Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў: перамовы па Ўкраіне без удзелу прадстаўнікоў Паўднёвага Ўсходу — пройдзены этап


Сяргей Лаўроў
Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, выступаючы сёньня падчаса «ўрадавай гадзіны» ў Дзярждуме, ізноў заявіў, што Масква ніякім чынам не ўдзельнічае ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны, а спробы Захаду сьцьвярджаць адваротнае «ня маюць шанцаў на посьпех».

Паводле яго словаў, усе крокі па ўрэгуляваньні крызісу ва Ўкраіне раз за разам блякуюцца заходнімі краінамі.

Лаўроў таксама выказаў меркаваньне, што ўказ украінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі аб спыненьні сацыяльных выплат на тэрыторыях, кантраляваных сэпаратыстамі, можа быць падрыхтоўкай да аднаўленьня баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны.

Кіраўнік МЗС Расеі заявіў, што жэнэўскі фармат перамоваў па Ўкраіне, да якога заклікаюць вярнуцца ўкраінскія палітыкі, — пройдзены этап. Лаўроў лічыць, што такім чынам яны спрабуюць выключыць з працэсу прадстаўнікоў сэпаратыстаў.

«Гэты плян я бачу ў тых заявах, якія робіць, у прыватнасьці, Арсень Яцанюк і яго каманда аб тым, што трэба вярнуць усе гэтыя перамовы ў жэнэўскі фармат,» — сказаў расейскі міністар.

Паводле яго, жэнэўскі фармат быў карысны, «калі не было наўпроставага дыялёгу паміж Кіевам і Паўднёвым Усходам».

«Цяпер гэты дыялёг усталяваны. Будзе злачынна яго разбураць», — заявіў Лаўроў.

Учора прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк заявіў, што Кіеў запрашае Маскву на перамовы на нэўтральнай тэрыторыі па дээскаляцыі сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.

Новы фармат перамоваў па Ўкраіне абмяркоўваў учора ў Кіеве і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка з міністрам замежных справаў Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.

«У кантэксьце міжнародных намаганьняў для мірнага ўрэгуляваньня суразмоўцы пагадзіліся ў мэтазгоднасьці розных шматбаковых фарматаў перагавораў, якія вядуць да спыненьня агню, вываду войскаў і тэхнікі і вызваленьня закладнікаў. У прыватнасьці, акрамя жэнэўскага і нармандзкага фарматаў, была прапанаваная ідэя так званага вэймарскага фармату з удзелам Нямеччыны, Польшчы і Францыі » - паведаміла прэсавая служба прэзыдэнта Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG