Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура раптам адклікала свой пратэст на адлічэньне Андруся Цянюты


Андрусь Цянюта

Андрусь Цянюта

Гомелькі абласны суд 18 лістапада адхіліў касацыйную скаргу сустаршыні «Маладога фронту» Андруся Цянюты на адлічэньне зь дзяржунівэрсытэту імя Францішка Скарыны.

На рашэньне судзьдзі Цэнтральнага раёну Вольгі Казловай, якая першапачаткова адмовілася аднавіць Цянюту ва ўнівэрсытэце, касацыйны пратэст падаў таксама намесьнік гарадзкога пракурора Аляксей Гаўрыкаў. Ён канстатаваў, што «з рашэньня суду ня бачна, на якіх падставах суд прыйшоў да высноў, выкладзеных у рашэньні, якімі доказамі яны пацьверджаны».

«Калі я прыйшоў сёньня ў абласны суд, то даведаўся, што намесьнік пракурора гораду адклікаў свой пратэст. Матывы мне невядомыя. А сьледам і суд пакінуў маю скаргу без задавальненьня. Сваё адлічэньне з унівэрсытэту я лічу палітычна матываваным,» — сказаў Радыё Свабода Андрусь Цянюта.

Маладафронтавец платна вучыўся на 3-м курсе завочнага факультэту па спэцыяльнасьці «Правазнаўства». Няздадзеных залікаў і экзамэнаў у яго не было. Апошнім часам ён меў толькі два адміністрацыйныя спагнаньні за грамадзкую і палітычную дзейнасьць. За распаўсюд антыалькагольных улётак адміністрацыйная камісія Савецкага раёну яго аштрафавала, але суд скасаваў штраф і замяніў на вымову. Апрача таго, 4 траўня блізу поўначы за 200 мэтраў ад дому Цянюту затрымалі амапаўцы. Абвінавацілі ў дробным хуліганстве — нібыта ён брыдкасловіў на пустыннай вуліцы, «чым парушаў парадак і спакой грамадзянаў». Маладафронтаўца праз суд аправілі за краты на 10 сутак. Гэта было акурат перад пачаткам чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску, калі актывістаў прэвэнтыўна «зачышчалі» і ў іншых рэгіёнах краіны.

Пасьля гэтага рэктар унівэрсытэту імя Францішка Скарыны Аляксандар Рагачоў і падпісаў загад пра адлічэньне Цянюты, як сказана, за «ўчыненыя сыстэматычныя супрацьпраўныя дзеяньні ў адпаведнасьці з пунктам 5.8 артыкулу 79 і актыкулу 128 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адукацыі , пунктаў 8.1.11 і 8.2 Правілаў унутранага распарадку для навучэнцаў».

Адрусь Цянюта мае намер падаць скаргу на імя старшыні Гомелькага абласнога суду і ў Вярхоўны суд.

XS
SM
MD
LG