Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ёсьць беларусы-эўрапейцы і беларусы-эўраазіяты. Абодва тыпы належаць да адной нацыі, але да розных цывілізацый.

Як і ў выпадку з картай паляка, карта эўрапейца дае ўладальніку пэўныя льготы і выгоды, галоўная зь якіх – адчуваньне прыналежнасьці да вольнага сьвету, дзе ёсьць выбары, незалежны суд і свабодныя СМІ, дзе паважаюць уласнасьць, дзе цэняць асобу і посьпехі чалавека.

У адрозьненьне ад карты паляка, карта эўрапейца не выдаецца, што, аднак, не замінае мець і дэманстраваць іншым сваё адчуваньне прыналежнасьці да вольнага сьвету. А льготы і выгоды тут выступаюць у выглядзе нашых з вамі паводзінаў.

Да прыкладу, большасьць машын на беларускіх дарогах езьдзіць без запаленага сьвятла ня толькі ў сьветлы дзень, але і ў смугу ды імжаку. І я ўжо ведаю, што кіроўцы гэтых аўто належаць да эўраазіяцкай цывілізацыі, бо эўрапейцы езьдзяць з запаленым бліжнім сьвятлом заўсёды.

Альбо вось чалавек зайшоў у краму (установу, пад’езд, ліфт) і не павітаўся, а выходзячы, не разьвітаўся. Гэта эўраазіят. У мяне няма да яго прэтэнзій, бо ён такі і ўсё тут. Галоўнае, каб я сам не забываўся вітацца і разьвітвацца, нават калі на гэта ніхто не адказвае.

У сучасным сьвеце мы маладая краіна – такая ж як Літва або Польшча або Чэхія. Як і яны, мы мусім прывыкаць падтрымліваць айчынных вытворцаў, бо па выніку ад гэтага будзе залежаць наш дабрабыт. Але нашы крамы літаральна заваленыя расейскімі таварамі і прадуктамі, купляючы якія, мы падтрымліваем анэксію Крыму і вайну ў Данбасе. Ці нам гэта трэба?

У Беларусі абсалютная большасьць людзей жыве без выразнага ўсьведамленьня, дзе менавіта яны жывуць (горад, краіна) і хто яны паводле нацыянальнасьці. Гэтаму ня вучаць дзетак. Усё так, як калісьці ў СССР, – зямля наша бязьмежная, ад Буга да Курыл, а самі мы проста чалавекі. Нават такі дэмакратычны актывіст як Павал Вінаградаў кажа, што ён не беларус, а хто – сам ня ведае. Гэта не па-эўрапейску. Каб чагосьці дасягаць і нешта мець, а тым больш нешта мяняць, ты мусіш ведаць сваю геаграфічную і нацыянальную лякалізацыю. Толькі пры такіх умовах магчымае ўзаемадзеяньне людзей у супольнасьці пінчукоў ці палачан, гарадзенцаў ці магілёўцаў і, натуральна, беларусаў.

Думаю, гэты пералік вымогаў карты эўрапейца кожны з вас можа дапоўніць сваімі патрабаваньнямі, каб беларусы, арыентаваныя на вольны сьвет, маглі пазнаваць адзін аднаго і на дарозе, і ў краме, і ў ліфце. Бо беларусам-эўраазіятам важна якраз адваротнае – каб ніякіх вымогаў не было, каб іх «ніхто не чапаў», і нейкія там карты ім без патрэбы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG