Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амэрыканскі мэдычны часопіс зацікавіўся Беларусьсю


У прэстыжным навуковым часопісе Сancer Нацыянальнага інстытуту раку ЗША апублікаваныя дасьледаваньні беларускіх мэдыкаў, якія даказваюць залежнасьць раку і цэлага спэктру захворваньняў шчытападобнай залозы ад дозы радыяцыйнага апраменьваньня.

Артыкул прайшоў даволі сур’ёзную і нават жорскую экспэртызу, якая доўжылася паўтара году, апавёў адзін з суаўтараў дасьледаваньня, загадчык клініка-экспэрымэнтальнага аддзелу Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека Эльдар Надыраў.

У Беларусі грунтоўныя дасьледаваньні па раку шчытападобнай залозы пачалі праводзіцца з пачатку 1990-х. Яшчэ ў 1992 годзе ў адным з найстарэйшых і аўтарытэтных агульнанавуковых часопісаў Nature зьявіўся артыкул Васіля Казакова, Яўгена Дзямідчыка, Ларысы Астахавай «Рак шчытападобнай залозы пасьля Чарнобыля», у якім былі прыведзеныя доказы, што пасьля аварыі на ЧАЭС колькасьць выпадкаў анкалёгіі сярод дзетак значна ўзрасла ў параўнаньні з дааварыйным пэрыядам.

На пачатку 90-х у Беларусі была сфармаваная кагорта пацыентаў, якія падпалі пад радыяцыйнае апраменьваньне ў момант аварыі, у іх былі зробленыя замеры дозы, і ўжо шмат гадоў за імі мэдыкі пастаянна назіраюць, кажа адзін з сааўтараў дасьледаваньня Эльдар Надыраў:

«Група даволі вялікая — 12 тысяч чалавек. У некаторых пацыентаў была дыягнаставаная проста вузлавая паталёгія, то бок даволі лёгкая форма паталёгіі, некаторыя абсалютна здаровыя. Але ў значнай часткі разьвіўся рак шчытападобнай залозы. Дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што чым вышэй былі дозы апраменьваньня, тым большая рызыка захварэць на рак, і тым больш агрэсіўныя асаблівасьці пухлінаў».

У беларускай кагорце дасьледчыкі дыягнаставалі 158 выпадкаў раку шчытападобнай залозы сярод 11 664 дасьледаваных цягам трох раўндаў скрынінгу.

Расея, Украіна, Беларусь — краіны, якія сутыкнуліся з істотным ростам раку шчытападобнай залозы, атрымалі такі досьвед раньняй дыягностыкі, якога няма ў сьвеце, кажа Эльдар Надыраў:

Дзякуючы раньняй дыягностыцы і адэкватнаму лячэньню рак шчытападобнай залозы цалкам вылечваецца

«Таму ўсе папілярныя ракі, радыяцыйна індукаваныя (а гэта 95% ракаў шчытападобнай залозы) — дыягнастуюцца на раньняй стадыі. 10-гадовая выжывальнасьць у такіх пацыентаў — 96%. А калі скарэктаваць, прыбраць асобаў, якія памерлі не ад раку (аварыі, інфаркты, іншыя захворваньні, не зьвязаныя з анкалёгіяй), то выжывальнасьць атрымаецца і ўсе 100%. То бок дзякуючы раньняй дыягностыцы і адэкватнаму лячэньню рак шчытападобнай залозы цалкам вылечваецца. Таму пасьля аварыі на Фукусіме да нас пастаянна прыяжджаюць японцы, запрашаюць нашых спэцыялістаў падзяліцца досьведам. Таму што ў іх таксама павялічылася колькасьць захварэлых на рак шчытападобнай залозы. Выявілі яны парадку 70 выпадкаў, але гэта збольшага мікраканцэномы памерам у некалькі мілімэтраў».

Аўтары дасьледаваньня, апублікаванага ў часопісе Сancer, — адмыслоўцы зь Беларускага рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны Эльдар Надыраў, Аляксандар Ражко, Вольга Палянская, Васіліна Яўсеенка, Ірына Савацеева, Сяргей Нікановіч; Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Юры Дзямідчык і Аляксандар Няроўны; Віктар Міненка з НДІ ядзерных праблем. У дасьледаваньні таксама бралі ўдзел навукоўцы з Калюмбійскаўа ўнівэрсытэту і клінік ЗША. Дасьледчыкі рыхтуюць працяг публікацыі.

XS
SM
MD
LG