Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў заклікаюць адзначыць гадавіну Майдану: жоўта-блакітнымі стужкамі і кватэрнікамі


Першы вечар Эўрамайдану, 21 лістапада 2014

Першы вечар Эўрамайдану, 21 лістапада 2014

У сацыяльных сетках зьявіліся прапановы адзначыць у Беларусі гадавіну кіеўскага Майдану.

Прадстаўнік блогу 1863x.com напісаў, што «салідарнасьць — гэта тая рэч, якая разьбівае любыя ланцугі аўтарытарызму і дыктатуры». Ён прапануе пяць простых спосабаў, каб адзначыць гадавіну Майдану.

Найперш — начапіць сіне-жоўтыя стужкі на курткі, заплечнікі ці антэны аўтамабіляў. Калі няма такой стужкі, можна скарыстаць стужку з арнамэнтам.

Таксама можна пайсьці ў кавярні, рэстараны, клюбы ці бары: «Зьбіраеце кампанію сваіх сяброў-змагароў і наперад — насустрач вясёлым прыгодам. Бярыце з сабой знаёмых і незнаёмых украінцаў, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі. У Менску дастаткова ўстаноў зь беларускай і ўкраінскай кухнямі. Для студэнтаў заўсёды адкрыты „Макдональдс“ і іншыя масавыя месцы. Весяліцеся, сьмейцеся, прамаўляеце тосты за Крывавага Пастара — няхай усе ведаюць, што вы адзначаеце», — піша прадстаўнік блогу 1863x.com.

Трэцяе, што ён прапануе, — арганізаваць канцэрт, кватэрнік, кінапаказы, дэбаты і іншыя культурныя падзеі. «Усе беларусы, якія былі на Майдане — важныя відавочцы і носьбіты ўнікальных ведаў і сьведчаньняў», — піша блогер.

Хто ня мае настрою сьвяткаваць, можа ўшанаваць памяць загінулых і прынесьці кветкі да амбасады Ўкраіны ў Менску (Старавіленская вуліца, 51) ці да помніка Тарасу Шаўчэнку.

Нарэшце, можна арганізаваць вечарынкі дома.

«Посьціце фоткі ў інстаграм і іншыя сацсеткі, як весела вы праводзіце час. Хай іншыя апалітычныя асобы зайздросьцяць. Магчыма, вы ўжо дарослы заможны чалавек зь сям’ёй — тады проста прыгатуйце боршч і паглядзіце зь дзецьмі мульцікі пра ўкраінскіх казакоў», — піша блогер.

Ананімны рэсурс 1863x.com пазыцыянуе сябе як «беларускі палітычны панк-рок». Ён адзначыўся выкрыцьцём колішняга лідара «маўклівай рэвалюцыі» Вячаслава Дзіянава, які ў выніку правакацыі аўтараў сайту пагадзіўся на супрацу з прапуцінскімі паліттэхнолягамі. Нядаўна рэсурс апэратыўна адрэагаваў на менскі канцэрт Івана Ахлабысьціна артыкулам пад назвай «Охлобыстиным здесь не место». Вядомасьці рэсурсу спрыяюць нясумныя тэксты, просталінейная пазыцыя і ананімнасьць яго стваральнікаў.

XS
SM
MD
LG