Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўлу Вінаградаву пагражае ЛТП


Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў

Каб пазьбегнуць прымусовай адпраўкі ў працоўны лягер, Вінаградаў пераяжджае ў Беразіно да бацькі.

«Кожны раз, як адзначаюся ў міліцыі, дыхаю ў трубачку», — кажа Павал Вінаградаў.

Зьехаць у райцэнтар Беразіно да бацькі актывіст ініцыятывы «Зьмена» плянуе цягам двух тыдняў. «Інакш стопрацэнтна пасадзяць у ЛТП як алькаголіка», — тлумачыць сваё рашэньне аб пераезьдзе зь Менску рэкардсмэн па адміністрацыйных арыштах. Павал Вінаградаў распавёў, якія захады міліцыя робіць адносна яго, каб адправіць на прымусовае лячэньне ад алькагалізму.

Добра яшчэ, што тэстэры не падрабляюць. Але мне і бяз гэтага гарантавана ЛТП, калі ня зьеду ў Беразіно.

«Вось у мінулую пятніцу, як адзначаўся, дык зноў прымусілі прайсьці тэст на ўжываньне алькаголю. Зьдзіўляюся, няўжо яны ўсур’ёз мяркуюць, што я напярэдадні праверкі буду выпіваць сьпіртное?! Як гэта адбываецца? Прыносяць на выбар 100 трубак алькатэстэра, выбіраеш і дыхаеш. Паказала 0,0 — значыць, усё добра. А калі б было 0,1, дык ужо б склалі пратакол. Добра яшчэ, што тэстэры не падрабляюць. Але мне і бяз гэтага гарантавана ЛТП, калі ня зьеду ў Беразіно. Я цяпер абскарджваю 3 адміністрацыйныя пакараньні, якія на мяне раней наклалі нібыта за ўжываньне сьпіртных напояў або зьяўленьне нападпітку ў грамадзкім месцы. Адна скарга будзе разгледжаная 27 лістапада, а дзьве іншыя — цягам месяца. Але насамрэч спадзяваньняў на тое, што суд адменіць тыя пакараньні, — ніякіх. Самі міліцыянты наўпрост сказалі: абскарджвай, а як пройдзеш усе суды, мы цябе забяром у ЛТП. Таму мне лепш самому часова зьехаць».

Павал Вінаградаў валодае спэцыяльнасьцямі цырульніка і сьлесара-зваршчыка. Паводле яго, знайсьці працу па гэтых спэцыяльнасьцях у Беразіне можна, але «гэта ідыятызм». Чаму?

Вось калі яшчэ жыць у Беразіне і працаваць у Менску, гэта было б прымальна, але гэтак не дазволяць.

«Бо ў Беразіне за такую працу будуць плаціць максымум 300 даляраў у пераліку на рублі. І гэта яшчэ калі мне пашанцуе, улічваючы маю біяграфію. У Менску ж за тую самую працу можна атрымаць удвая больш. Вось калі яшчэ жыць у Беразіне і працаваць у Менску, гэта было б прымальна, але гэтак не дазволяць. Таму, што прыдумаць з працай, пакуль ня ведаю, але нешта прыдумаю. Ніколі не бывала гэтак, каб не прыдумаў. Але цягам двух тыдняў мне прыйдзецца адсюль зьехаць».

Паводле Паўла Вінаградава, жонка Сьвятлана на час ягонага ад’езду застанецца ў Менску, каб не губляць працу. «Давядзецца сустракацца па выходных», — кажа Павал Вінаградаў.

У 2011 годзе грамадзкі актывіст Павал Вінаградаў быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў масавых беспарадках у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Адбываў пакараньне ў калёніі ў Івацэвічах, дзе і расьпісаўся са Сьвятланай. Празь некалькі месяцаў Вінаградава вызвалілі з калёніі праз памілаваньне Аляксандрам Лукашэнкам, але неўзабаве паставілі пад прэвэнтыўны нагляд. За больш як 2 гады нагляду Паўла Вінаградава каля 20 разоў арыштоўвалі на суткі і саджалі ў ізалятар на Акрэсьціна, звычайна перад значнымі палітычнымі падзеямі. Пасьля аднаго з апошніх арыштаў міліцыянты заявілі жонцы Паўла Вінаградава Сьвятлане, што ён «можа зьнікнуць, як зьнік Зьміцер Завадзкі». Самому Паўлу Вінаградаву ў Маскоўскім РАУС адкрыта сказалі, што яму лепш зьехаць зь Менску, інакш «ягоныя арышты ня скончацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG