Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраілі прапануюць пакінуць адну дзяржаўную мову — іўрыт


Дагэтуль іх было дзьве — іўрыт і арабская. Сёньня ўрад Ізраілю зацьвердзіў варыянт законапраекту пра нацыянальную дзяржаву.

Паводле словаў прэм’ер-міністра Бэньяміна Нетаніягу, гэты закон неабходны менавіта цяпер, калі многія спрабуюць паставіць пад сумнеў або падарваць габрэйскі характар Ізраілю. Усе грамадзяне павінны мець роўныя грамадзянскія правы, але нацыянальнае права на гэтую дзяржаву павінна быць толькі ў габрэйскага народу.

Сёньня пасьля гарачага абмеркаваньня і спрэчак адзіны ўрадавы варыянт законапраекту быў ухвалены большасьцю ў 15 галасоў супраць 7.

Цяпер гэты закон будзе адпраўлены ў парлямэнт (кнэсэт) на галасаваньне ў першым чытаньні, пасьля чаго пойдзе на дапрацоўку ў камісіі, а затым будзе вынесены на канчатковае галасаваньне ў другім і трэцім чытаньнях.

Міністры, якія належаць да левацэнтрысцкіх партый, скрытыкавалі закон. Паводле іх ён, па-першае, супярэчыць дэмакратычным нормам, а па-другое, абслугоўвае выключна палітычныя інтарэсы прэм’ера і яго аднапартыйцаў з правацэнтрысцкай партыі «Лікуд» напярэдадні ўнутрыпартыйных выбараў.

У законапраекце сьцьвярджаецца, што Дзяржава Ізраіль зьяўляецца нацыянальным домам габрэйскага народу, у якім ён рэалізуе сваё права на самавызначэньне ў адпаведнасьці з культурнай спадчынай і гісторыяй, і гэта права зьяўляецца «асаблівым».

Акрамя гэтага, закон замацоўвае дзяржаўныя сымбалі — сьцяг, гімн і сямісьвечную Мэнору, а таксама зьмяшчае пункт, які выклікаў нямала крытыкі — адзінай афіцыйнай дзяржаўнай мовай прызнаецца іўрыт. Што тычыцца арабскай мовы, якая зьяўляецца цяпер другой дзяржаўнай, то ёй будзе нададзены «асаблівы статус».

Акрамя вызначэньня нацыянальнага і дэмакратычнага характару дзяржавы, гэты законапраект закранае шматлікія важныя аспэкты жыцьця ў Ізраілі, якія да гэтага часу ня мелі статусу канстытуцыйнага закону — напрыклад, Закон аб вяртаньні — а таксама ўключае неабходнасьць дапамогі габрэям у любой частцы сьвету, калі яны апынаюцца ў небясьпецы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG