Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 23 лістапада: Дзень памяці Адама Кіркора


Адам Кіркор.

Адам Кіркор.

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У Менску пройдзе хакейны матч паміж камандамі «Юнацтва-Менск» і «Гомель». «Чыжоўка-Арэна», а 13.00.

У бары «Кватэрнік» у Гомелі (вул. Білецкі спуск, 2) адбудзецца «жывы электронны канцэрт». Пачатак а 20.30.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1793 — скончыўся Гарадзенскі сойм, апошні сойм Рэчы Паспалітай. Паводле задумы царыцы Кацярыны II гэты сойм мусіў прызнаць тэрытарыяльныя прэтэнзіі Прусіі і Расеі, і такім чынам замацаваць другі падзел Рэчы Паспалітай. Раней, 23 верасьня, адбылося гэтак званае «нямое паседжаньне». Маўчаньне дэпутатаў працягвалася некалькі гадзінаў. Урэшце маршалак сойму сказаў, што маўчаньне азначае згоду.

1924 — у Маскве прагучала першая перадача Маскоўскага радыё, якая паклала пачатак радыёвяшчаньню ў Савецкім Саюзе.

1979 — выдадзены падвойны альбом «Сьцяна» брытанскага гурту «Пінк Флойд».

«Ідэя „Сьцяны“ зьявілася пасьля дзесяці гадоў нашых канцэртаў і рок-відовішчаў. Асабліва ў 1975 і 1977 гадах мы выступалі перад вельмі вялікай колькасьцю слухачоў. Некаторыя зь іх належалі да нашай старой аўдыторыі і прыйшлі паслухаць нашай музыкі, але большасьць зь іх прыйшла, каб папіць піва і пабыць на вялікім стадыёне. У выніку мы адчулі сябе адчужанымі падчас выступаў. Я асабліва востра адчуваў тую сьцяну паміж намі і слухачамі, ну і гэты альбом стаў выказьнікам тых нашых адчуваньняў».

Роджэр Уотэрз, басіст «Пінк Флойд».

У гэты дзень нарадзіліся:

1871 — Уладзімер Тэраўскі, беларускі дырыгент, кампазытар, фальклярыст.

1910 — Зьмітрок Астапенка, беларускі паэт і празаік.

1954 — Міхаіл Русы, беларускі палітык, старшыня Аграрнай партыі.

1958 — Аляксандр Дабравольскі, беларускі палітык.

1966 — Міхась Скобла, беларускі паэт, перакладчык, эсэіст.

Дакуль пакутаваць ад смагі,

П’ючы з пустога гладыша,

І жыць з жабрацкае сярмягі

Ты будзеш, родная душа?

Па крыжавых брыдзеш дарогах,

Самотнай зоркаю гарыш.

А ўсьлед — дурны і дзікі рогат

Тых, хто паслаў цябе на крыж.

Міхась Скобла, «Душа»

У гэты дзень памёр

1886 — Адам Кіркор, грамадзкі дзяяч, этнограф, публіцыст. Кіркор як адзін зь першых пазнаёміў навуковы сьвет Расеі і Польшчы з багацьцем духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў, адлюстраваў гістарычныя і этнаграфічныя своеасаблівасьці беларускага народу, даў этнічную і сацыяльна-побытавую характарыстыку тыпаў беларусаў, адзначыў самастойнасьць беларускай мовы. У кнізе «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў», якая ўбачыла сьвет у 1874, выказаў ідэю пра беларускую культуру як цэласную шматвяковую гістарычную зьяву ў адзінстве пісьмовых і вусна-паэтычных фальклёрных відаў творчасьці.

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

23 лістапада 1906 выйшаў першы нумар Нашай Нівы.

XS
SM
MD
LG