Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто вінаваты, што беларусы плацяць за візы даражэй, чым расейцы? Апытаньне ў Берасьці


Што павінна адбыцца, каб беларусы маглі езьдзіць у Эўразьвяз бязь візаў? Хто вінаваты, што беларусы вымушаныя плаціць за шэнгенскія візы значна даражэй, чым расейцы і ўкраінцы? На такое пытаньне карэспандэнта Свабоды адказвалі жыхары Берасьця.

Спадар сярэдняга веку: Даўно ж ужо палякі гаварылі, што яны згодныя зрабіць нам бязьвізавы рэжым. Але ўсё ўпіраецца ў нашу ўладу. Прайшло 20 гадоў, і у нас няма збліжэньня такога з Захадам... У нас яшчэ ня хутка гэта будзе. Я нават думаю, што пакуль Лукашэнка, то ніякага бязьвізавага рэжыму ня будзе.

Жанчына сярэдняга веку: Наша ўлада — гэта таталітарная ўлада, недэмакратычная, якая ня хоча сябраваць з Эўразьвязам. Наадварот, варожа ставіцца і ўсе гэтыя 20 гадоў рабіла толькі тое, каб стасункі пагаршаліся. Таму і да простага народу такое стаўленьне...

Дзяўчына: Наколькі я ведаю, расейцы за візы плацяць нашмат меней — у два разы таньней. Ну я ня ведаю, чаму так. Напэўна, Лукашэнка проста раней не дамовіўся з Эўразьвязам. Тады проста былі вельмі дрэнныя адносіны, і відаць, не глядзелі, каб візы зрабіць таньней. Ну зараз, здаецца, кажуць, што будуць абмяркоўваць гэтае пытаньне. Паглядзім... Ну, канешне, хацелася б, каб візы былі не 60 эўраў, а хаця б 30...

Спадарыня сярэдняга веку: Ня ведаю, Беларусь — маленькая краіна, можа, прэзыдэнт наш не сябруе з Эўропай, што для нас хочуць зрабіць візы даражэй, чым ва Ўкраіне, ці дзе... Трэба, каб прэзыдэнты ўсіх дзяржаў жылі дружна. І каб віз увогуле не было паміж рознымі дзяржавамі. Каб езьдзілі ўсё вольна і ва Ўкраіну, і ў Польшчу, хто куды хоча, каму куды трэба.

Малады хлопец: Кошт візаў — гэта, з аднаго боку — дрэнныя адносіны нашай улады з эўрапейскімі. Але, адначова, нейкая крыху дзіўная пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу да Беларусі. Можна было б нават не ў два разы зьменшыць кошт, а ў прынцыпе, зрабіць неяк бясплатнымі. І гэта шмат, магчыма, зьмяніла б больш, чым фінансаваньне нейкіх грамадзкіх ці палітычных структур. Проста дазволіць людзям бачыць Эўропу і бываць там.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG