Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Нямеччыны супраць сяброўства Ўкраіны ў НАТО і Эўразьвязе


Міністар замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер

Міністар замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер

Міністар замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў у апублікаваным у нядзелю інтэрвію, што ён, як ужо казаў некалькі месяцаў таму, «бачыць партнэрскія адносіны паміж Украінай і НАТА, але ніякага сяброўства».

Таксама ў інтэрвію нямецкаму выданьню Spiegel Online Штайнмаер заявіў, што зараз яшчэ занадта рана «спэкуляваць аб сяброўстве Ўкраіны ў ЭЗ у будучыні», таму што, паводле міністра, эканамічная і палітычная мадэрнізацыя Ўкраіны — гэта «праект некалькіх пакаленьняў».

Акрамя таго, кіраўнік нямецкай дыпляматыі перасьцярог ад «непатрэбнай вастрыні» у дыялёгу з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным і заявіў, што «рытарычная эскаляцыя» ў адносінах да расейскага кіраўніка была ў апошні час «небясьпечна разьдзьмутая».

У гэтым жа інтэрвію міністар дадаў, што ня мае ніякіх рознагалосьсяў з канцлерам Германіі Ангелай Мэркель.

У суботу выданьне Spiegel апублікавала заяву аднаго зь вядучых саюзнікаў канцлера, які рэзка раскрытыкаваў Франка-Вальтэра Штайнмаера і іншых палітыкаў зь яго Сацыял-дэмакратычнай партыі за занадта дружалюбнае стаўленьне да Расеі падчас крызісу вакол Украіны.

«Калі спадар Штайнмаер вядзе ўласную дыпляматыю побач з канцлерам, гэта можа быць вельмі небясьпечна», — заявіў Хорст Зеехофэр, старшыня Хрысьціянска-сацыяльнага саюзу — баварскай рэгіянальнай партыі, роднаснай Хрысьціянска-дэмакратычнаму саюзу Ангелы Мэркель.

Пуцін, Мэркель і Парашэнка

Пуцін, Мэркель і Парашэнка

Заява прагучала пасьля таго, як у папярэднія дні былы старшыня нямецкіх сацыял-дэмакратаў Маціяс Платцэк заклікаў Захад прызнаць анэксію Расеяй ўкраінскага Крыму, каб «выратаваць твар» Уладзіміра Пуціна.

Мэркель ёсьць цяпер на Захадзе адным з самых рэзкіх крытыкаў палітыкі Пуціна.

У НАТА кожны раз пацьвярджаюць, што пазыцыя саюзу застаецца нязьменнай: Украіна мае права на ўступ, калі Кіеў выкажа жаданьне ўступаць і выканае неабходныя ўмовы, і «дзьверы заўсёды застаюцца адкрытымі».

У пятніцу пяць партый, якія ўвайшлі ў новаабраную Вярхоўную Раду, падпісалі кааліцыйную дамову, у якую ўнесьлі адмену цяпер дзейнага пазаблёкавага статусу Ўкраіны і аднаўленьне яе курсу на ўступ у НАТА

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG