Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар «Газеты Слонімскай»: За 16 гадоў чыноўнікі першы раз запрасілі на прэс-канфэрэнцыю


Рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук

Рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук

Адзіная ў Гарадзенскай вобласьці незалежная грамадзка-палітычная газэта — «Газета Слонімская» — выжывае, ня маючы ні падпіскі празь «Белпошту», ні права продажу ў шапіках «Белсаюздруку», ні нармальнага офіса. Праўда, рэдактар кажа, што праз 16 гадоў існаваньня нарэшце ўлады ўсё ж запрасілі іх на прэс-канфэрэнцыю.

«Газету Слонімскую» яшчэ ў 1928 годзе пачалі выдаваць вядомы беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн і ягоная жонка Людміла. На пачатку 1939 году ў сувязі з арыштам рэдактара газэта спыніла сваё існаваньне, і толькі з 1997 году выданьне аднавіў слонімскі журналіст Віктар Валадашчук.

Віктар Валадашчук кажа, што газэту выдаваць у цяперашніх беларускіх умовах няпроста, асабліва калі ты ў няроўных умовах з канкурэнтамі. Яшчэ ў 2006 годзе выданьне было выдалена з падпіснога каталёга «Белпошты», а «Белсаюздрук» адмовіўся прадаваць газэту ў шапіках.

Прычынаў разрыву адносінаў як не патлумачылі тады, так і дагэтуль не тлумачаць, хоць Валадашчук штогод зьвяртаецца да кіраўніцтва гэтых манапольных прадпрыемстваў з просьбай аднавіць супрацу.

Валадашчук: «Адзін і той самы адказ ад іх атрымліваеш на працягу гадоў: немэтазгодна. Таму мы чарговы раз арганізоўваем сваю падпіску, рэдакцыйную. Падрыхтавалі плян паездак па вёсках і будзем ехаць да людзей рабіць падпіску. А потым адсылаем газэту падпісчыкам у бандэрольках, як гэта і робім з 2006 году».

Кіраўніцтва абласнога «Белсаюздруку» апошнім часам нават не дае пісьмовых адказаў на звароты рэдактара, а праз тэлефон тлумачыць, што прадаваць «Газету Слонімскую» змогуць толькі тады, калі атрымаюць дазвол. Але дазволу, паводле Валадашчука, дагэтуль няма.

У нас газэту прадаюць толькі нашы распаўсюдніцы-бабулькі, і калі мароз, сьцюдзёны вецер, холад, то доўга, зразумела, на вуліцы не прастаіш

Валадашчук: «Вельмі складаная праблема з рэалізацыяй газэты, асабліва калі пачынаецца зіма. У нас газэту прадаюць толькі нашы распаўсюдніцы-бабулькі, і калі мароз, сьцюдзёны вецер, холад, то доўга, зразумела, на вуліцы не прастаіш. Каб нам хоць дазволілі прадаваць яе ў крамах, але і гэтага ніхто не дазваляе».

Дагэтуль рэдакцыя ня мае адзінага памяшканьня. Будынак, які газэта набыла пад офіс, ужо колькі гадоў ня могуць вывесьці з жыльлёвага фонду, а таму даводзіцца туліцца па розных месцах у розных кутках гораду. Праўда, рэдактар зьвяртае ўвагу, што з прыходам новага кіраўніка раёну адносіны зь мясцовай уладай пачалі зьмяняцца.

Валадашчук: «Упершыню за ўвесь час існаваньня газэты, за ўсе 16 гадоў, нас запрасілі на прэс-канфэрэнцыю кіраўніка раёну. І цяпер калі праводзяцца нейкія брыфінгі ці адбываюцца значныя падзеі ў раёне, прадстаўнікі ідэалягічнага аддзелу нас запрашаюць».

Журналістка Ганна Валадашчук кажа, што новы кіраўнік раёну Мечыслаў Тарноўскі публічна абвясьціў, што людзям трэба казаць праўду, так, як ёсьць на самой справе. І, дадае журналістка, падобна, што ягоныя словы пакуль не разыходзяцца са справамі.

У рэдакцыі «Газеты Слонімскай» за сваім працоўным месцам Ганна Валадашчук

У рэдакцыі «Газеты Слонімскай» за сваім працоўным месцам Ганна Валадашчук

Атрымаць інфармацыю ад чыноўнікаў стала значна прасьцей, бо такі прыклад ім паказвае кіраўнік «вэртыкалі». Праўда, кажа журналістка, гэта ня так хутка даходзіць да начальства на месцах. Вось у апошні нумар яна рыхтавала матэрыял пра тое, што ў школе трэснула сьцяна. Трывогу забілі бацькі навучэнцаў. Але ня так проста было гэта спраўдзіць.

Ганна Валадашчук: «Я накіравалася ў школу, каб атрымаць інфармацыю, а дырэктарка мне адказвае, што гэта дэзынфармацыя, і больш за тое — што яны не супрацоўнічаюць зь незалежным выданьнем, а толькі зь дзяржаўнымі, і адмовілася даваць камэнтар».

Віктар Валадашчук згадвае, што раней наклады газэты сягалі звыш 12 тысяч асобнікаў. А цяпер «Газета Слонімская» выходзіць на 40 старонках разам з рэклямнай газэтай «Отдушина» накладам больш за 5000 асобнікаў. Фармат — А4, друк ня толькі чорна-белы, а часткова і каляровы. Газэта мае сталых рэклямадаўцаў і добра разыходзіцца сярод чытачоў. За кошт гэтага выданьне і выжывае.

Яшчэ рэдактар пераканаўся, што для вельмі многіх жыхароў Слоніма і раёна «Газета Слонімская» стала як апошняя інстанцыя, калі людзі ня могуць адстаяць свае правы ці дамагчыся праўды. Паводле Валадашчука, тады яны зьвяртаюцца ў рэдакцыю, каб пра іхнюю бяду даведаліся ўсе жыхары раёну. І дзеля гэтага, паводле рэдактара, варта выдаваць газэту.

XS
SM
MD
LG