Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытайце на відэа!


Дзяніс Бурко
Дзяніс Бурко

Мы, плятформа «Litara-A», распачалі флэш-моб у падтрымку сусьветнай літаратуры. Цяпер у цэлым сьвеце чытаць кнігі — клясыку ці нават мадэрновую літаратуру — стала непапулярна.

Дзяніс Бурко

Славуты Оскар Уайлд у свой час сказаў: «Калісьці кнігі пісалі пісьменьнікі, а чыталі іх чытачы, цяпер жа — пішуць чытачы, і ніхто іх не чытае». Уайлда хвалявала гэта больш за сто гадоў таму. Сытуацыя за гэты час зьмянілася — і ня ў лепшы бок для мастацкага слова. Тэндэнцыя нечытаньня прасочваецца ва ўсім сьвеце — дзесьці больш маштабна, дзесьці менш, але сам факт застаецца такім. Кнігі чытае, у асноўным, інтэлігенцыя, а хочацца, каб гэтая зьява стала ўсеабдымнай.

Мэта нашай акцыі, нашага флэш-мобу — прыцягнуць увагу да прыгожага слова, паказаць, што літаратура — гэта ня толькі творы школьнай праграмы, якія трэба было прачытаць, каб атрымаць адзнаку (нават з пэрспэктывы пройдзеных гадоў слова «літаратура» ў многіх людзей асацыюецца зь імем і вобразам школьнай настаўніцы).

Мы хочам падкрэсьліць, што літаратура — і стылёвая, і надзённая. Кожны чалавек, не зважаючы на сацыяльнае становішча, рэлігійныя альбо палітычныя ўпадабаньні, можа знайсьці свой твор, свайго аўтара, свой напрамак у літаратуры. Зрабіць літаратуру трэндам і пэўным моладзевым мэйнстрымам. Праз слова прамоўленае дастукацца да глыбіні.

Ідэя нашай плятформы заключаецца ў «паэзіі чыстай красы». Мы верым у тое, што паэзія і проза могуць супыняць бомбы і яднаць людзей. Слова — гэта самая моцная зброя, якой валодае чалавецтва; мы накіроўваем гэтую зброю на еднасьць і дыялёг.

Наш флэш-моб распачаўся ў многіх краінах адначасова. Людзі там чытаюць вершы на сваіх мовах. Тым самым мы нагадваем, што наша мова такая ж прыгожая і вартая, як мова італьянская, польская або расейская. Мы спадзяемся, што флэш-моб закране ўсе пласты грамадзтва, і атрымае вялікі рэзананс і падтрымку сярод людзей. Тое, што накіравана на еднасьць, мае права на існаваньне. Адна з мэтаў гэтай акцыі паказаць людзям, што мова для нас ня сродак барацьбы, а сродак камунікацыі. Шмат неабыякавых людзей па ўсім сьвеце, не зважаючы на свае перакананьні, далучыліся да флэш-мобу. Нам дасылаюць вершы зь Беларусі, Расеі, Польшчы, Украіны, Італіі, Гішпаніі, Францыі, Нямеччыны. З кожным прачытаньнем і выклікам акцыя па захопу сэрцаў пашыраецца і набывае татальны характар.

Мы зрабілі выклік кожнаму чалавеку, кожнай арганізацыі без выключэньня, не зьвяртаючы ўвагі на іх прынцыпы і перакананьні, каб тыя прачыталі ўлюбёны твор (верш або ўрывак з прозы ці эсэ) на відэа і выклалі яго на сваіх парталах, старонках у сацыяльных сетках (хэштэг #litaraa). Такім чынам мы лепім сьнежку, запускаем яе зь вялікай гары і спадзяемся на тое, што яна не разаб’ецца аб каменьне абыякавасьці на самым пачатку свайго шляху. Сьнежка перарасьце ў ком, набіраючы моц, ператворыцца ў лявіну дабрыні і паразуменьня, аслабіць на сваім шляху варожасьць і злосьць адно да аднаго. А пасьля такой натуральнай зьявы сьвет ужо ня будзе такім, як раней: ён зьменіцца да лепшага.

Карыстаючыся магчымасьцю флэш-мобу, людзі змогуць прызнавацца ў каханьні адно аднаму, прасіць прабачэньня ці проста знаёміцца. І ўсё гэта ў крэатыўнай форме сродкамі літаратуры. Хочацца ў гэтым кантэксьце ўзгадаць радкі добрага мастака слова Міколы Кандратава:

Пэўна, каб лёсы палепшылі,

Што пачуваюцца хворымі,

Людзі ратуюцца вершамі,

Як ратаваліся зоркамі.

Мы кінулі выклік на прачытаньне ўлюбёнага твору ўсім неабыякавым людзям. Далей справа выглядае наступным чынам: чалавек або арганізацыя, якія бяруць ўдзел у гэтай акцыі, мусяць сказаць на камэру тое, што яны прымаюць выклік ад плятформы Litara-A, прачытаць верш або ўрывак з прозы і ў канцы назваць тройку наступных «ахвяраў». Калі ў вас ёсьць магчымасьць зьняць відэа і разьмясьціць яго на Youtube, зрабіце гэта і прапануйце навіну ў vk.com/litara_a альбо ў www.facebook.com/litarabel. Калі вы хочаце, каб вашае відэа зьявілася на старонках плятформы Litara-A, то пры публікацыі на сваёй старонцы ў сеціве карыстайцеся хэштэгам #litaraa.

Спадзяёмся, што гэтая справа стане добрым штуршком да культурнага абуджэньня.

Дзяніс Бурко пачынае флэш-моб «Плятформы-А».

Іншыя відэа літаратурнага флэш-мобу «Плятформа-А»:

https://www.youtube.com/watch?v=tIO2y82vxW8 https://www.youtube.com/watch?v=40z4DQowil4 https://www.youtube.com/watch?v=IQ5vloJLPs8 https://www.youtube.com/watch?v=GX-3Bp34w4A https://www.youtube.com/watch?v=JPDc3G1Hmtc https://www.youtube.com/watch?v=JbvO_9d2kUY https://www.youtube.com/watch?v=ZA3SA_9D1UE https://www.youtube.com/watch?v=8Mlo7uS8uVk https://www.youtube.com/watch?v=LDdkPqDvt7Y https://www.youtube.com/watch?v=BOuVk3AIGB4 https://www.youtube.com/watch?v=ef2BhRmJVns

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG