Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск — камфортнае месца для прарасейскіх сэпаратыстаў


Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей у Менску
Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей у Менску

Расея катэгарычна выступае супраць таго, каб працэс мірнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне пераносіўся зь Менску ў любое іншае месца сьвету, — заявіў сёньня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў падчас візыту ў Менск. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Расеі ўдзельнічаў у сумесным паседжаньні калегіяў Міністэрстваў замежных спраў дзьвюх краінаў. Лаўрова прыняў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі і абодва міністры заявілі, што сытуацыя ва Ўкраіне не паляпшаецца, а пагаршаецца. Так, Аляксандар Лукашэнка адзначыў:

«Мы ня можам пагадзіцца з тэндэнцыяй пагаршэньня сытуацыі ва Ўкраіне, ня толькі ў Данбаскім, Данецкім рэгіёнах, але і ў цэлым ва Ўкраіне. Мы вельмі спадзяваліся, што пасьля выбараў сытуацыя будзе разьвівацца ў лепшым напрамку, у напрамку стабільнасьці. Але, на жаль, мы гэтага ня бачым», — сказаў Лукашэнка.

Адзіны шлях да паляпшэньня сытуацыі ляжыць праз узнаўленьне дыялёгу па Ўкраіне ў менскім фармаце, — заявіў сёньня Сяргей Лаўроў:

«Мы па-ранейшаму працягваем зыходзіць з таго, што Менск зьяўляецца вельмі камфортнай пляцоўкай для таго, каб працягваць непасрэдны дыялёг паміж кіеўскімі ўладамі і прадстаўнікамі Паўднёвага Ўсходу. Іншага шляху ўрэгуляваньня гэтага крызісу не існуе.

Я перакананы, што ніякіх ровараў прыдумляць больш ня трэба. Ёсьць менскі фармат, фармат кантактнай групы. Гэта адзіны на сёньняшні дзень фармат, дзе прадстаўленыя і кіеўскія ўлады, і лідэры Паўднёвага Ўсходу пры ўдзеле Расеі і АБСЭ. І, галоўнае, ён прадугледжвае непасрэдны дыялёг бакоў. Спробы яго размыць, прадставіць, што апалчэнцы, кіраўнікі Паўднёвага Ўсходу могуць сядзець дзесьці ўбаку, а дарослыя паспрабуюць дамовіцца паміж сабой, пасьля чаго скажуць, што Паўднёвы Ўсход ашалеў, — гэта спробы абсалютна ілюзорныя».

Вадзім Карасёў
Вадзім Карасёў

Вадзім Карасёў, дырэктар Украінскага інстытуту глябальных стратэгіяў, так камэнтуе нашаму радыё нежаданьне расейскага міністра адкрыць новую пляцоўку па ўкраінскай сытуацыі, напрыклад, бэрлінскую:

«Таму што любы іншы фармат, акрамя менскага, размывае ўплыў Масквы на перамовы. Таму што за ДНР і ЛНР стаіць Масква. А па-другое, любы іншы фармат робіць канфлікт Украіны і Данбасу, альбо цэнтральнай улады і Данбасу, міжнародным. І трансфармуе мадэль канфлікту з унутранага ўкраінскага, што выгодна Расеі, у канфлікт Украіны і Расеі. І робіць яго міжнародным.

А мэта Масквы — у тым, каб канфлікт разглядаўся як унутраны, каб у перамовах ад Украіны ўдзельнічалі два палітычныя суб’екты. А Расея пры гэтым паўстае не як бок канфлікту, а як мадэратар і пасярэднік».

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Лаўроў сёньня фактычна раскрыў, чаму Масква так трымаецца за Менск як за адзінае месца перамоваў па Ўкраіне, — лічыць менскі палітоляг Андрэй Фёдараў:

«Бо няма ніякай упэўненасьці, што ў іншым месцы ўкраінскія сэпаратысты будуць запрошаныя да ўдзелу ў перамовах. Ці будуць адчуваць сябе так камфортна, як у Менску. Вось менавіта гэта і прычына такіх паводзінаў Крамля».

Сустрэчы трохбаковай кантактнай групы ў фармаце «Украіна — Расея — АБСЭ» наконт урэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны адбываліся ў Менску. Ключавыя пункты пагадненьняў, дасягнутых 5 і 18 верасьня, прадугледжваюць часовае спыненьне агню, адвод цяжкай артылерыі, абмен палоннымі, урэгуляваньне кантролю расейска-ўкраінскай мяжы і інш. Яны абавязковыя для выкананьня абодвума бакамі. Украінскі бок ня раз заяўляў пра факты парушэньня рэжыму спыненьня агню з боку сэпаратысцкіх фармаваньняў на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG