Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абрам Рабкін — ураджэнец Бабруйска, мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Расеі — цяпер жыве ў Пецярбурзе. Але на сваіх выставах, што ладзяцца ў Беларусі і па-за яе межамі, славіць родны горад.

Суботнім вечарам крочу звыклым кірункам паўз стаянку міжгародніх маршрутак. «Ну вось, мне зноў на працу, а нехта ў Бабруйск едзе!» — прыходзіць на розум. У душы адразу прачынаецца белая зайздрасьць і мара паблукаць яшчэ раз па гэтым, бадай, самым вядомым і калярытным горадзе Беларусі, разам з кнігаю Абрама Рабкіна «Ўніз па Шасэйнай» (Менск, «Полымя», 1998). Шасэйная — так да вайны звалася вуліца дзяцінства аўтара, пазьней перайменаваная ў вуліцу Бахарава.

Абрам Рабкін — ураджэнец Бабруйска, мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Расеі — цяпер жыве ў Пецярбурзе. Але на сваіх выставах, што ладзяцца ў Беларусі і па-за яе межамі, славіць родны горад. Дзякуючы яго творчасьці, нават для людзей, якія ніколі там не былі, Бабруйск робіцца пазнавальным і блізкім. Зь лірычных шчырых карцін пазіраюць драўляныя хаты з чатырохсхільнымі дахамі, краявіды старой часткі горада ва ўсялякае надвор’е, у розныя поры году і дні тыдня, колішнія габрэйскія двары і, канешне, людзі: шаўцы, балаголы, гандляры, суседзі, родныя і блізкія мастака, чые абрысы захавала памяць, нібы мост да мінуўшчыны, якая адышла ці адыходзіць. «Выставу так хваляць, а я хачу сказаць пра яе недахоп — сьлёзы замінаюць глядзець...», — так напісаў адзін з наведнікаў у кнізе водгукаў.

Аўтабіяграфічная аповесьць, аздобленая рэпрадукцыямі карцін аўтара, па сіле мастацкага ўзьдзеяньня не саступае ягоным палотнам. Гэта паэма ў прозе, кранальны летапіс Атлянтыды, што чытаецца на адным дыханьні. Помнік вуліцы, на якой прайшло дзяцінства, роднаму Бабруйску, яго даваенным жыхарам, бо менавіта людзі вызначаюць духоўнае аблічча горада. А найперш — помнік свайму бацьку Ісааку, чый вобраз прысутнічае на працягу ўсёй кнігі, бацьку, які ў чаканьні другога арышту і новых катаваньняў, даведзены да адчаю хлусьлівымі абвінавачваньнямі ў шкодніцтве скончыў жыцьцё самагубствам. Аб гэтым аўтар паведамляе на адной з першых старонак, але, не жадаючы распачынаць расповед пра Бабруйск з сумнага, у наступным разьдзеле прыгадвае цікавую гісторыю, як балагол Лейба Дынабурскі паклаў на лапаткі знакамітага барца Стрыжака. Да тэмы рэпрэсій і генацыду пісьменьнік яшчэ вернецца неаднойчы.

Камічнае і трагічнае ў творы, як і ў тагачасным жыцьці, пераплецена настолькі цесна, што аддзяліць адно ад другога немагчыма, як ні імкніся. Аднак пра гумар на старонках твора варта сказаць асобна. Тое, што, паводле тагачасных землякоў Рабкіна, у справе ўмельства пажартаваць «адэсіты ў бабруйчан падлогу мылі», пераконваесься адразу.

Я са зьдзіўленьнем адзначыла, што некаторыя вядомыя показкі — зусім ня показкі, а праўдзівыя гісторыі з жыцьця бабруйскіх габрэяў. Выдатныя жарты, якія ў 30-я гады, на жаль, часта заканчваліся трагедыяй ня толькі для іх аўтараў, але і для тых, хто спрабаваў іх распавесьці. Сьпярша чытаеш, як дырэктар Славін вёз у музэй з ваеннага аэрадрома на падводзе рухавік самалёта, у што аптэкар Разоўскі параіў апрануцца на маскарад нахабнаму наведвальніку і пра што балагол Бенца запытаўся ў супрацоўніка НКУС напрыканцы лекцыі аб перавагах сацыялістычнага ладу жыцьця. Пасьля, нібы на яве, бачыш таемны сумесны малебен сьвятароў трох канфэсій па арыштаваным Славіну, прыгатаваньні Разоўскім для ўсёй сям’і апошніх лекаў — паратунку ад зыходу ў гета, і адчуваеш немінучую, страшную навалу, што чорнаю хмарай насоўваецца на жыхароў гораду.

У кнізе няма прыдуманых пэрсанажаў. Стваральнік і першы дырэктар музэю Славін, аптэкар Разоўскі, вар’ят Мома, прыгажуня Голда і ўсе астатнія — рэальныя асобы. Сучасьнік мае рэдкую магчымасьць пазнаёміцца са штодзённым побытам і мэнталітэтам штэтлу пачатку мінулага стагодзьдзя, прыадчыніць дзьверы ў незнаёмы сьвет, дзе пануюць узаемадапамога, аўтарытэт мудрасьці і сталасьці, шануецца прафэсійнае ўмельства, кемлівасьць, уменьне трымаць слова, прыхільнасьць да спрадвечнага і нацыянальнага. Можа таму твор мае толькі аднаго адмоўнага героя — вылучэнца і сэксота Арона Рудзевіцкага, што выракся свайго народу, кліча сябе славянскім імем Лёша і спрабуе выселіць з кватэры сям’ю «ворага народу». Нягледзячы на асабістую небясьпеку, сям’ю бароняць усе, хто толькі можа. Бароняць і перамагаюць з дапамогаю хітрасьці і шантажу ў адказ, бо ні ўшчуваньні мудрага Аўрома Немца, ні знакамітыя, дзейсныя дагэтуль праклёны старой Хаше-Мідл не спрацоўваюць супраць таго, хто ў агульным разуменьні ня ёсьць чалавекам.


Кніга напісана па-расейску, але ў размовах габрэяў гучыць ідыш, у простай мове сялян «мужыкоў» — беларуская мова, у тэксьце паўсюль сустракаюцца словы «жэўжык», «сопкі», «хлопцы». Аповесьць нагадвае шматаблічную мазаіку, дзе сюжэты невялічкіх гісторый, згадак, успамінаў, сплеценыя між сабою ў часе і прасторы, ствараюць агульную карціну.

Кніга мае двух апавядальнікаў у асобе аўтара. Дванаццацігадовага хлопчыка, які амаль фізычна адчувае пакуты бацькі і ня можа сабе дараваць, што, паклікаўшы на вячэру, пакінуў яго аднаго; хлопчыка, чыя асабістая трагедыя патанула ў трагедыі народу. І сталага чалавека, які ўсьміхаецца, шчасьлівы, што ўсё гэта засталося ў мінулым і жыцьцё працягваецца, верыць у добрае, хаця яго заўжды мала, але яно мусіць быць, умее радавацца «яблыневай старонцы са сьвітанкамі ў расе», палёту бусла і прывітаньню зямлячкі.

Падарожжа разам з аповесьцю пад пахаю можна пачаць з ускраіннай бабруйскай чыгуначнай станцыі Бярэзіна, дзе выступаў Калінін, а Герасім Акуліч з Фарштадту выдаваў сябе за ягонага брата. Пасьля, аглядаючы старыя будынкі, пасунуцца ўздоўж па вуліцы Бахарава, пабачыць кірмаш. Там гандлявала знакамітая Мнуха — кірмаш дзейнічае дасюль. Дайсьці да мармэляднай фабрыкі, перайменаванай яшчэ ў тыя часы ў «Красный пищевик».

У сярэдзіне дзевяностых, у час напісаньня кнігі, я так і рабіла, дабіраючыся на ранейшую прыгарадную аўтастанцыю па вуліцы Дзяржынскага, колішняй Слуцкай. Шкада, што не пазнаёмілася з аповесьцю гадоў пятнаццаць таму, калі мела болей часу і магчымасьцяў шпацыраваць па Бабруйску. Гэтым летам я пасьпела завітаць на вуліцу Пушкіна.

«Мама ішла па яшчэ пустой, асьветленай сьвітанкам Пушкінскай вуліцы, і мерны стук яе абцасаў быў чутны здалёк і абуджаў ува мне радасьць. Я і цяпер, праз доўгія гады, імкнуся хадзіць гэтай вуліцай нават у дождж, прыслухоўваючыся да сябе, чую гук яе крокаў. Яна ішла і дыхала водарам кветак, мая прыгожая, маладая мама...», — пісаў Рабкін пра вуліцу, дзе знаходзіцца будынак першага музэю і двухпавярховыя дамы з зашклёнымі ці то сенцамі, ці то гаўбцамі — адразу не разьбярэш. Мусіць, у такой самай будыніне пад час гутаркі з аўтарам гатавала рыбу фіш старая габрэйка Зіна Гах.

Са старонак твору тутэйшы мастак Рондлін у трыццатыя гады скардзіўся кіраўніцтву на недагледжанасьць вуліцы Камуністычнай. Маўляў, уся ў выбоінах, па ёй адны залатары езьдзяць. «На перасячэньні Сацыялістычнай вуліцы з гэтай Камуністычнай, акурат на самым яе перасячэньні, на гародзе Гольбурга красуе прыбіральня і сьметніца». Адказны таварыш па імені Саша параіў не разводзіць варожую прапаганду і паабяцаў: «Прыйдзе час, мы пераможам і забудуем Камуністычную вуліцу палацамі. Пра вашу прапанову я далажу. Прыбіральню на гародзе прыбяром». Прыбіральню так зьнесьці і не ўдалося, але было прынятае вырашэньне абгарадзіць яе высачэзным плотам, каб не было бачна ні з Сацыялістычнай, ні з Камуністычнай.

«Дзіўная рэч. Прайшло колькі год, даўно зваліўся новы плот, а прыбіральня ўсё стаіць і стаіць. На тым жа месцы. На рагу Сацыялістычнай і Камуністычнай», — зазначае аўтар у сярэдзіне дзевяностых. Дужа карцела даведацца, ці захавалася тая архітэктурная славутасьць да цяперашняга часу, ды не пасьпела — мой аўтобус ужо адыходзіў. А шкада. Зрэшты, будзе нагода на новую вандроўку ў стары Бабруйск. Разам з кнігай Абрама Рабкіна «Уніз па Шасэйнай».

Тэкст ілюстраваны карцінамі старога Бабруйску аўтарства Абрама Рабкіна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG