Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савёлаўскі суд Масквы сёньня часткова задаволіў пазоў музыканта Андрэя Макарэвіча аб абароне гонару і годнасьці да газэты «Известия» і пісьменьніка Аляксандра Праханава. Суд пастанавіў спагнаць з Праханава 500 тысяч рублёў (прыкладна 10 тысячаў даляраў). Рашэньне можа быць абскарджанае.

У пазове кіраўнік рок-гурту «Машына часу» настойваў, каб газэта «Известия» і яе аўтар апублікавалі абвяржэньне артыкулу пра канцэрт Макарэвіча ў Данбасе. У артыкуле пад загалоўкам «Сьпевакі і нягоднікі» Праханаў сьцьвярджаў, што Макарэвіч выступіў у Славянску для ўкраінскіх вайскоўцаў, чым натхніў іх на працяг абстрэлаў Данецку, што прывяло да новых ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Сам Макарэвіч неаднаразова заяўляў, што даваў ва Ўкраіне канцэрт перад дзецьмі ўцекачоў у Сьвятагорску.

Пазоўнік і адказьнік на сёньняшнім пасяджэньні суду не прысутнічалі. Раней Макарэвіч паабяцаў, што ў выпадку перамогі ў судзе пералічыць атрыманую кампэнсацыю дзецям, якія пацярпелі ад ваенных дзеяньняў у Данбасе.

Андрэй Макарэвіч: «Каратели, перед которыми я пел в Святогорске. На самом деле — дети-беженцы из Донецка»

Андрэй Макарэвіч: «Каратели, перед которыми я пел в Святогорске. На самом деле — дети-беженцы из Донецка»

У жніўні Андрэй Макарэвіч выступіў перад украінскімі ўцекачамі ў горадзе Святагорск. Некаторыя расейскія грамадзкія дзеячы і палітыкі назвалі дзеяньні Макарэвіча «антырасейскімі» і нават прапанавалі пазбавіць музыканта ўсіх званьняў і ўзнагародаў. Пасьля гэтага былі адмененыя выступы Макарэвіча ў многіх гарадах Расеі. Музыка напісаў адкрыты ліст прэзыдэнту Пуціну з просьбай спыніць паток «бруду і паклёпу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG