Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія ростані Захаду


Заходні друк камэнтуе апошнія падзеі ва Ўкраіне і вакол яе — ўмацаваньне вайсковай сілы сэпаратыстаў на ўсходзе краіны, прапановы афіцыйнага Кіеву аб новым фармаце перамоваў па дээскаляцыі канфлікту, перамовы паміж кіраўнікамі МЗС Расеі і Нямеччыны, якія адбыліся ўчора ўвечары ў Маскве.


El Pais (Гішпанія)

Сяргей Лаўроў і Франц-Вальтэр Штайнмаер, міністры замежных спраў Расеі і Нямеччыны, на сустрэчы ў Маскве ў аўторак сышліся на тым, што для спыненьня вайны на ўсходзе Ўкраіны патрабуецца шырокае пагадненьне Кіева з сэпаратыстамі, якое задавальняла б інтарэсы абодвух бакоў у рамках агульнай дзяржавы.

Штайнмаер заўважыў, што было б «вельмі лёгка прыйсьці да высновы, што менскія дамоўленасьці не выконваюцца», але папярэдзіў ад гэтай «лёгкасьці». «Я не бачу ваеннага выхаду з гэтага канфлікту, і таму мы маем патрэбу ў намаганьнях ўсіх, у тым ліку Расеі, каб дамагчыся ўрэгуляваньня сытуацыі» — сказаў кіраўнік нямецкага МЗС.

Міністры занялі гэтыя пазыцыі на фоне пагаршэньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, дзе працягвае парушацца пагадненьне аб спыненьні агню, а сэпаратысты ладзяць супраціў, абапіраючыся на расейскую дапамогу. Штайнмаер і Лаўроў далі штуршок дыпляматыі ў той момант, калі прэзыдэнт Парашэнка і прэм’ер Яцанюк зноў ўзялі курс на вайну, а таксама калі прапаноўваліся іншыя пляцоўкі для перамоваў, акрамя Менску — сталіцы краіны, саюзьніцы Расеі.

Прапановы Парашэнкі і Яцанюка адрозьніваліся, але ў іх быў агульны элемэнт: і той і іншы адпрэчваюць прыхільнікаў незалежнасьці як суразмоўцаў на прамых перамовах.

Расея і Нямеччына прымушаюць бакі да перамоваў, прычым у Масквы свае прычыны, у Бэрліна свае. Штайнмаер сьпяшаецца заняцца іншымі пагрозамі, якія існуюць ў сьвеце — становішчам на Блізкім Усходзе, падзеямі ў Сырыі і перамовамі зь Іранам, тады як Расея гне сваю лінію, накіраваную на тое, каб прымусіць Украіну да фэдэралізацыі.

The Washington Times (ЗША)

У аўторак кіраўнік НАТО выказаў папярэджаньне: акрамя накіраваньня войскаў і ваеннай тэхнікі ва Ўсходнюю Ўкраіну, Масква цяпер сур’ёзна нарошчвае ваенныя сілы на расейскім баку мяжы з Украінай.

«Мы заклікаем Расею адвесьці войскі» — сказаў генэральны сакратар НАТА Ёнс Столтэнберг. Па яго словах, дадзеныя выведкі сьведчаць аб тым, што на ўсход Украіны ідзе паток расейскіх войскаў, танкаў, артылерыі і ўдасканаленых зэнітных комплексаў.

Апошнія падзеі выклікалі асьцярогу ў Вашынгтоне, што Масква ў цяперашні час, магчыма, рыхтуецца да спробы паўтарэньня дзеяньняў у Крыме шляхам анэксіі значнай часткі Ўсходняй Украіны.

Bild (Нямеччына)

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман: «Канфлікт вакол Украіны вырашыцца, расейцы не змогуць пратрымацца працяглы час без грошай і тэхналёгій з Захаду і таму пойдуць на кампрамісы. Куды большую небясьпеку, чым Расея,ўяўляе ісламскі тэрарызм, які мацнее і стварае ўсё большую пагрозу бясьпецы Эўропы. Барацьба з гэтай пагрозай зойме некалькі дзесяцігодзьдзяў. Усім сусьветным дзяржавам — Эўропе, ЗША, Расеі і Кітаю — неабходна згуртавацца, інакш нам прыйдзецца сутыкнуцца з другім 11 верасьня».

Frankfurter Allgemeine (Нямеччына)

Галоўнакамандуючы аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТА ў Эўропе генэрал Філіп Брыдлаў заявіў, што бліжэйшыя тыдні ці месяцы сэпаратысты на ўсходзе Ўкраіны могуць пайсьці на прарыў і паспрабаваць павялічыць кантраляваную імі тэрыторыю.

Паводле генэрала, «калі больш уважліва прыглядзецца да тэрыторый на Данбасе, падкантрольных сілам, якім аказваецца падтрымка з Расеі, то робіцца відавочным, , што яны не зьяўляюцца завершаным і самастойным рэгіёнам». Частка аўтамабільных дарог праходзіць па-за зонай, занятай сэпаратыстамі, да таго ж яны не кантралююць Данецкі аэрапорт і ня маюць выхаду да мора. «Таму я лічу, што ўзбраеньне, якое ў цяперашні час пастаўляецца сэпаратыстам з Расеі, будзе выкарыстанае для ператварэньня кантраляваных імі тэрыторый у рэгіён з больш выразнымі межамі, што, у сваю чаргу, дазволіць істотна палепшыць шляхі забесьпячэньня» — сказаў генэрал.

Ён адзначыў, што «ад перамір’я, заключанага раней, засталася толькі адна назва: баі аднавіліся ў ранейшай жорсткай форме. Пастаўкі сэпаратыстам ўзбраеньняў з Расеі, у тым ліку цяжкіх, робяцца праз празрыстую цяпер былую міжнародную мяжу Расеі і Ўкраіны. Не адбылося істотных зьменаў і ў дыслякацыі расейскіх войскаў ўздоўж ўкраінскай мяжы Мы назіраем перасоўваньне вайсковых аддзелаў, іх агульная колькасьць працягвае заставацца на ранейшым узроўні ў восем батальёнаў».


Пры падрыхтоўцы былі выкарыстаныя пераклады парталу Inopressa

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG