Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад паменшыў прагноз росту ВУП з-за «ускладненьня зьнешніх выклікаў»


Прагноз дапрацаваны з улікам таго, што кошт за барэль нафты можа скласьці $ 83, а не $ 100, як меркавалася раней. Таксама ўдакладнены сярэднегадавы абменны курс расейскага рубля — з 39 да 43 за даляр.

Ва ўрадзе гэта называюць «ўскладненьнем зьнешніх выклікаў».

Урад Беларусі таксама паменшыў прагноз росту ВУП у 2015 годзе. Тэмп росту ВУП Беларусі закладзены на ўзроўні 100,2-100,7% ( раней урад чакаў рост ВУП на 2%). Узровень інфляцыі захаваўся той жа- 12%.

Улічана сур’ёзнае запаволеньне інвэстыцыйнай эканамічнай актыўнасьці ў рэгіёне, прапануюцца меры, якія дазволяць кампэнсаваць страты беларускай эканомікі.

«Экспэрты кажуць, што сытуацыя складаная, глябальны крызыс будзе мець доўгачасовы характар. У нас у кожнага павінна быць разуменьне, што ўсе дзяржавы ў цяжкім становішчы. Ім, нават дружалюбным, не да чужых праблем. Усе гэтыя пытаньні і задачы мы павінны вырашаць самі, ня спрашчаючы сытуацыю», — цытуе БелТА выступ прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча на сёньняшнім пасяджэньні ўраду.

Таксама Мясьніковіч заявіў, што ўрад прыме шэраг мер для зьніжэньня страт прадпрыемстваў ад курсавых розьніцаў, у тым ліку ад паслабленьня расейскага рубля. Мяркуецца сьпісваць курсавыя розьніцы за кошт дадатковага фонду прадпрыемстваў, таксама з урадам РФ вядуцца перамовы па мінімізацыі страт.

XS
SM
MD
LG