Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вылучэньне адзінага кандыдата ад апазыцыі: прарыў ці правал?


Пяць зь сямі апазыцыйных арганізацыяў падпісалі пагадненьне аб працэдуры абраньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году. Ці можна лічыць гэтую падзею канчатковым расколам апазыцыі? Якія пэрспэктывы дасягненьня адзінства? Колькі будзе апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах?

Удзельнікі: старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Ці можна лічыць, што адбыўся канчатковы раскол апазыцыі?

Валер Карбалевіч: «Ужо шмат месяцаў ішлі перамовы паміж сямю апазыцыйнымі структурамі аб стратэгіі і тактыцы ўдзелу дэмакратычных сілаў у прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году. І без асаблівых вынікаў. Спадар Янукевіч, мінулым тыднем вы сказалі фразу, якая абышла многія мэдыі, што дамовіцца па кандыдатуры адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах практычна немагчыма.

І вось у панядзелак пяць арганізацыяў падпісалі пагадненьне аб працэдуры абраньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году. Гэта ваша Партыя БНФ, кампанія „Гавары праўду“, рух „За свабоду“, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і аргкамітэт па стварэньні партыі „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя“. Дзьве партыі — АГП і Беларуская партыя левых „Справядлівы сьвет“ — дакумэнт не падпісалі. Сп. Янукевіч, як вы пракамэнтуеце гэтую падзею? Гэта крок наперад, выйсьце з тупіку? Ці наадварот, крок да расколу?»

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч: «Безумоўна, гэта крок наперад, але яшчэ ня выйсьце з тупіку. Мы толькі за адзін крок ад вылучэньня адзінага кандыдата. Паводле нашых дамоўленасьцяў рашэньне легітымнае, калі ёсьць шэсьць подпісаў. Пакуль іх пяць. І любы подпіс, у тым ліку, сп. Лябедзькі, можа запусьціць працэдуру вылучэньня адзінага кандыдата. Раней такой сытуацыі не было».

Карбалевіч: «Сп. Янукевіч, з вашых словаў вынікае, што вы будзеце чакаць шостага подпісу. Але калі шостага подпісу доўга ня будзе, то колькі будзеце чакаць? У якім выпадку вы запускаеце працэдуру правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў, каб выбіраць адзінага ў рамках пяці арганізацыяў, якія падпісалі ў панядзелак гэты дакумэнт?»

Янукевіч: «Мы цьвёрдыя прыхільнікі выбару адзінага кандыдата. Таму мы будзем чакаць столькі, колькі нашым калегам неабходна, каб вызначыцца. Калі ж нашы партнэры будуць на месяцы зацягваць падпісаньне гэтай працэдуры альбо яны цьвёрда заявяць, што ня будуць падпісваць дакумэнт, тады будзем абмяркоўваць нашы далейшыя дзеяньні».

Карбалевіч: «Сп. Лябедзька, чаму ваша партыя не падпісала дакумэнт? Што вас не задавальняе ў той працэдуры, якая ў ім вызначаная?»

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька: «Па-першае, з гледзішча інфармацыйнай правакацыі дзеяньні нашых партнэраў можна ацаніць на пяць балаў. А вось з гледзішча кансалідацыі апазыцыі і практычнага вырашэньня задачы вылучэньня адзінага кандыдата — гэта двойка зь мінусам. Бо не адбылося ніякага прарыву. Проста зафіксаваная сытуацыя, якая назіраецца апошнія 5–6 месяцаў. У нас было ня менш як сто разоў, калі тое ці іншае рашэньне атрымоўвала пяць галасоў, і мы часта былі ў большасьці. Але мне не прыходзіла ў галаву ў такой сытуацыі перадаваць гэта ў мэдыі. Тое, што адбылося ў панядзелак, стварае яшчэ большы крызіс даверу, які і так існуе ў апазыцыі. Мы аддаліліся ад вырашэньня той задачы, дзеля якой стваралі нашу аб’яднаную структуру.

Мы супраць таго, каб у працэдуры вылучэньня дэлегатаў на кангрэс быў збор подпісаў. Бо гэта дрэнна паддаецца кантролю і стварае дадатковыя праблемы».

Навошта патрэбен кангрэс?

Янукевіч: «У дадзенай сытуацыі двойка зь мінусам — гэта якраз партыі АГП і „Справядлівы сьвет“. А пяцёрка — гэта тыя пяць арганізацыяў, якія падпісаліся пад згаданым дакумэнтам. У сытуацыі крызісу даверу выходзіць зь яго можна толькі празь нейкія пісьмова зафіксаваныя дамовы.

Партыя БНФ таксама выступала супраць збору подпісаў і супраць „праймэрыз“. Мы прапанавалі выкарыстоўваць толькі сходы. Але калі кожная арганізацыя будзе цьвёрда стаяць на сваёй пазыцыі і ня будзе шукаць кампрамісаў, то ніякага адзінага кандыдата ня будзе. Падпісаны варыянт — якраз кампрамісны. Там ёсьць і „праймэрыз“, і сходы, і збор подпісаў. І збор подпісаў не ў першапачатковым варыянце, а ў скарэктаваным. Паводле новай працэдуры там скарочана колькасьць кандыдатаў, якіх абіраюць праз збор подпісаў. Пытаньні, пад якімі павінны зьбірацца подпісы, зацьвярджаюцца супольна».

Лябедзька: «Мы пайшлі на самы вялікі кампраміс, калі адмовіліся ад ідэі „праймэрыз“. Але галоўныя супярэчнасьці не ў працэдурных момантах. Праблема ў тым, што кааліцыя „Народны рэфэрэндум“ да сёньняшняга дня ня вызначылася з кандыдатурай на статус адзінага кандыдата. І цяпер толькі АГП мае такую кандыдатуру, астатнія шэсьць арганізацыяў — ня маюць. Някляеў на некалькіх апошніх сустрэчах некалькі разоў казаў: „Я здымаю сваю кандыдатуру і сыходжу з працэсу“. Ён заявіў, што перадае эстафэту Мілінкевічу. Але апошні не прыняў гэтай эстафэты. А калі так, то праводзіць кангрэс з адным прэтэндэнтам наагул немэтазгодна».

Янукевіч: «Сп Лябедзька, калі вы адзіны кандыдат, то чаму вас хвалюе працэдура вызначэньня дэлегатаў на кангрэс? У вас жа ўсё роўна няма канкурэнтаў, дык выберуць вас. Усе сем арганізацыяў бяруць на сябе абавязак працаваць на вас падчас прэзыдэнцкай кампаніі. У чым тут для вас праблема?»

Калі ёсьць толькі адна кандыдатура, то давайце без кангрэсу заўтра пачынаць перадвыбарчую кампанію

Лябедзька: «У мяне сустрэчная прапанова. Давайце ня будзем тлуміць галаву людзям. Таму што для вялікай большасьці насельніцтва ўсе гэтыя працэдуры, квоты, кангрэсы ня маюць значэньня. Калі ёсьць толькі адна кандыдатура, то давайце без кангрэсу заўтра пачынаць перадвыбарчую кампанію. Зэканомім вялікі пул часу».

Янукевіч: «Кангрэс патрэбен зь дзьвюх прычын. Па-першае, справа ў тым, што калі арыентавацца на кангрэс, то працэдура яго правядзеньня прадугледжвае, што ня толькі лідэры нашых арганізацыяў, а любы грамадзянін можа скарыстацца ёю, паўдзельнічаць і прэтэндаваць на статус адзінага кандыдата. Бо трэба шырэй ахапіць грамадзтва. Была заганная практыка 2001 году, калі адзінага кандыдата Ганчарыка вылучалі кулюарна.

Па-другое, Партыя БНФ ня можа падтрымаць у якасьці адзінага кандыдата старшыню іншай партыі. Нядаўна быў зьезд нашай партыі, было рэйтынгавае галасаваньне па гэтым пытаньні, і за Лябедзьку прагаласаваў толькі адзін дэлегат. Але калі Лябедзьку падтрымае Кангрэс дэмакратычных сілаў, то ў такім разе партыя БНФ яго таксама падтрымае і будзе на яго працаваць».

Лябедзька: «То бок вы прапануеце чакаць, цягнуць да траўня наступнага году. І ў траўні, можа, будзе адзіны кандыдат, а можа, і ня будзе. Паўгода будзем сядзець і чакаць, калі нешта зваліцца з дрэва».

Якія пэрспэктывы, каб дасягнуць адзінства?

Карбалевіч: «Што далей? Пазыцыя абодвух бакоў выглядае непрымірымай і бескампраміснай. Ці з гэтага моманту апазыцыя пойдзе на выбары дзьвюма калёнамі? Бакі канчаткова разышліся? Кожная з групаў будзе ладзіць свой кангрэс і вылучаць свайго „адзінага“ кандыдата? І будуць два „адзіныя“ кандыдаты? На пацеху публікі. Вы адчуваеце сваю адказнасьць за такі сцэнар?»

Сілаў хапае, толькі каб сфармаваць адну калёну. А выклікі на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах вельмі сур’ёзныя

Янукевіч: «Такая пагроза існуе. Якраз таму сытуацыю трэба максымальна праясьніць і заканчваць гэтае безнадзейнае таптаньне на месцы. Калі ня ўдасца дамовіцца, то гэта моцна аслабіць усю апазыцыю. На маё цьвёрдае перакананьне, ня можа сёньня быць дзьвюх калёнаў апазыцыі. Бо сілаў хапае, толькі каб сфармаваць адну калёну. А выклікі на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах вельмі сур’ёзныя».

Лябедзька. «Мы адчуваем адказнасьць. Таму і не рабілі спробаў ладзіць нейкія сэпаратныя дзеяньні, не апэлявалі да мэдыяў, калі мелі ў сваю падтрымку тыя ж пяць галасоў. Мне часам здаецца, што мы ўсямёх сядзім у турэмнай клетцы. І некаторыя хочуць аб’ягорыць таго, хто на суседніх нарах. А вусаты кантралёр, гледзячы на нас, усьміхаецца.

Думаю, калі кааліцыя „Народны рэфэрэндум“ вызначыцца з сваім кандыдатам, то тады і можна будзе весьці перамовы. У прынцыпе, у выбарчай кампаніі могуць быць і два сьпікеры, але павінен быць адзін сцэнар. Бо калі два сцэнары, то адзін зь іх можа спрыяць легітымацыі вынікаў прэзыдэнцкай кампаніі».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG