Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнія СМІ, якія аналізуюць вынікі саміту G-20, падкрэсьліваюць, што сусьветныя лідэры ўсё менш давяраюць Уладзімеру Пуціну.

Сродкі масавай інфармацыі краін Захаду актыўна абмяркоўваюць вынікі саміту лідэраў «Вялікай дваццаткі» ў аўстралійскім Брысбэне і прыкметнае зьмяненьне тону зносін з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным — як з «чалавекам, якому нельга давяраць».

Нямецкі тэлеканал ARD паказаў інтэрвію з Пуціным, запісанае 13 лістапада ва Ўладзівастоку, напярэдадні саміту «Вялікай дваццаткі». У ім прэзыдэнт Расеі заяўляе, што лічыць рэакцыю Захаду на далучэньне Крыму «неадэкватнай», і выказвае перакананьне ў тым, што Расея не дапусьціла ніякіх парушэньняў міжнароднага права.

Гэтыя словы Пуціна сёньня толькі падлілі алею ў агонь крытыкі, якая працягваецца.

Шэф тэлеканалу WDR Соня Мікіч назвала словы Пуціна, які падкрэсьліў, што Расея можа сама ўсім сябе забясьпечыць і не баіцца санкцый Захаду, «сьвістам ў лесе», а прыведзеныя ім паказчыкі росту расейскай эканомікі — прынамсі дзіўнымі і падкрэсьліла неабходнасьць для Нямеччыны ў палітычных узаемадзеяньнях з Расеяй памятаць пра ўсе ўрокі гісторыі ў адносінах паміж дзьвюма краінамі.

Газэта «Франкфуртэр Алльгемайнэ цайтунг» напісала:

«Было відавочна, што Пуцін відавочна ня стаў у Брысбэне зоркай, у якой усе хацелі б узяць аўтограф. Часам ён выглядаў сапраўды ўсімі пакінутым. Адзінота Пуціна і сацыяльнае пагарда на яго адрас былі платай за яго дзеяньні ў дачыненьні да Ўкраіны. Магчыма, за час яго доўгага пералёту дадому яму будзе над чым задумацца, але расейскае насельніцтва, якое застаецца жыць у тумане нацыяналізму, падтрымлівае свайго прэзыдэнта і яго аўтарытарнае кіраўніцтва. Эканоміка, аднак, развальваецца. І для яе энэргічнага разьвіцьця ўглыб і ўшыркі Пуціну неабходны Захад, які па-ранейшаму гатовы да сапраўднага партнэрства, але толькі не пры парушэньнях нормаў міжнароднага права ў Эўропе ».

Мюнхенская газета «Мюнхнэр Мэркурый» піша:

«Гэта непрыстойна — зьяўляцца на сустрэчу кіраўнікоў найважнейшых краін сьвету ў суправаджэньні ваенных караблёў. Няўжо ніхто не сказаў Пуціну пра гэта? І сусьветныя палітыкі, якія сабраліся ў Аўстраліі, адэкватна адказалі на гульню ваеннымі мускуламі. Ізаляцыя Пуціна на саміце была татальнай, можна сказаць, татальна жорсткай. Ніхто не жадае паўтарэньня халоднай вайны. Але калі Расея, якая марыць аб мінуўлай імпэрскай велічы, хоча гэтага, то яна прайграе і ў другі раз».

Газета «Таймс» падкрэсьлівае ў рэдакцыйным артыкуле, што Дэвід Кэмеран мае рацыю, робячы акцэнт у адносінах з Расеяй на тым, што цана, якую Захад павінен заплаціць за ізаляцыю Пуціна, павінна быць заплачаная і што балянсаваньню на мяжы вайны або капітуляцыі няма альтэрнатывы. Супакаеньне Расеі, лічыць выданьне, толькі падлівае алею ў агонь ўкраінскага канфлікту. Брытанскі палітычны аналітык Майкл Біньён зьвяртае ўвагу на тое, што, на яго думку, асабліва раздражняе заходніх лідэраў,— тое, што Пуцін стала хлусіць:

«Тое, што ён кажа, і тое, што адбываецца ў рэальнасьці, абсалютна не супадае. Ні адзін дзяржаўны дзеяч не будзе мець справу зь іншым дзяржаўным дзеячам, калі той ня кажа праўду. І гэта — галоўная прычына калектыўнага абурэньня Пуціным на саміце „Вялікай дваццаткі“. Большасьць лідэраў — удзельнікаў саміту лічыць паводзіны расейскага прэзыдэнта выклікам, паколькі адбываецца інтэрвэнцыя расейскіх войскаў ва Ўкраіну, а Пуцін працягвае гэта адмаўляць. Гэта вельмі небясьпечны прэцэдэнт для захаваньня эўрапейскай бясьпекі».

Майкл Біньён лічыць, што Расея прайшла «кропку незвароту» і надзея на паслабленьне заходніх санкцый выпарылася:

«Зараз вельмі малаверагодна, што санкцыі супраць Расеі будуць аслабленыя. Раней была надзея — пасьля падпісаньня менскіх дамоўленасьцей, што некаторыя заходнія санкцыі будуць паступова аслабляцца і эканамічныя адносіны з Расеяй нармалізуюцца. Расея — важны гандлёвы партнэр для многіх заходніх краін. Але цяперашняя зьмена тону заходніх лідэраў у размовах з Пуціным і ў камэнтарах сытуацыі ва Ўкраіне азначаюць, што пра паслабленьне санкцый ня толькі трэба забыцца, але што паўстала сур’ёзная верагоднасьць ўзмацненьня жорсткасьці ня толькі эканамічных санкцый супраць Расеі, але і ўзмацненьня санкцый супраць сяброў спадара Пуціна».

Цалкам агляд публікацый заходняй прэсы пра ўдзел Пуціна ў саміце «Вялікай дваццаткі» чытайце на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG