Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ушаноўваць продкаў можа БРСМ. Іншых — шукае міліцыя


Берасьцейскіх грамадзкіх актывістаў, якія прыбіралі Балахоўскія могілкі на Дзяды 2 лістапада, шукае міліцыя. Гарвыканкам заявіў, што прыборка была непатрэбная, бо гэта робіць БРСМ. Актывісты мяркуюць, што ім пагражае пакараньне за масавую акцыю.

Адзін з маладзёнаў, якія прыбіралі Балахоўскія могілкі 2 лістапада ў Берасьці ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў меркаваньне, што праблемы зь міліцыяй зьвязаныя з падобным перасьледам за акцыі на Дзяды па ўсёй Беларусі:

«Гэта адбываецца па ўсёй краіне — такая мэтанакіраваная кампанія супраць беларускіх патрыётаў. Супраць ужываньня бел-чырвона-белай сымболікі... Тое, што адбывалася ў Менску пасьля Дзядоў, тое, што адбываецца за акцыю ў Сьвіслачы — гэта ўсё аднаго шэрагу падзеі. Тое, што там была прыборка, высаджаныя дрэвы — гэта іх не цікавіць. Іх цікавіць тое, што была выкарыстаная бел-чырвона-белая сымболіка», — распавёў адзін з удзельнікаў акцыі.

«Я не выключаю, што гэта перад выбарамі такая зачыстка. Зараз, відаць, будуць карыстацца любой прычынай для ціску на актывістаў. Штогод адбываецца такая акцыя на Дзяды, прыбіраем, ушаноўваем памяць продкаў, і ніколі ніякіх думак нават не было, што за гэта могуць нейкія наступствы быць», — дадаў спадар.

Актывіст кажа, што чуў пра тое, што ўдзельнікаў прыборкі на Балахоўскіх могілках шукае міліцыя, але яму пакуль з праваахоўных органаў не тэлефанавалі.

Традыцыйная акцыя на Дзяды ў Берасьці адбылася 2 лістапада. Каля дзясятка грамадзкіх актывістаў прыбралі магілы жаўнераў генэрала Станіслава Булак-Балаховіча, які ў 1920-х гадах зладзіў вызвольны паход на Палесьсі супраць бальшавікоў.

Акрамя прыборкі, актывісты пасадзілі некалькі дубкоў, абвязалі іх бел-чырвона-белымі стужкамі, напрыканцы сфатаграфаваліся зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Больш чым праз тыдзень, 12 лістапада Берасьцейскі гарвыканкам распаўсюдзіў у мясцовых СМІ і на сваім сайце ліст, у якім чыноўнікі паведамілі, што акцыя была непатрэбная, бо могілкі знаходзяцца на балянсе КУП «Брэсцкае спэцпрадпрыемства», якое «ў мэтах патрыятычнага выхаваньня моладзі супрацоўнічае з БРСМ і практыкуе прыцягненьне валанцёрскай дапамогі для прывядзеньня гістарычных памятных мясьцінаў у неабходны санітарны стан».

Чыноўнікі растлумачылі таксама, што актывістам нельга было высаджваць дрэвы на могілках «без узгадненьня з адміністрацыяй». Яшчэ праз тыдзень, 18 лістапада свае прэтэнзіі да актывістаў выказала і берасьцейская міліцыя.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч атрымаў ліст зь Ленінскага РАУС Берасьця, у якім міліцыянты просяць яго ідэнтыфікаваць на фотаздымках грамадзкіх актывістаў, якія «на тле адной з магіл разьмясьцілі бел-чырвона-белы сьцяг».

Актывіст, які ўдзельнічаў у прыборцы на Балахоўскіх могілках, выказаў Свабодзе меркаваньне, што «ўся гэтая гістэрыя — звычайная паказуха. Калі б яны хацелі, то даўно б знайшлі нас па фотаздымках. Паказваюць проста сваю працу перад начальствам. Спадзяюся, што ў іх усё-такі хопіць розуму, каб замяць гэтую справу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG