Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні паказвалі «невясёлыя карцінкі» і сьпявалі Качмарскага па-беларуску (ФОТА)


«(НЕ:)вясёлыя карцінкі» — альбом сатырычных малюнкаў, які выйшаў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». Дыск «Муры: Хадановіч сьпявае Качмарскага» — пераклад песень знакамітага барда польскай «Салідарнасьці» Яцэка Качмарскага, якія выконваў сам перакладнік.

Альбом сатырычных малюнкаў складаецца з працаў мастака ДэЛёс. Гэта іранічныя ілюстрацыі падзеяў у Беларусі, якія штодня на працягу пяці гадоў зьяўляюцца на сайце Радыё Свабода. Малюнкі суправаджаюцца дасьціпнымі вершамі паэта ДаСьлёз. Андрэй Хадановіч, які чытаў гледачам вершы, прызнаўся, што абодва аўтары ягоныя блізкія сябрукі.

Аляксей Знаткевіч — укладальнік альбому сатырычных малюнкаў
Аляксей Знаткевіч — укладальнік альбому сатырычных малюнкаў

Падчас прэзэнтацыі супрацоўнікі Свабоды Аляксей Знаткевіч — укладальнік альбому — і Франак Вячорка арганізавалі конкурс малюнкаў: яны прапанавалі падчас прэзэнтацыі намаляваць гледачам, якім яны бачаць беларускі рай. Узамен на малюнкі атрымлівалі альбомы, а за найлепшы малюнак — вышыванка ў падарунак. Найлепшыя малюнкі будуць апублікаваныя на сайце Радыё Свабода.

«(НЕ:)вясёлыя карцінкі» — альбом сатырычных малюнкаў, які выйшаў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе».
«(НЕ:)вясёлыя карцінкі» — альбом сатырычных малюнкаў, які выйшаў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе».

У другой частцы праграмы Андрэй Хадановіч прадставіў уласны праект — пераклад на беларускую мову песень знакамітага барда польскай «Салідарнасьці» Яцэка Качмарскага. Ён прызнаўся, што закахаўся ў творчасьць польскага сьпевака зь першага праслухоўваньня песень, і каля 10 гадоў ішоў да таго, каб зрабіць іх пераклад.

Дыск «Муры: Хадановіч сьпявае Качмарскага»
Дыск «Муры: Хадановіч сьпявае Качмарскага»

На дыску ёсьць усе тэксты песень па-польску і па-беларуску, ёсьць інфармацыя пра Качмарскага. Паводле Хадановіча, ён хацеў сабраць у адным невялікім альбоме розныя грані Качмарскага, бо ёсьць там песьні, натхнёныя кінэматографам, жывапісам, а ёсьць натхнёныя творчасьцю іншых творцаў і г. д. І зрабіў Хадановіч гэта вельмі па-свойму.

Хадановіч: «Я наўмысна перакладаў не дакладна, а так, каб гэта чапляла мяне і адпаведна беларускіх чытачоў і слухачоў. Часам на месцы польскіх цытат у мяне зьяўляліся беларускія цытаты. Да прыкладу, многія зьдзівяцца калі пачуюць у эпітафіі Уладзімеру Высоцкаму цытаты з Натальлі Арсеньневай, чаго не магло быць па азначэньні ў арыгінале. Але мяне цікавіць сёньняшні лёс альбому, і мне хацелася, каб ён успрымаўся ня толькі ў ракурсе настальгіі, мне хацелася дакрычацца да сучаснага беларускага слухача».

Упершыню Хадановіч прасьпяваў беларускую вэрсію «Муроў» падчас Плошчы-2010. Дыск «Муры: Хадановіч сьпявае Качмарскага» выйшаў у сэрыі «Гарадзенская бібліятэка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG