Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саша Варламаў: «Місіс сьвету» ад Беларусі падцерла чыноўнікам нос


Мадэльер Аляксандар Варламаў

Мадэльер Аляксандар Варламаў

Неадназначная рэакцыя на прысуджэньне тытулу «Місіс сьвету — 2014» беларусцы Марыне Аляксейчык (Градзкай) спарадзіла ў СМІ і сацыяльных сетках спрэчкі вакол асобы прыгажуні.

Адны лічаць, што была парушаная працэдура, паводле якой прадстаўляць Беларусь павінна была абраная летам «Місіс Беларусь — 2014» Юлія Перагудава, а Марына Аляксейчык — самазванка, бо не жыве ў Беларусі і ніхто ад нашай краіны на конкурс яе не накіроўваў. Іншыя ж заклікаюць парадавацца за супляменьніцу, якая прадэманстравала прыгажосьць беларусак.

Беларускі мадэльер Саша Варламаў, маючы вялікі досьвед працы ў індустрыі прыгажосьці і моды, лічыць, што нэгатыўныя водгукі ў гэтай сытуацыі могуць гучаць выключна з боку беларускіх чыноўнікаў — Марына Аляксейчык пераскочыла празь іх галовы і перамагла на сусьветным конкурсе безь фінансаваньня з боку беларускага дзяржбюджэту, аднак са стужкай «Беларусь».

«Трэба радавацца і сказаць ёй дзякуй за тое, што яна сама безь фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы паехала, заваявала тытул і ходзіць з задраным носам, што Беларусь прадставіла. Проста выдатна».

Іншы станоўчы момант, паводле Сашы Варламава, — тое, што Марына Аляксейчык не завагалася прадставіцца беларускай на міжнароднай арэне, у выніку чаго назва краіны прагучала на ўвесь сьвет у сувязі з прэстыжным конкурсам прыгажосьці.

Марына Аляксейчык

Марына Аляксейчык

«Нехта ўмоўна прылічыў сябе да беларусаў. І вось пытаньне: гэта добра ці кепска, што чалавек прылічыў сябе да беларусаў? Напэўна, з пункту гледжаньня нацыі і краіны, калі людзі, нават умоўна староньнія, не баяцца і не саромеюцца прылічваць сябе да гэтай краіны, — значыць, ня так усё і кепска. Зразумела, беларускім чыноўнікам падцерлі нос, пераскочылі празь іх. Таму цяпер мы чуем воклічы: маўляў, як гэта так — абмінуўшы нас, нашу думку і нашы дакумэнты, нехта дазволіў сабе нешта там зрабіць? Ну, узяў і дазволіў. І што з таго? Па вялікім рахунку, нічога ж ня здарылася кепскага. Беларусь прагучала на сусьветным узроўні. І няхай гэта не заслуга чыноўнікаў. Ніхто нічога не парушыў. Я часам кажу, што я беларус, часам — што я жыхар Менску, часам — яшчэ неяк. Тут няма ніякай бяды. І ўвогуле сьмешна, што з гэтай нагоды адбываюцца разборкі. Па ідэі, чыноўнікі павінны радавацца. Але, зь іншага боку, ім падцерлі нос. Вось у чым праблема», — сказаў Саша Варламаў.

Артур Клінаў

Артур Клінаў

Калі ў чалавека быў выбар паміж Расеяй і Беларусьсю і ён выбраў Беларусь — гэта безумоўна станоўчы факт, лічыць мастак і пісьменьнік Артур Клінаў:

«Калі перамагла беларуска (няважна, адкуль яна: з Расеі ці зь Беларусі), зьяўляецца нагода, каб узьняць штандар краіны. А гэта, я думаю, заўсёды пазытыўна. Мяркую, што калі Марына Аляксейчык жыве ў Расеі, то ў яе быў выбар, якую краіну на конкурсе прадставіць. Тое, што яна выбрала Беларусь, шмат пра што кажа».

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Журналіст Віталь Цыганкоў адзначае: тое, што ці ня кожны другі конкурс прыгажосьці сканчаецца скандалам, сьведчыць пра нізкі ўзровень празрыстасьці ў іх арганізацыі, а таксама пра карупцыю і невыкананьне строгіх правілаў.

Наконт самой гераіні скандалу — нібыта беларускі Марыны Аляксейчык — Віталь Цыганкоў мае дваякую думку: ён кажа, што ёю можна ганарыцца як таленавітай авантурысткай, але ў той жа час ейны ўчынак ня можа разглядацца як эталён маральнасьці і чысьціні, а гэта прынцыпы, якія закладзеныя ў саму канцэпцыю конкурсаў прыгажосьці:

«З аднаго боку, нацыі часам ганарацца ня толькі сваімі найлепшымі людзьмі, але і сваімі авантурыстамі ці нават крымінальнікамі. „Гэта наш Астап Бэндэр“, — часам кажуць некаторыя нацыі пра нейкага свайго гістарычнага героя ці вось героя моманту, як спадарыня Аляксейчык. Беларусы могуць ганарыцца ёй як беларускім Астапам Бэндэрам, які абдурыў і арганізатараў конкурсу, і прадстаўнікоў Беларусі. Зь іншага боку, я нармальна ўспрымаю крытыку ў бок Марыны Аляксейчык і яе ўчынку, а таксама ў бок арганізатараў конкурсу. Пераможцы конкурсаў прыгажосьці павінны выконваць станоўчую функцыю ў грамадзтве, быць узорам маральнасьці і нават займацца дабрачыннасьцю. Менавіта гэта закладзена ў правілах конкурсаў прыгажосьці. Натуральна, што з такой пэрспэктывы акалічнасьці, якія прывялі да перамогі Марыну Аляксейчык, зусім ня ўзорныя і нават прымушаюць сумнявацца ў тым, што яна заслугоўвае такога высокага і гучнага тытулу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG