Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рэчыцы жанчына сьвядома заражала мужчын ВІЧ-інфэкцыяй


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У Рэчыцы 25-гадовая жанчына сьвядома заражала мужчын ВІЧ-інфэкцыяй. Да гэтага часу нават у Сьветлагорску, дзе найбольш ВІЧ-інфікаваных, падобных выпадкаў амаль не было. Толькі аднойчы разьведзеная раней жанчына, выйшаўшы другі раз замуж, даведалася, што новы сужонак хворы на СНІД.

У Рэчыцы пацярпелі як мінімум чацьвёра мужчын. Гэта вынікае з паведамленьня мясцовага аддзелу Сьледчага камітэту, які вядзе дзьве крымінальныя справы па факце сьвядомага пастаўленьня іншага чалавека ў небясьпеку заражэньня ВІЧ-інфэкцыяй. Акалічнасьці крымінальнага злачынства высьвятляюцца. Вядома толькі, што мясцовая жыхарка нібыта помсьціла мужчынам за тое, што сама заразілася гэтай небясьпечнай інфэкцыяй.

Рэчыцкі грамадзкі актывіст Валер Пуціцкі зьвяртае ўвагу на тое, што апошнім часам у горадзе сярод маладых людзей наагул пачасьціліся жорсткія гвалтоўныя дзеяньні. Адносна маладых дзяўчат, у прыватнасьці:

«Хто ж яго ведае, чаму так атрымалася — такі жаночы тэрарызм. Наш горад становіцца нейкім такім дэпрэсіўным паселішчам. Ён часьцей за іншых фігуруе ў цяжкіх крымінальных справах: хлопцы дзевак то гвалцяць, то забіваюць. І цяпер вось зьявілася нейкая такая Робін Гуд у спадніцы, якая вырашыла помсьціць мужыкам, хлопцам».

Суразмоўца лічыць, што да дэпрэсіўнага стану й жорсткасьці спрычынілася, хутчэй за ўсё, сацыяльная неўладкаванасьць. У амаль 70-тысячным горадзе, апрача мэтызнага заводу й нафтавікоў, і працаваць асабліва няма дзе. У дрэваапрацоўчае аб’яднаньне «Рэчыцадрэў» дзяржава ўкладвае сродкі, але толку пакуль мала. Моладзь у горадзе застаецца неўладкаванай. Адсюль і дэпрэсіі, наркотыкі, трагедыі. Дзяўчына, напрыклад, сказала свайму 20-гадоваму хлопцу, што цяжарная — у адказ «каханы» зь сябрам забівае яе. Вось адна з рэчыцкіх трагедыяў.

У суседнім з Рэчыцай Сьветлагорску, дзе ў некалькі разоў больш ВІЧ-інфікаваных, фактаў сьвядомага заражэньня полавых партнэраў, па сутнасьці, не выяўлена. Сьветлагорцы ўзгадваюць толькі адзін даўні выпадак, калі разьведзеная раней жанчына, якая другі раз выйшла замуж, даведалася, што новы сужонак хворы на СНІД. Мужчыну пакаралі праз суд, бо не папярэдзіў перад шлюбам кабету, што мае такую праблему.

Лекар-нарколяг Уладзімер Раманцоў, які ў сваёй практыцы шмат сутыкаўся зь ВІЧ-інфікаванымі наркаманамі, лічыць, што сьветлагорцы ў зьвязку з выяўленым у горадзе СНІДам больш абачліва ставіліся да свайго здароўя. Таму й не было такога інфэкцыйнага экстрэмізму. Ва ўсякім разе, да крымінальных спраў не даходзіла:

«Падаецца, што ў Сьветлагорску людзі больш адукаваныя ў гэтай справе і больш зьвяртаюць увагу, што яны жывуць побач са СНІДам. Таму й не было такіх выпадкаў, як у Рэчыцы. Калі нешта такое здараецца, праводзіцца дасьледаваньне, у тым ліку й санітарна-эпідэміялягічнае. Мэдыкі такога чалавека дасьледуюць, выяўляюць кантакты — з кім, што і як. А навошта яна гэта зрабіла, трэба ўжо пытацца ў дзяўчыны».

Мэдык лічыць, што крымінальная адказнасьць за наўмыснае заражэньне партнэра павінна быць. Але яна, вядома, ня вырашыць праблему:

Яна ж, гэтая рэчыцкая жанчына, пэўна, спала і з нармальнымі мужчынамі, здаровымі. Яны ж ведалі, на што ішлі

«Гэта такая надзея, што адказнасьць спыніць распаўсюд ВІЧ-інфэкцыі. Але найбольш тут залежыць усё ж ад грамадзтва, ад насельніцтва. Калі людзі будуць паважліва ставіцца да сваіх сэксуальных кантактаў, асьцерагацца небясьпечных кантактаў, карыстацца сродкамі аховы, тады нешта зрушыцца. Яна ж, гэтая рэчыцкая жанчына, пэўна, спала і з нармальнымі мужчынамі, здаровымі. Яны ж ведалі, на што ішлі. Хацелася, відаць, з маладзейшай паспрабаваць. Трэба сацыяльны статус пацярпелых паглядзець, матывы. Цяпер, ведаеце, такое жыцьцё: маральныя прынцыпы сталі даволі слабымі».

Сьветлагорскі літаратар Вадзім Болбас лічыць, што выпадак з заражэньнем ВІЧ-інфэкцыяй мужчын — жахлівы:

«Проста жудасны. Але й мужчыны ставяцца недастаткова беражліва да свайго здароўя. Мужчыны ва ўсім сьвеце такія. У грамадзтве пазашлюбныя полавыя зносіны лічацца нормай. Часьцей жанчын асуджаюць. У асяродзьдзі мужчын, у грамадзтве ў цэлым гэтага не назіраецца, дый ніколі не назіралася».

XS
SM
MD
LG