Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт Анатоль Вярцінскі сваім сябрам і знаёмцам любіць рабіць нечаканыя падарункі ў выглядзе рэдкіх кніг. Прызнаюся, у ліку ашчасьліўленых неаднойчы давялося быць і мне

Паэт Анатоль Вярцінскі сваім сябрам і знаёмцам любіць рабіць нечаканыя падарункі ў выглядзе рэдкіх кніг. Прызнаюся, у ліку ашчасьліўленых неаднойчы давялося быць і мне. Неяк Анатоль Ільліч пасля гутаркі пра пераклады сусьветнай клясыкі на беларускую мову падараваў мне беларускамоўнага Бальзака 1937 году выданьня. А неяк я выходзіў з паэтавай кватэры, несучы пад пахай анталёгію «Fair Land of Byelorussia» («Мая цудоўная Беларусь») — з аўтографамі перакладчыка на ангельскую Ўолтэра Мэя і амаль усіх сарака пяці (!) яе аўтараў — Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Кандрата Крапівы ды іншых. Жартоўная прыпіска дароўцы яшчэ больш дадавала вартасьці і без таго каштоўнаму выданьню: «Маю дачыненьне да гэтай кнігі ня толькі як аўтар, але і як укладальнік (compiler), і аўтар біяграфічных даведак. Словам, пасупрацоўнічаў з англасаксам. Сто рублёў (ці фунтаў стэрлінгаў) ня меў — меў Уолтэр Мэй. А. Вярцінскі».

Пра яшчэ адзін падарунак Анатоля Ільліча варта сказаць больш падрабязна. Гэта ягоная паэма «Заазер’е», выдадзеная ў 1975 годзе ў адгароджаным на той час жалезнай заслонай Нью-Ёрку. Тады беларускаму паэту выдацца там было — як зьлятаць на Месяц. На такіх глядзелі з асьцярогай і падазрэньнем. А як іначай можна было глядзець на таго ж Вярцінскага? Прадмову да яго кнігі напісаў перакладчык і па сумяшчальніцтве заўзяты антысаветчык Леанід Палтава, пасьляслоўе — былы палявы камандзер УПА Яраслаў Стэцько, а ананімнае (ці засакрэчанае?) выдавецтва зьмясьціла на вокладку геаграфічную мапу, дзе і Бранск, і Дзьвінск, і Беласток — у межах Беларусі...

Два полі

Было ў салдата два полі,
поле, дзе кветкі ірваў,
бегаў зь сябрамі на волі,
і поле, дзе ён ваяваў.

Ціха было і чыста
У полі яго дзяцінства,
былі агонь і дым
на полі ратным тым.

Два полі было ў салдата.
Адно зелянела травой,
другое было ўзарата
вайной і паліта крывёй.

Было ў салдата два полі,
поле, дзе кветкі зьбіраў,
бегаў зь сябрамі на волі,
і поле, дзе ён паміраў.

Анатоль Вярцінскі

У прадмове да кнігі Леанід Палтава пісаў: «Аўтар паэмы падкрэсьлівае, што сапраўдным „старэйшым братам“ для беларускага народу ёсьць ня нехта, а на дадзеным этапе барацьбы за свабоду — родныя нацыянальныя традыцыі, родная мова, свае народныя звычаі, у супрацьстаўленьні да маскоўска-бальшавіцкага ўсеімпэрскага казана, у якім — СССР — павінны былі ператоплівацца ўсе іншыя нацыі і народы на карысьць шавіністычна настроенага расейскага». Уражвае? Думаю, аўтар таксама быў уражаны — у 1990-м, калі ўпершыню ўбачыў сваю замежную кніжку.

Дзеля цікавасьці я праверыў — нью-ёрскага «Заазер’я» няма нават у Нацыянальнай бібліятэцы. Якія кніганошы ці кнігавозы і па якіх кантрабандных сьцежках даставілі кніжку ў Менск — ведае, відаць, толькі аўтар. Я зь лішнімі роспытамі ў вочы яму ня лез. Хтосьці дужа рызыкаваў, ды і паэту ў выпадку чаго не паздаровілася б. Але неяк пранесла.

Анатоль Ільліч любіць цытаваць амэрыканскага паэта Робэрта Фроста, які саромеўся называць сябе паэтам, гаворачы, што «павінен быць пачцівы страх перад гэтым словам, бо гэта ўсё адно што сказаць пра сябе: «Я — добры чалавек». Анатоль Ільліч таксама чалавек сьціплы, не называў сябе паэтам і — увёў у зман грамадзкасьць.

У 1951-м, не ведаючы, што ён паэт, рэктар БДУ залічыў яго на аддзяленьне журналістыкі. У 50-я рэдактары раённых газэтаў у Давыд-Гарадку, Камянцы, Клімавічах і Рагачове патрабавалі ад яго не натхнёных паэтычных радкоў, а апэратыўных зьвестак пра надоі і ўраджаі. У 1986-м, не шкадуючы паэтычнага таленту Анатоля Вярцінскага, ЦК КПБ зацьвердзіў яго на пасадзе галоўнага рэдактара тыднёвіка «ЛіМ», а праз год той жа ЦК, забыўшыся, што ў Вярцінскага паэтычная далікатная натура, паслаў яго ў «горад жоўтага д’ябла» Нью-Ёрк на сэсію ААН. Ну і ў 1990-м выбарнікі, не падазраючы, якія вобразы і мэтафары даймаюць Вярцінскага па начах, абралі яго сваім дэпутатам у Вярхоўны Савет.

Ага, ледзь не забыўся — у 1988-м Анатоль Ільліч дачакаўся-такі дзяржаўнага прызнаньня і атрымаў Дзяржпрэмію, праўда, не за паэзію, а за кнігу нью-ёркскай публіцыстыкі. Так што як паэт ён нібыта і не прызнаны дзяржавай. Але варта тройчы і чацьвёрачы падкрэсьліць: Анатоль Вярцінскі — найперш Паэт, паэт з ласкі нябёсаў.

Анатоль Вярцінскі

Анатоль Вярцінскі

А ўсё астатняе — дадаткі. Праўда, яны таксама могуць быць істотнымі. Менавіта пры Вярцінскім-рэдактары ў 1988-м на старонках «ЛіМу» зьявілася самая славутая публікацыя ў гісторыі тыднёвіка — артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». Вярцінскі ўваходзіў у групу з 35-ці дэпутатаў, якія распрацавалі ў 1990 годзе Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, па яго прапанове 27 ліпеня было абвешчана Днём Незалежнасьці.

Разумеючы архіважнасьць вырашэньня нацыянальных праблемаў, паэт-дэпутат прапаноўваў пры фармаваньні новага ўраду заснаваць Міністэрства па справах нацыі. Пра многія няспраўджаныя ініцыятывы Вярцінскага сёньня можна толькі пашкадаваць.

Калі ў нашай мэдыя-прасторы чарговым разам ушчынаюцца дыскусіі пра інтэграцыю, мытныя і эўразійскія саюзы ды (згінь, нячыстая сіла!) пра «саюзную дзяржаву», я для ўласнага супакаеньня паўтараю словы паэта, сказаныя яшчэ ў 1991-м: «Беларусы асуджаныя на сувэрэнітэт». І гэта — як прышчэпка ад нацыянальнай зьняверы, якая дапамагае пераадольваць сэзонныя дэпрэсіі і — жыць.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG