Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Украіна ратуе зараз усіх нас: нашу краіну, нашу будучыню, нашы душы»


21 лістапада ва Ўкраіне адзначаецца Дзень годнасьці і свабоды — у першую гадавіну пачатку Эўрамайдану і дзясятую гадавіну Памаранчавай рэвалюцыі.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, прэм’ер-міністар Арсені Яцанюк, старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандар Турчынаў ды іншыя ўрадоўцы ўсклалі кветкі да мэмарыялу памяці загінулых на Майдане. Пятро Парашэнка ў сваім твітэры напісаў, што вырашыў прысвоіць званьне Героя Ўкраіны ўсёй «нябеснай сотні». Падчас рэвалюцыйных падзеяў на Майдане пабывалі сотні беларусаў — і на покліч сэрца, і дзеля працоўнага абавязку.

Сёньня пра свае ўражаньні ад Майдана распавядаюць мэдыйныя пэрсоны: музыка, журналіст, кінарэжысэр.

Рок-музыка Лявон Волькі быў на Майдане і падчас Памаранчавай рэвалюцыі ў 2004-м, і на Эўрамайдане ў лістападзе 2013-га. Абодва разы выступаў з канцэртамі. Кажа, што паміж двума Майданамі вялікая розьніца. Майдан-2004, як выказаўся Лявон, быў больш карнавальны:

«А гэтым разам, калі мы прыехалі на Майдан, адразу кінулася ў вочы такая насьцярожанасьць, трывога — чымсьці нядобрым пахла ў паветры. І ў літаральным сэнсе, таму што палілі вогнішчы ў бочках. Мы жылі ў гатэлі „Храшчацік“, і там таксама ўсё прапахла гэтым дымам. Але людзі былі вельмі добразычлівыя, нас паілі гарбатай, прапаноўвалі кашу, боршч. Народ быў вельмі згуртаваны, прыязны. Мы былі вельмі шчасьлівыя, што хоць нечым можам дапамагчы людзям, якія стаяць на гэтым холадзе. Эмацыйна было вельмі цёпла, і гэтага холаду нават не адчувалася. Успрымалі нас супэр! Людзі адчувалі падтрымку. Мы выбралі песьні цяжэйшыя, каб быў драйв, сучасны рух. Усім вельмі спадабалася, і нават калі сьвяткавалі Новы год на Майдане і мы глядзелі онлайн-трансьляцыю, вядоўца выказваў жаль, што мы не прыехалі на Новы год».

Журналіст Аляксандар Баразенка чатыры разы быў на Майдане, быў таксама ў Крыме, некалькі разоў ва Ўсходняй Украіне. Працаваць даводзілася ў экстрэмальных умовах, ня раз ён разам з калегамі трапляў у небясьпечныя сытуацыі:​

«На Майдане я быў ва ўсе пэрыяды актыўнасьці, так бы мовіць. І гэты фантастычны ўзровень дапамогі адзін аднаму, гэтая еднасьць, якая літаральна лунала ў паветры — гэта вельмі ўразіла. На Майдан прыходзілі цэлымі сем’ямі, стаялі на барыкадах. Гэта рабілася сапраўды агульнанацыянальнай, агульначалавечай украінскай справай. Да Майдану мне не даводзілася сустракацца з такой салідарнасьцю, з такой масавасьцю».

Кінарэжысэр Вольга Мікалайчык, уражаная падзеямі ва Ўкраіне, арганізавала ў Беларусі некалькі крэатыўных акцыяў салідарнасьці з суседняй краінай. Адна зь іх — частаваньне ўкраінскім баршчом усіх ахвотных і збор грашовых сродкаў на дапамогу параненым украінскім вайскоўцам і ўцекачам. Да таго ж ва Ўкраіне яна шмат здымала для свайго новага дакумэнтальнага фільму:

«Я ніколі ў жыцьці не адчувала такой салідарнасьці, высакароднай і хрысьціянскай, вельмі маральнай і чыстай. Калі я прыехала на Майдан другі раз, ужо пасьля крывавых падзеяў, вакол кветкі, кветкі, партрэты, кроў — я ўвесь дзень плакала, на другі дзень мы прынесьлі туды партрэт Міхася Жызьнеўскага (якраз было 40 дзён) і паставілі на Грушэўскага. Ён дагэтуль там стаіць — зь бел-чырвона-белым сьцягам. І тады я зразумела, што менавіта там нарадзілася новая эра, новая Эўропа, ідэя новага сьвету, новага чыстага сьвету — калі людзі гінулі за свае ідэалы. Калі гэта адчуваеш, ты мяняеш сваё жыцьцё, ты мяняеш свой лёс. Я зноў жыву навінамі Ўкраіны, я зноў туды паеду. Украіна ратуе зараз усіх нас. І нашу краіну, нашу будучыню, нашы лёсы, нашы душы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG