Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Над апошнім альбомам гурт «Крама» працаваў 20 гадоў. А песьню «Белая вада» прысьвяцілі падзеям ва Ўкраіне. Новы канцэрт «Крамы» адбудзецца 28 лістапада.

Канцэрт легендарнага гурта «Крама» адбудзецца ўжо 28 лістапада. На сцэне сталічнага Палацу культуры чыгуначнікаў музыкі, гэнералы айчыннага року прэзэнтуюць свой апошні альбом «Белая вада».

Лірычны, рок-н-рольны, драйвовы — на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды прэзэнтацыі альбому музыкі гурта «Крама» і аўтары тэкстаў песень распавялі пра новы альбом, ці вераць яны ў лібэралізацыю і выключэньне з «чорнага сьпісу», пра зайздрасьць да Міхалка і як песьні гурта перагукаюцца з падзеямі ва Ўкраіне.

«Над гэтым альбомам мы працавалі 20 гадоў»

Творчая праца над новым альбомам «Крамы» пад назваю «Белая вада» расьцягнулася ажно на 20 гадоў, а гэта практычна ўвесь час існаваньня гурта. Пра гэта распавёў франтмэн «Крамы» Ігар Варашкевіч:

«Песьня „Твой накірунак“ з гэтага альбому была напісаная яшчэ ў 1995 годзе. І фактычна толькі цяпер яна пабачыць сьвет. А вось фізычная праца над альбомам расьцягнулася на 4 гады: першую частку мы запісалі 5 гадоў таму, але ў нас узьніклі рознагалосьсі і мы прыпынілі працу над ім. Скончылі запіс альбома ўжо сёлета».

Паводле лідара «Крамы», альбом атрымаўся ва ўсіх сэнсах сталы — пасталелі і самі музыкі, «настаяліся» тэксты песень, а музыка стала больш якасная. Увогуле, кажа Ігар Варашкевіч, гэты альбом найбольш якасны па гучаньні з усіх папярэдніх. Паводле лідара «Крамы», да паляпшэньня якасьці гуку мусяць імкнуцца ўсе музыкі, бо «гэта толькі ў Савецкім Саюзе слухалі Высоцкага на кепскіх стужках».

Журналіст Зьміцер Лукашук, які напісаў словы да многіх песень гурта, прызнаўся, што «доўгае ляжаньне ў тэчцы» сваіх тэкстаў пайшло ім толькі на карысьць:

Дзьмітры Лукашук

Дзьмітры Лукашук

«Я ўвогуле ня верыў, што тэксты, напісаныя мной да песень, будуць Ігарам скарыстаныя. Я думаю, што яны не спадабаліся ці былі нясвоечасовыя. Але Ігар раптам іх апрацаваў і сабраў у альбом, які атрымаўся вельмі канцэптуальны і сур’ёзны па зьмесьце і музычным падыходзе».

«Мы прысьвячаем свае песьні Ўкраіне»

Нягледзячы на тое, што песьні былі напісаныя даўно, яны ня страцілі сваёй актуальнасьці і цяпер, лічаць музыкі гурта. Лідар «Крамы» Ігар Варашкевіч распавёў, што песьню «Белая вада», якая дала назвую ўсяму альбому, прысьвячае падзеям ва Ўкраіне

«Мы ня пішам песень на нейкія падзеі, ня пішам фэльетонаў, не кажам: нешта адбылося, таму давайце адразу рэагаваць. Мы спрабуем граць якасныя песьні, якасную музыку, каб людзі слухалі, разумелі сэнс і каб гэта на іх уплывала, абуджала іх. Ва Ўкраіне ёсьць гурт „Океан Эльзи“, які не патрабуе словаў, бо патрыятызм адчуваецца ў музыцы. Гэтак спрабуем рабіць і мы».

Зьміцер Лукашук адзначыў, што нават напісаную на пачатку 90-х гадоў песьню «Бяжы, бяжы, хлопец!» можна перанесьці як на сёньняшнія падзеі ва Ўкраіне, гэтак і Беларусі, бо гэта «песьня пра людзей, якія імкнуцца да сьвятла і волі».

«У кожным горадзе ёсьць чыноўнік, які любіць „Краму“... забараняць»

«Крама» ўжо цягам больш як двух дзесяцігодзьдзяў трымаецца сваёй лініі, свайго стылю — гэта клясычны рок і толькі па-беларуску. На пачатку свайго існаваньня гурт гучаў нават з экранаў дзяржаўнага тэлебачаньня. Пазьней усе канцэрты «Крамы» ў Беларусі былі пад неафіцыйнаю забаронаю і адбываліся ў клюбным фармаце. Цяпер жа свой альбом музыкі прэзэнтуюць у Палацы культуры чыгуначнікаў. У тое, што адбываецца нейкая лібэралізацыя, Ігар Варашкевіч ня верыць:

«Калі ты выступаеш у фармаце клюба „Графіці“, гэтых забаронаў не заўважаеш, а калі паспрабуеш паехаць па Беларусі з канцэртамі — усё можа быць. У кожным горадзе сядзіць свой чыноўнік, які любіць „Краму“... забараняць. Я з гэтай дзяржавай не гуляюся ў ніяікя гульні і ніякіх ілюзіяў не маю. Як „разбаранілі“, гэтак заўтра забароняць ізноў».

Таму пакуль вялікага тура і гастроляў па Беларусі музыкі не плянуюць, хоць прэзэнтаваць новы альбом у іншых беларускіх гарадах хацелі б. Але, кажа Ігар Варашкевіч, трэба, каб людзі прыйшлі на канцэрты:

«Шмат людзей пра нас папросту ня ведаюць або пытаюцца, ці мы яшчэ працуем. Калі нас не паказваюць на тэлебачаньні ці мы не прыяжджаем з канцэртамі, яны думаюць, што мы спынілі сваё існаваньне. Жыцьцёвых праблемаў ад забароны насамрэч шмат. Калі ты не маеш працы, то не можаш зарабіць грошай. У такім узросце пра гэта думаць вельмі цяжка. Хацелася б думаць толькі пра творчасць, а не пра тое, дзе знайсці кавалак хлеба».

Ігар Варашкевіч

Ігар Варашкевіч

«Я зайздрошчу Міхалку»

Некалькі месяцаў таму «Крама» прэзэнтавала кліп на песьню «Дзяўчынка са шклянымі вачыма». Паводле музыкаў гурта, гэта першы кліп, зроблены сапраўды прафесійна. І хоць выступяць «крамаўцы» са сваім новым альбомам на дзяржаўнай пляцоўцы, апошні кліп гурта зь невядомай прычыны на тэлебачаньні адмаўляюцца паказваць, — распавёў Ігар Варашкевіч:

«Я шчыра зайздрошчу Міхалку, у якога як толькі песьня — адразу кліп. Калі мы запішам кліп на яшчэ адну песьню, то які будзе ягоны лёс, хто яго будзе паказваць, калі для нас няма дарогі на тэлебачаньне?».

Лідар «Крамы» спадзяецца, што альбом «Белая вада» будзе ўспрыняты як першыя альбомы і першыя песьні гурта, якія найбольш упадабалі ягоныя слухачы. У новым альбоме ёсьць як лірычныя, гэта і больш жорсткія, дынамічныя кампазыцыі. Шмат таксама дарослай рок-н-рольнай сатыры.

Гэтаксама ў сапраўдным рок-н-рольным стылі плянуе Ігар Варашкевіч і наступны альбом «Крамы». Прынамсі, кажа, музычных матэрялаў ў гурта дастаткова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG