Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кобрынскага актывіста судзіцьмуць за акцыю памяці паўстанцаў 1863 г.


Алеся Меха папярэдзілі ў Кобрынскім РАУС, што адбудзецца суд па справе ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Сьвіслачы 26 кастрычніка, паведамляе Вясна.

Менавіта так расцанілі традыцыйны Дзень памяці паўстанцаў 1863-1864 гадоў, які штогод ладзіцца ў Сьвіслачы Гарадзенскай вобласьці. Удзельнікі гэтага мерапрыемства наведваюць магілу Віктара Каліноўскага, брата Кастуся, ускладаюць кветкі на памятных мясьцінах, зьвязаных з паўстаньнем, наведваюць Якушоўку, дзе была родавая сядзіба Каліноўскіх, узгадваюць герояў, якія аддалі сваё жыцьцё за вольнасьць Радзімы.

Алесю Меху ў РАУС далі магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі па гэтай справе, якія прыйшлі са Сьвіслачы. Пратакол складзены і падпісаны начальнікам Сьвіслацкага РАУС маёрам міліцыі Віктарам Гандарэвічам. Сьведкамі ў тым, што Аляксандар Мех удзельнічаў у мерапрыемстве і ўскладаў кветкі, сталі супрацоўнікі міліцыі гэтага РАУС: Юрый Садоўскі і Дзяніс Паўлючэня.

26 кастрычніка ў Сьвіслачы адбылося традыцыйнае ўшанаваньне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Потым яго ўдзельнікаў пачалі выклікаць у міліцыю.

У самой Сьвіслачы мясцовы актывіст Юры Глебік атрымаў позву ў суд на 18 лістапада. Яго вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньні незарэгістраванай сымболікі.

XS
SM
MD
LG