Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўлоўскі: як рэйтынг даверу пераходзіць у рэйтынг недаверу


Расейскі палітоляг, былы піяршчык Крамля Глеб Паўлоўскі ў інтэрвію
выданьню Gazeta. ru даў сваю інтэрпрэтацыю цяперашніх завоблачных рэйтынгаў падтрымкі Ўладзімера Пуціна: «Як з айсбэргам. Калі ён падтае, то не апускаецца ў ваду, а раптам пераварочваецца. Рэйтынг даверу пераходзіць у рэйтынг недаверу».

Паўлоўскі: Панылыя трансьляцыі рэйтынгаў, як у савецкі час трансьлявалі казацкі хор, самі па сабе гавораць аб маніпуляцыі. Сэнс яе ў тым, каб вы, не адрываючыся, глядзелі на лічбы. Бо яны (ўлада) як думаюць: калі што пойдзе ня так і рэйтынг пачне зьніжацца, то будзе яшчэ час, каб падрыхтавацца. Але ўсё ніколі не адбывалася так. Самападман ў палітыцы думаць, што ў цябе шматслаёвая сыстэма абароны і, пакуль будзе згараць адна абалонка, ты за другой пасьпееш падрыхтавацца. Але на практыцы ў людзях адбываюцца нечаканыя перакульваньні. Як з айсбэргам. Калі ён падтае, то не апускаецца ў ваду, а раптам пераварочваецца. Рэйтынг даверу пераходзіць у рэйтынг недаверу.

На мітынгі і дэманстрацыі эпохі перабудовы хадзілі не дысыдэнты, а савецкія службоўцы, вайскоўцы, супрацоўнікі КДБ і міліцыі. І яны з перакошанымі тварамі крычалі «далоў». У такіх сытуацыях забываецца абсалютна ўсё. І тады нагадваць людзям: «А памятаеце, які ў мяне быў пазаўчора рэйтынг?» — стане проста небясьпечна.

Gazeta.ru: Калі казаць пра Пуціна, то па якіх прычынах яго рэйтынг можа перавярнуцца, як айсбэрг?

Паўлоўскі: Ды па якім заўгодна, хоць — «надакучыў». Разумееце, людзі ўсё ж не лялькі, яны ўдзельнікі ў сваім жыцьці. Кожны гуляе сябе ў нейкім спэктаклі, які ён сам сабе ставіць. Яму дарагі гэты спэктакль, ён залучае ў яго сяброў і блізкіх. Аднойчы ў людзей узьнікае пачуцьцё, што спэктакль зацягнуўся, сюжэт надакучыў і героя падмянілі. Калі такое адчуваньне прыходзіць, новым героем можа апынуцца хто заўгодна. Нават рабочы сцэны — проста таму, што ён высокага росту і ў яго мужны твар.

Мой настаўнік — гісторык Міхаіл Гефтэр казаў 20 год таму, што, калі ўсе ў небясьпецы і ня ведаюць, што рабіць, ім часова мілы Ельцын — сваім ростам, тэмбрам голасу ён будзе ўсяляць у іх прывідную надзею на тое, што выведзе ў бясьпечнае месца. Пры гэтым за дзень да таго ён быў для ўсіх проста адным з партрэтаў чальцоў Палітбюро. Тое ж будзе і тут.

Gazeta.ru: Будзе ці можа быць?

Паўлоўскі: Можа быць. Я ўвогуле ня веру, што ў палітыцы што-небудзь наканаванае. Але цяпер занадта хутка зношваецца наша дзяржаўная сыстэма. Яна так і засталася штучнай прыбудовай, не паспрабавала зрасьціся з глебай, даць месца людзям. Яна абараняе толькі саму сябе. Ёсьць такое паняцьце «маральная састарэласьць абсталяваньня». Станок яшчэ працуе, але маральна ўжо састарэў, і калі зламаецца, запчастак не знойдзеш. Умеў яго рамантаваць толькі дзядзька Ваня, але дзядзька Ваня пайшоў на пэнсію. Сыстэма падышла да парога маральнай састарэласьці.

XS
SM
MD
LG