Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі скардзяцца ва ўрад на віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка


Фота Shutterstock

Фота Shutterstock

Дзьве тысячы подпісаў сабралі пад зваротам да ўраду з заклікам не разглядаць прапанову віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка пра стопрацэнтную аплату дзіцячых садкоў.

Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік прапаноўвае абавязаць спаўна аплочваць наведваньне садку для тых бацькоў, чые дзеці не дасягнулі трохгадовага ўзросту. Паводле спадара Тозіка, у гэты час маці знаходзіцца дома ў аплатным адпачынку, а таму сама павінна дзіця даглядаць. Выхавацелька аднаго зь менскіх дзіцячых садкоў кажа, што такія матулі сапраўды ёсьць:

«Ёсьць у нас такая мама, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Вось яна прыходзіць у садок, пакідае малога, а зь меншым вяртаецца дахаты. Так ім, відаць, патрэбныя гэтыя дзеці — я так думаю. Ёсьць такія, што прыводзяць дзяцей першымі і забіраюць апошнімі, так што — бацькі цяпер усялякія ёсьць».

Яшчэ адной падставай для падвышэньня коштаў віцэ-прэм’ер называе перагружанасьць садкоў дзецьмі 6-гадовага ўзросту. Паводле Анатоля Тозіка, 25 тысяч дзяцей пасьля шасьці гадоў застаюцца ў садках. Бюджэту гэта каштуе палову трыльёна рублёў. А ў садках праз такую практыку бракуе вольных месцаў, — дадае загадчыца аднаго зь дзіцячых садкоў Тацяна Копец:

«Вядома, патрэбна вырашаць пытаньні, і ня гэтулькі адносна дзяцей да трох гадоў, колькі 6-гадовых. Пэрыяд з траўня да верасьня ў нас вельмі цяжкі, бо многія бацькі шукаюць месца для дзіцяці, а мы нічога ня можам прапанаваць. Па ясьлях — ня ведаю: у нас ёсьць прыём з двух гадоў. Але дзяржава, пэўна, павінна прыняць рашэньне, што не павінна двойчы фінансаваць бацькоў. Калі дзіця пайшло ў садок, то альбо бацькі павінны дафінансоўваць, альбо трэба ў маці забіраць выплаты».

Анатоль Тозік

Анатоль Тозік

Паводле ўрадоўцаў, утрыманьне аднаго дзіцяці ў садку цягам году для дзяржавы каштуе 17 мільёнаў рублёў. Гэткім чынам, поўная аплата для сям’і на адно дзіця павінна скласьці каля паўтара мільёна рублёў.

Тым часам ня ўсе матулі гатовыя за мізэрныя дзіцячыя выплаты заставацца тры гады бяз працы і мусяць выходзіць з дэкрэтнага адпачынку датэрмінова. Гэтаксама і дашкольнікі ня ўсе фізычна і маральна гатовыя сесьці за парту ў шэсьць гадоў, кажа Юры, бацька дашкольніка:

«Калі дзіця адпраўляць у садок альбо школу, вырашае кожная сям’я сама, бо ў кожнай розныя сытуацыі: дзесьці бацькі абое мусяць працаваць, дзесьці дзіця рана аддаваць у школу. Я, да прыкладу, каб пракарміць сваю сям’ю, мушу працаваць на дзьвюх працах. І, вядома, кожная капеечка на ўліку. Каб яшчэ куды дадаткова траціць са свайго бюджэту, то гэта вельмі складана».

Спадар Юры — адзін з бацькоў, якія падпісалі заклік да ўраду краіны не разглядаць прапанову віцэ-прэм’ера. Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» адгукнулася на ініцыятыву бацькоў, каб разам арганізаваць электронны збор подпісаў. Каардынатарка кампаніі Тацяна Караткевіч кажа, што прапанова віцэ-прэм’ера незаконная і несправядлівая:

«Гэта папросту несправядліва, бо ў нас дэкляруецца сацыяльная дзяржава, а людзі плоцяць падаткі. Гэтае патрабаваньне не разглядаць прапановы Анатоля Тозіка адпавядае і пытаньням „Народнага рэфэрэндуму“, дзе мы кажам, што дзяржаўныя ўстановы павінныя быць даступныя для грамадзян. Калі маладая сям’я ня зможа аплочваць садок, то яна і працаваць ня зможа, а гэта несправядліва».

За пяць дзён збору подпісаў пад зваротам да ўраду краіны ініцыятыву сваімі галасамі падтрымалі дзьве тысячы грамадзян.

XS
SM
MD
LG