Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія легенды на майках-маляванках


Як выглядаў заснаваны асілкам Мянескам горад, чым палуднуе цмок на Цмокавай гары і якія скарбы зьбірае падступная русалка, утопленая ў Сьвіслачы? Намаляваць працяг гэтых сюжэтаў змогуць дзеткі на майках-маляванках, якія робіць каардынатарка некалькіх дзіцячых адукацыйных праектаў Тацяна Цуканава.

Крэатыўны праект дзіцячых маек-маляванак прымеркаваны да Калядаў. Але каардынатарка кажа, што ў залежнасьці ад попыту і водгукаў выпуск маек будзе працягвацца, а асартымэнт — пашырацца. Пакуль жа ў лінейцы прадстаўленыя тры варыянты малюнкаў-расфарбовак аўтарства Наталі Аксіновіч. Усе выявы аб’яднаныя тэмай менскіх легендаў, — асілак Мянеск, сьвіслацкая русалка і менскі цмок.

«Ідэя маляваньня на майках не арыгінальная. Напрыклад, у Эўропе такога вельмі шмат, прычым ня толькі для дзяцей — на адзежы малююць і дарослыя. Нашая „фішка“ ў тым, што дзеткі могуць ня толькі расфарбаваць пэрсанажа беларускай легенды, але і дамаляваць арыгінальны працяг сюжэту. Тут і расфарбоўка, і маляваньне, і разьвіцьцё фантазіі. Таму што мэта — гэта адукацыя праз творчасьць», — кажа Тацяна. Летась яна выпусьціла ў сьвет праграму для iPhone «Кнігі дзеткам», якая дае магчымасьць чытаць казкі з розных краінаў сьвету па-беларуску.

У набор з баваўнянай майкай, на якой намаляваны адзін з трох пэрсанажаў, уваходзяць 6 маркераў і паштоўка-падказка, дзе распавядаецца пра героя менскай легенды. Паводле Тацяны, задача стваральнікаў маек-маляванак — адаптаваць легенды для дзяцей 3–6 гадоў і даць штуршок іхняй фантазіі:

«Паводле легенды, цмокі, напрыклад, ядуць прыгожых дзяўчат. Але мы адаптоўваем сюжэт для маленькіх дзетак і чакаем, што на талерцы перад менскім цмокам маленькія мастакі намалююць дранікі ці журавіны ў цукры. Калі гэта майка зь Мянескам, то дзіця зможа дамаляваць горад — ці то сучасны Менск, ці то старажытны ці нават горад будучыні. А калі бацькі набудуць дзіцяці майку з русалкай, то тут можна будзе пафантазіраваць на тэму, якія скарбы хаваюцца пад вадой».

Дарэчы, менавіта сюжэт з русалкай выклікаў, паводле Тацяны, нэгатыўныя водгукі з боку замоўнікаў маек. Справа ў тым, што ў традыцыйных легендах і паданьнях беларуская русалка ня мае рыбінага хваста і выглядае як чалавек. Стваральнікі маек-маляванак прапануюць для размалёўкі дыснэеўскую русалку, у якой палова ад чалавека, а палова ад рыбіны:

«Сапраўды, нашы русалкі выглядаюць як звычайныя людзі, яны з нагамі. Але для дзіцяці 3 гадоў, відаць, будзе прасьцей, калі выгляд яе будзе такі, да якога яно прызвычаілася праз мультфільмы».

Фарба флямастэраў, якімі прапаноўваецца маляваць на майках-маляванках, не змываецца ад праньня. Таму дзеці змогуць насіць на сабе намаляванае працяглы час..

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG