Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропу за 35 эўра?


Шэнгенскія візы для беларусаў неўзабаве могуць патаньнець. Другі раўнд кансультацыяў адносна заключэньня пагадненьняў аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам пройдзе 24–25 лістапада ў Брусэлі. На перамовах Беларусь разьлічвае атрымаць адказ на свае прапановы.

Беларусь у Брусэлі будуць прадстаўляць экспэрты двух міністэрстваў — замежных і ўнутраных спраў. Яны ўдзельнічалі і ў першым раўндзе кансультацыяў, які прайшоў у Менску 12–13 чэрвеня гэтага году. Тады беларускі бок прапанаваў Эўракамісіі спрасьціць парадак афармленьня візаў, павялічыць тэрмін іх дзеяньня, зьменшыць кошт шэнгенскай візы для беларусаў. Як кажуць экспэрты, вельмі важна, што пагадненьні маюць рамачны характар і будуць распаўсюджвацца на ўсе краіны Эўразьвязу.

Дзьмітры Мірончык
Дзьмітры Мірончык

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык гаворыць пра гэтыя прапановы так:

Нашы прапановы таксама скіраваныя на тое, каб заахвочваць, так бы мовіць, пазытыўнае выкананьне законаў грамадзянамі.

«Нашы прапановы скіраваныя на тое, каб грамадзяне мелі вычарпальны сьпіс дакумэнтаў, якія павінны падавацца ў пасольства для атрыманьня візы, каб іх не ганялі сюды-туды па нейкія даведкі, нейкія дадатковыя дакумэнты і гэтак далей. Нашы прапановы таксама скіраваныя на тое, каб заахвочваць, так бы мовіць, пазытыўнае выкананьне законаў грамадзянамі. Калі чалавек, напрыклад, атрымаў візу на тры месяцы, зьезьдзіў, не было ніякіх праблемаў падчас яго знаходжаньня ў Эўрапейскім Зьвязе, то ў такім выпадку наступная віза можа быць выдадзеная на год, наступная — на два і гэтак далей. Мы хочам, каб нашы візавыя працэдуры заахвочвалі пазытыўнае выкананьне грамадзянамі законаў як Эўразьвязу, так і Беларусі».

Сярод праблемаў ёсьць і грашовая. На сёньняшні дзень грамадзяне Беларусі параўнальна з бліжэйшымі суседзямі — з Расейскай Фэдэрацыяй і Ўкраінай — знаходзяцца ў горшых умовах для наведваньня краін Эўрапейскага Зьвязу. Калі суседзі плацяць за візу 35 эўра, дык грамадзяне Беларусі мусяць плаціць 60 эўра.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць, што прагназаваць посьпех перамоваў у Брусэлі можна тады, «калі ў гэтых прапановах не існуе нейкіх невядомых нам умоваў»:

Кшталту такога — вось мы тут спрашчаем візавы рэжым, але пэўныя нашы грамадзяне застаюцца пад візавымі санкцыямі з боку Эўразьвязу.

«Справа ў тым, ці ёсьць сярод патрабаваньняў беларускага боку нейкія схаваныя, пра якія публічна спэцыяльна не гаворыцца? Кшталту такога — вось мы тут спрашчаем візавы рэжым, але пэўныя нашы грамадзяне застаюцца пад візавымі санкцыямі з боку Эўразьвязу. Ці ёсьць там патрабаваньне гэтыя санкцыі адмяніць? Калі так, то, мне падаецца, Брусэль наўрад ці пойдзе насустрач афіцыйнаму Менску. Калі ж такой прапановы няма, то можна спадзявацца, што на беларускія прапановы Эўразьвяз раней ці пазьней пойдзе».

Кіраўніца офісу «За дэмакратычную Беларусь» у Брусэлі Вольга Стужынская сёньня сказала нашаму радыё пра адметнасьць брусэльскага этапу перамоваў:

Вольга Стужынская
Вольга Стужынская

«Я ня ведаю тэхнічных дэталяў. А гэта працэс, дзе вельмі важна ведаць, як ідуць перамовы менавіта на тэхнічным роўні. І менавіта таму ў Брусэлі будуць прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, а ня толькі замежных.

На перамовах ёсьць і палітычныя кампанэнты. Але, я думаю, зь імі цяпер якраз прасьцей. А вось пра тэхнічныя пытаньні я ня маю інфармацыі, бо гэтая інфармацыя закрытая. Там вельмі шмат міграцыйных пытаньняў, у прыватнасьці пра рэадмісію».

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

19 верасьня міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што пагадненьні аб адмене візавага рэжыму і рэадмісіі з Эўразьвязам павінны быць падпісаныя на раўнапраўнай аснове, як гэта было ў Эўразьвязу з Расеяй, Украінай і Малдовай:

«Мы выпрацавалі прынцыповыя падыходы па працы над пагадненьнямі, гатовыя працягваць кантакты. Эўразьвяз цяпер аналізуе нашы прапановы».

Пры гэтым Макей падкрэсьліў: «Ня трэба ставіць канкрэтных тэрмінаў для ўрачыстага падпісаньня гэтых пагадненьняў, а трэба, каб экспэрты правялі карпатлівую працу».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, якую мае наша радыё, і Менск, і Брусэль выказваюць пажаданьне скончыць усе перамовы і падпісаць неабходныя дакумэнты да чацьвёртага саміту «Ўсходняга партнэрства», які заплянаваны на першую палову 2015 году ў Рызе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG