Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ ушануе ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну


Ушанаваньне ўгодкаў Слуцкага Збройнага Чыну ў 2013 годзе.

Ушанаваньне ўгодкаў Слуцкага Збройнага Чыну ў 2013 годзе.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і кіраўнік слуцкай арганізацыі Партыі БНФ Віталь Амяльковіч падалі ў Менскі абласны выканаўчы камітэт заяўку на правядзеньне мерапрыемстваў з нагоды 94-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну.

Плянуецца, што 29 лістапада ўрачыстыя сходы ў памяць слуцкіх паўстанцаў адбудуцца ў мястэчках, зьвязаных з падзеямі 1920 году: у Грозаве, Семежаве і Вызьне (Чырвоная Слабада).

Таксама пададзеная заяўка ў Слуцкі гарвыканкам на правядзеньне мітынгу і ў самім Слуцку.

Як адзначае лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, паводле заканадаўства, цяпер забаронена да атрыманьня дазволу ўладаў паведамляць пра канкрэтныя час і месца правядзеньня масавых мерапрыемстваў:

«Мы чакаем, што адказы на заяўкі пра правядзеньне мітынгаў павінны быць дадзеныя не пазьней за 24 лістапада. Слуцкае паўстаньне — адзін з найяскравейшых прыкладаў праявы мужнасьці і адвагі беларусаў, які вельмі актуальны цяпер у сытуацыі відавочнай пагрозы нашай незалежнасьці з боку агрэсіўнай Расеі. У апошнія гады ўлады дазвалялі мітынгі ў самім Слуцку, але перасьледавалі ўдзельнікаў памятных мерапрыемстваў у іншых мясьцінах Случчыны (напрыклад, адміністратыўным арыштам быў пакараны адзін з актыўных удзельнікаў мерапрыемстваў Алесь Макаеў). Разам з тым, у 2012 годзе мітынг быў забаронены. Таму, каб мінімізаваць рызыку рэпрэсіяў, мы падрыхтавалі заяўкі на правядзеньне сходаў ва ўсіх месцах, дзе плянуецца ўскладаньне кветак і ўрачыстыя мерапрыемствы ў гонар герояў паўстаньня. Але мы таксама разумеем, што пры набліжэньні важных палітычных падзеяў, такіх як маючая адбыцца кампанія па выбарах прэзыдэнта, павялічваецца верагоднасьць супрацьдзеяньня з боку ўладаў. Акурат цяпер ажыцьцяўляецца перасьлед сяброў Партыі БНФ, якія сёлета ў кастрычніку бралі ўдзел у ўшанаваньні герояў паўстаньня Каліноўскага ў Сьвіслачы» — сказаў Аляксей Янукевіч, якога цытуе прэсавая служба Партыі БНФ.

Слуцкі збройны чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Адзін месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялян, супраціўляліся наступу савецкіх войскаў.

14 лістапада 1920 году распачалася збройная абарона незалежнасьці Беларусі на Случчыне. У гэты дзень там распачаўся Зьезд, які абраў Раду Случчыны. Задачамі Рады стала арганізацыя грамадзянскага кіраваньня, а таксама абароны краю. Зьезд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і навакольлі, і выказаў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі. Збройныя дзеяньні адбываліся з 27 лістапада па 31 сьнежня 1920 году.

З 1980-х гадоў угодкі Слуцкага Паўстаньня, як знакавая падзея ў гісторыі барацьбы за незалежнасьць, Беларусі адзначаюцца беларускім грамадзтвам як Дзень Герояў. Афіцыйныя ўлады ігнаруюць антыбальшавіцкі збройны чын.

XS
SM
MD
LG