Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукова выпусьцілі да суду


Андрэй Гайдукоў, архіўнае фота

Андрэй Гайдукоў, архіўнае фота

Былога палітвязьня, актывіста БХД Андрэя Гайдукова выпусьцілі з пастарунку ў Наваполацку, дзе на яго склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.

«Гэта была акцыя ў падтрымку палітвязьняў, раздаваліся інфармацыйныя матэрыялы пра палітвязьняў. У тым ліку пра Мікалая Дзядка, што яму хочуць дадаць год. Таксама былі расклееныя плякаты ў месцы правядзеньня акцыі, каля „Дома гандлю“ ў Наваполацку.

Людзі ў цывільным, якія вялі апэратыўныя здымкі, зьявіліся амаль адразу. Пасьля таго як усе матэрыялы былі раздадзеныя, я пайшоў дадому, і потым ужо мяне затрымалі. Сказалі, што затрымліваюць за несанкцыянаваную масавую акцыю.

У пастарунку склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні за раздачу несанкцыянаваных матэрыялаў, без інфармацыі пра выдавецтва. Я ніякіх пратаколаў не падпісаў, і потым мяне выпусьцілі», — апавёў карэспандэнту Свабоды Андрэй Гайдукоў.

Актывіст адзначыў, што супрацоўнікі міліцыі зрывалі плякаты пра палітвязьняў, аднак некаторыя пакінулі:

«Я цяпер ішоў дадому і бачыў, што некаторыя плякаты засталіся».

У пастарунку Андрэю сказалі чакаць суду, пра які яму дадаткова паведамяць.

Андрэй расказаў, што застаецца беспрацоўным, бо ня змог уладкавацца на працу.

«Не ўзялі з палітычных матываў, як былога палітвязьня», — сказаў Гайдукоў.

XS
SM
MD
LG