа, што Тэрэза мела ідэю ўсталяваць гэты помнік і ў сувязі з тым, што Бакінічы былі спаленыя ў Другую ўсясьветную вайну — у 1944 годзе.

«Але найперш помнік усталяваны ў памяць пра дзяцей — ахвяраў вайны. І нават ня толькі вайны, колькі ўсіх гэтых падзеяў 1939–1945 гадоў... Хто ў дэпартацыі ды ссылцы памёр, хто загінуў ад рук немцаў або партызан... То бок помнік бязьвінным дзецям, якія загінулі незалежна зь якіх прычын», — кажа Эдвард Злобін.

Зусім незаўважна і без агалоскі зьявіўся каля Бакінічаў і другі помнік. Вялікі крыж каля магілы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ўсталявалі невядомыя.

Як распавёў Радыё Свабода Эдвард Злобін, драўляны крыж тут стаяў яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя.

«Падобны крыж усталяваны ня толькі ў нас на Піншчыне, але і ў вёсцы Варані Столінскага раёну, таксама на магіле паўстанцаў», — дадаў краязнаўца.

XS
SM
MD
LG