Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палітвязьню Мікалаю Дзядку прызначылі судова-псыхалягічную экспэртызу


Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Палітвязьню Мікалаю Дзядку, якога прызналі падазраваным ў парушэньні рэжыму ўтрыманьня ў магілёўскай турме, прызначылі судова-псыхалягічную экспэртызу.

Палітвязьню магілёўскай турмы Мікалаю Дзядку абвясьцілі, што на яго заведзеная крымінальная справа за парушэньні ўмоў адбыцьця зьняволеньня, па якой яму пагражае 1 год турмы дадаткова.

У лютым актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок мусіў выйсьці на волю, ў яго заканчваўся тэрмін пакараньня ў 4,5 года.

«Цяпер на нашых плянах хутка сустрэцца на волі можна ставіць крыж», — сумна прызнае жонка Мікалая Дзядка Валерыя Хоціна.

Паводле яе зьвестак, Мікалая на час сьледзтва перавядуць ў турэмны сьледчы ізалятар, а таксама хутка яго чакае экспэртыза.

«Яму прызначылі судова-псыхалягічную экспэртызу. Ня ведаю, навошта яна спатрэбілася? Хіба дзеля таго, каб даведацца, чаму ж ён такі, што не паддаецца перавыхаваньню».

Валерыя Хоціна мяркуе, што крымінальная справа супраць яе мужа заведзеная дзеля таго, каб ня даць яму выйсьці на волю да прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году.

«У нас няма іншай вэрсіі, яна відавочная. Амаль кожныя два месяцы ён патрапляў у ШЫЗА, але за што? Ці можна называць тое, за што яго каралі, злосным парушэньнем? Для мяне злоснае парушэньне — гэта, прыкладам, бойка з сукамэрнікамі і гэтак далей. Але ў нас злосным парушэньнем лічыцца тое, што вязень не падняўся, калі нехта зайшоў, не выцягнуў рукі з кішэняў, не носіш бэйджык, не прыбіраеш прыбіральню, калі цябе да гэтага прымушаюць. Вось такі ён у нас злосны парушальнік».

Валерыя Хоціна мяркуе, што суд над яе мужам адбудзецца цягам 1-2 месяцаў. У канцы лістоў, якія атрымлівае зараз Валерыя ад Мікалая, яна чытае ад яго словы «да хуткай сустрэчы». «Гэта лісты, якія ён напісаў, як выйшаў з апошняга карцэру, яшчэ да таго, як яго прызналі падазроным. Тады яшчэ ён спадзяваўся, што ў лютым выйдзе на волю», — тлумачыць Валерыя. Свайго мужа апошні раз яна бачыла сёлета ў студзені і разьлічвала зноў убачыць ў будучым студзені. Сустрэча хутчэй за ўсё не адбудзецца", — зазначае Валерыя.

Мікалай Дзядок — актывіст анархісцкага руху. Разам з Ігарам Аліневічам і Аляксандрам Францкевічам ён быў прызнаны вінаватым ў хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Зь іх трох на волю выйшаў толькі Аляксандр Францкевіч. Ігару Аліневічу да канца тэрміну яшчэ 4 гады, нядаўна ў калёніі Вільба-3 яго таксама кінулі ў карцэр.

XS
SM
MD
LG