Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чырвоны чалавек» на нашых вачах ператвараецца ў «зялёных чалавечкаў»


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Расейская эканоміка пад цяжарам вонкавай палітыкі перажывае цяжкія часы. Дэвальвацыя рубля з пачатку году набліжаецца да лічбы 50%. Гэта значыць, што кожны расеец за гэты час страціў амаль палову сваіх даходаў. Як гэта ўплывае на расейскую масавую сьвядомасьць?

Апошнія сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што амаль ніяк. Зьмены калі і ёсьць, то ў межах некалькіх працэнтаў. А 40% адказваюць, што дзеля велічы краіны гатовыя ісьці на ахвяры. У гэтым сэнсе Расея вяртаецца ў часы СССР, калі мільёны савецкіх людзей былі згодныя жыць без каўбасы, абы «нас баяліся». І нават 15 тысяч загінулых у Аўганістане ня надта зьмянілі такія настроі.

Сьвятлана Алексіевіч сваю кнігу прысьвяціла дасьледаваньню фэномэна «чырвонага чалавека». Высьвятляецца, што ён нікуды ня зьнік. Павінен быў здарыцца ўкраінскі крызіс, каб стала ясна, што гэта кніга не пра мінулае, а пра сучаснасьць. «Чырвоны чалавек» на нашых вачах ператвараецца ў «зялёных чалавечкаў».

Мяне заўсёды ўражвае, калі на расейскіх тэлеканалах зь вялізным імпэтам разьвенчваюць Сьцяпана Бандэру, падлічваюць ахвяры «бандэраўцаў». І гэта ў краіне, дзе найбольш шанаваным гістарычным дзеячам лічыцца людажэр Сталін. Калі лічыць колькасьць ягоных нявінных ахвяраў, то ў параўнаньні зь ім Бандэра, які, дарэчы амаль усю вайну праседзеў у нямецкіх засьценках, выглядае зусім інакш.

Стала амаль аксіёмай думка, што падтрымка большасьцю расейскага (і беларускага) насельніцтва расейскай агрэсіі ва Ўкраіне — гэта вынік масіраванай прапаганды тэлеканалаў РФ. У значнай ступені гэта так.

Але. У часы гарбачоўскай перабудовы асноўнай тэмай галоснасьці на старонках газэт і часопісаў было выкрываньне сталінскіх злачынстваў. Пра гэта шмат гаварылася, паказвалася па ТБ. І пазьней гэтая тэма была ў фокусе ўвагі. Дый цяпер яна асабліва не хаваецца. Выйшла нямала мастацкіх фільмаў, у якіх той пэрыяд яскрава паказаны праз драматычныя лёсы людзей.

То бок ніхто на постсавецкай прасторы ня можа ня мець інфармацыі пра той пэрыяд. І што? У 2008 годзе тэлеканал «Россия» ажыцьцявіў праект «Имя Россия». Інтэрнэт-карыстальнікі, тэлегледачы, радыёслухачы павінны былі абраць найбольш выбітнага дзеяча ў расейскай гісторыі. Пад сярэдзіну году зь вялікім адрывам лідзіраваў Ёсіф Сталін. Запахла скандалам. У той час расейскае кіраўніцтва яшчэ імкнулася выглядаць рэспэктабэльна. У выніку ўсё перайгралі, і пераможцам быў абвешчаны Аляксандар Неўскі.

Маўляў, няважна, што загубілі мільёны людзей, затое якую дзяржаву збудавалі!

Нядаўна на сайце беларускай газэты «Турызм і адпачынак» быў надрукаваны матэрыял, дзе кіраўніца адной з турфірмаў прапанавала памяняць назву гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна». Маўляў, назва адпуджвае замежных турыстаў. Матэрыял быў перадрукаваны шмат якімі расейскімі сайтамі. Зразумела, прапанова сустрэла дружны адлуп.

Усё гэта пацьвярджае вядомую ісьціну, што любая прапаганда дзейнічае толькі на людзей, якія маюць адпаведныя каштоўнасьці, аднолькавыя з тымі, якія прапануюць прапагандысты. У нашым выпадку ўсялякая нэгатыўная інфармацыя пра Сталіна ўтыкаецца ў савецкі мэнталітэт. І адскоквае як гарох ад сьценкі. Маўляў, няважна, што загубілі мільёны людзей, затое якую дзяржаву збудавалі! І той факт, што тая дзяржава абрынулася, бо выявілася нежыцьцяздольнай, не пераканаў гэтых людзей. Бо ў іх іншая карціна сьвету. Як адзначыла Сьвятлана Алексіевіч на нядаўняй сустрэчы з чытачамі ва ўкраінскай амбасадзе, «усе мы яшчэ „чырвоны чалавек“, у якога ідэя вышэйшая за жыцьцё».

Доўгі час савецкім запаведнікам лічылі Беларусь. Але, гледзячы па ўсім, гэты «ганаровы» статус цяпер трывала забрала сабе Расея.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG