Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі, вэймарскі, жэнэўскі? Дыпляматычная вайна фарматаў


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і міністар замежных спраў ФРГФранк-Вальтэр Штайнмаер. Кіеў, 18 лістапада.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і міністар замежных спраў ФРГФранк-Вальтэр Штайнмаер. Кіеў, 18 лістапада.

Украіна настойвае на прыцягненьні да мірных перамоваў па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе ЗША і Польшчы, Расея — сэпаратыстаў з «ДНР» і «ЛНР».

Абмен заявамі і новую хвалю дыскусіяў пра будучыню фармату міжнародных перамоў аб урэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны выклікаў учарашні візыт міністра замежных спраў ФРГ Франка-Вальтэра Штайнмаера ў Кіеў і Маскву.

Украінскі прэм’ер-міністар Арсеній Яцанюк заявіў, што для ўкраінскага боку найбольш прымальным зьяўляецца «жэнэўскі фармат» з удзелам Эўразьвязу, ЗША і Расеі. Расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў назваў гэты фармат «пройдзеным этапам». На сучасным этапе, як ён адзначыў, у перамовах павінны ўдзельнічаць «ДНР» і «ЛНР».

Напярэдадні ў Кіеве Штайнмаер прапанаваў разам з прэзыдэнтам Парашэнкам яшчэ адзін фармат — «вэймарскі» з удзелам Польшчы.

Цяпер існуе прынамсі чатыры фарматы, якія могуць выкарыстоўвацца для міжнародных перамоў па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе: «жэнэўскі», «нармандзкі», «вэймарскі» і «менскі».

І ў якой бы кампаніі і пры чыім садзейнічаньні не прыйшлося б далей Украіне дамагацца міру на сваёй зямлі, кіраўнік нямецкага МЗС Франк-Вальтэр Штайнмаер ў Кіеве адзначаў, што Менскія дамоўленасьці сваю сілу не павінны страціць.

Міністры замежных спраў ФРГ і Расеі Франк-Вальтэр Штайнмаер і Сяргей Лаўроў.
Міністры замежных спраў ФРГ і Расеі Франк-Вальтэр Штайнмаер і Сяргей Лаўроў.

«Менскія дамоўленасьці не былі ідэальнымі, і яны былі парушаныя. Аднак яны застаюцца той базай, на якую мы далей можам спасылацца, і іх пункты павінны выконвацца», — падкрэсьліў кіраўнік МЗС Нямеччыны.

Але Арсеній Яцанюк пасьля перамоваў з нямецкім міністрам выказаўся максымальна канкрэтна: Украіна зацікаўленая ў аднаўленьні «жэнэўскага фармату» і перамоваў з сэпаратыстамі на Данбасе ня будзе весьці:

Арсеній Яцанюк.
Арсеній Яцанюк.

«Акрамя рознага роду двухбаковых і шматбаковых кансультацый, „жэнэўскі фармат“ мы лічым адным з ключавых фарматаў і найбольш прымальных для вырашэньня крызысу ўкраінска-расейскіх адносін», — падкрэсьліў кіраўнік украінскага ўраду.

Украінскія дыпляматы таксама адзначаюць, што прадстаўнікі незаконных узброеных груповак «ДНР» і «ЛНР» ніколі не былі суб’ектамі перамоваў у Менску, дзе ўдзельнікамі трохбаковай групы выступалі АБСЭ, Расея і Ўкраіна. Яны атрымалі права прысутнічаць там і азнаёміцца са зьместам перамоў.

Але Расею гэта не задавальняе, што вынікае з чарговых заяў на гэтую тэму яе міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова.

«Усё гэтыя дзеяньні партыі вайны ў Кіеве зрабіць усё, каб выключыць „апалчэньне“, выключыць „ЛНР“, „ДНР“ з кагорты удзельнікаў перамоўнага працэсу і прымусіць Захад дамагацца згоды Расеі выступаць у ролі боку канфлікту», — заявіў Сяргей Лаўроў.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка тым часам заявіў аб слушнасьці выкарыстаньня яшчэ аднаго фармату — «вэймарскага». Апошні прадугледжвае ўдзел у перамовах, акрамя Ўкраіны і Расеі, Францыі, ФРГ і Польшчы. Гэта і адрозьнівае «вэймарскі фармат» ад «нармандзкага», у якім ня ўдзельнічала Польшча.

У гэты пералік «фарматаў» ужо ў Маскве кіраўнік МЗС Нямеччыны дадаў прапанову «наўпростага дыялёгу» паміж ЭЗ і ЭўрАзЭС, якога раней не было.

«З расейскага боку ёсьць некаторае непрыманьне і, магчыма, непаразуменьне, якое тычыцца гандлёвых пагадненьняў паміж ЭЗ і Ўкраінай. У той жа час, у Эўропе існуе пэўны скептыцызм наконт стварэньня Эўразійскай саюза », — заявіў кіраўнік нямецкага зьнешнепалітычнага ведамства па выніках сустрэчы са сваім расейскім візаві.

Дыплямат, экспэрт у міжнародных дачыненьнях Багдан Яроменка ў камэнтары Радыё Свабода выказаў меркаваньне, што ўся гэта разнастайнасьць фарматаў гуляе на руку менавіта рэжыму Пуціна, паколькі дзякуючы гэтым дыскусіям аб фарматах і магчымасьці прыцягненьня да перамоваў прадстаўнікоў «ЛНР», «ДНР» Расея дамагаецца пераключэньня ўвагі з фактаў анэксіі Крыму і разьвязваньня вайны на фармальнасьці:

Багдан Яроменка.
Багдан Яроменка.

«Я ня веру ні ў адзін фармат перамоваў, таму што гэтае фарматаваньне — гэта палітыка Расейскай Фэдэрацыі, накіраваная на прыхаваньне сапраўдных прычын вайны, сапраўдных намераў. Фактычна невайсковы кампанэнт вайны, інфармацыйны, дыпляматычны, які адбываецца цалкам пад дыктоўку Расейскай Фэдэрацыі».

Іншы кіеўскі экспэрт Андрэй Весялоўскі лічыць, што «жэнэўскі фармат» перамоваў зьяўляецца найбольш прымальным для ўкраінскага боку менавіта таму, што там зьяўляюцца амэрыканцы:

Андрэй Весялоўскі.
Андрэй Весялоўскі.

«Амэрыканцы маюць вагу ў любых размовах з удзелам Расеі, таму што яны кажуць наўпрост, не хаваючы таго, як яны бачаць паводзіны Расейскай Фэдэрацыі. Гэта значыць, яны слоў не выбіраюць, што не заўсёды робяць Францыя ці Нямеччына. Амэрыканцы адзіныя, хто кажа гэтак жа прамалінейна і жорстка, як размаўляе Расея».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG