Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейская міліцыя зьвярнулася да старшыні Партыі БНФ з просьбай паведаміць «установачныя дадзеныя грамадзянаў, якія выяўленыя на фатаздымку».

Берасьцейская міліцыя зьвярнулася да старшыні Партыі БНФ з просьбай паведаміць «установачныя дадзеныя грамадзянаў, якія выяўленыя на фатаздымку».

Як гаворыцца ў лісьце, які прыйшоў на адрас сядзібы Партыі БНФ у Менску за подпісам падпалкоўніка міліцыі Кугача, аддзел унутраных спраў Ленінскага раёну Берасьця праводзіць праверку па факце публікацыі артыкула на сайце Хартыі’97. Там распавядаецца, што «грамадзкія актывісты Берасьця заняліся добраўпарадкаваньнем Балахоўскіх могілак у Берасьці і пасьля прыборкі запалілі сьвечкі ў памяць загінулых салдат і на фоне адной з магіл разьмясьцілі бел-чырвона-белы сьцяг».

У сувязі з гэтым міліцыянты просяць паведаміць ім «установачныя дадзеныя грамадзянаў, якія выяўленыя на фатаздымку».

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў карэспандэнту Свабоды, што ніякіх зьвестак міліцыі даваць ня будзе:

«Хоць такія выпадкі здараліся раней, але апошнім часам усё больш выпадкаў, калі па фатаздымках пасьля рознага кшталту акцыяў, мерапрыемстваў ці проста падзеяў органы палітычнага перасьледу імкнуцца выявіць, знайсьці асобаў, нейкім чынам пакараць іх за праяўленьне грамадзянскай актыўнасьці.

Натуральна, што гэтых зьвестак мы прадставіць ня можам. Мы не валодаем такой інфармацыяй, і па фатаздымках разьбірацца, хто і што — гэта абсалютна ня наша функцыя.

Аднак хачу падкрэсьліць, што такія выпадкі здараюцца ўсё часьцей. І гэта сьведчыць пра тое, што пры набліжэньні прэзыдэнцкіх выбараў павялічваецца ціск на грамадзкіх актывістаў.

Яны імкнуцца прадухіляць ня толькі праявы вулічнай актыўнасьці, але і разьмяшчэньне інфармацыі пра яе, нават калі гэта проста ўшанаваньне памяці ці ўскладаньне кветак на могілках. Ствараецца вельмі неспрыяльная, напружаная атмасфэра напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

І таму мы кажам пра павелічэньне ціску на беларускае грамадзтва, на дэмакратычных актывістаў, на незалежныя СМІ. Гэта трывожны сыгнал напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў», — сказаў Аляксей Янукевіч.

Апошнім часам распачатыя адміністрацыйныя справы ў дачыненьні да актывістаў БНФ ды іншых партыяў з Горадні, Лідчыны, Кобрына, якія бралі ўдзел ва ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы.

«Як бачна з гэтага ліста, вядзецца падрыхтоўка да перасьледу ўдзельнікаў Дзядоў у рэгіёнах», — падсумоўвае на сваёй старонцы ў фэйсбуку Партыя БНФ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG