Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапаможа Беларусь абысьці ўкраінскае эмбарга?


Пятро Парашэнка падчас візыту на завод «Мотор Січ» у кастрычніку 2014

Пятро Парашэнка падчас візыту на завод «Мотор Січ» у кастрычніку 2014

Запароскі завод «Мотор Січ» пашырае супрацоўніцтва зь беларускім бокам. Ці ўдасца яму абысьці ўкраінскую забарону на гандаль таварамі вайсковага прызначэньня з расейскім агрэсарам?

Фармальны ўласьнік запароскага заводу «Мотор Січ» — хаўрусьнік былога ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Януковіча Вячаслаў Багуслаеў. Паводле запароскага парталу «Стрела», «Мотор Січ» дамовіўся зь беларускім бокам пра разгортваньне на Аршанскім авіярамонтным заводзе выпуску малапамерных газатурбінных рухавікоў для крылатых ракет. Пасьля ўсталяваньня адмысловай лініі Беларусь зможа ўжо з 2016 году наладзіць вытворчасьць рухавікоў. Цяпер адпаведныя дакумэнты рыхтуюцца да падпісаньня. Такі манэўр выкліканы поўным спыненьнем паставак газатурбінных рухавікоў для крылатых ракет Х-55 у Расею з Украіны. Як піша Crime.in.ua, гэта дапаможа абысьці забарону на гандаль таварамі вайсковага прызначэньня з агрэсарам — Расейскай Фэдэрацыяй.

Прадстаўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Беларусі Ўладзімер Лаўранюк у размове з карэспандэнтам Свабоды не пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што дэлегацыя Ваенна-прамысловага камітэту нядаўна мела сустрэчу ў Запарожжы з прадстаўнікамі «Мотор Січ». Маўляў, Аршанскі авіярамонтны завод не адносіцца да Ваенна-прамысловага камітэту, а належыць Міністэрству транспарту. У міністэрства і параіў зьвярнуцца наш суразмоўца.

«Хоць у пытаньнях мадэрнізацыі авіяцыйнай тэхнікі мы працуем з „Мотор Січ“, але гэта па верталётнай тэматыцы», — адзначыў Уладзімер Лаўранюк.

„Мотор Січ“ валодае часткай акцыяў Аршанскага авіярамонтнага заводу і, натуральна, працуе зь імі і ў інтарэсах „Мотор Січ“, і беларускай дзяржавы

«Была сустрэча прэзыдэнта РБ з кіраўніком „Мотор Січ“, і там падымаліся пэўныя пытаньні. Пры наведваньні 558-га авіярамонтнага заводу прэзыдэнт таксама ставіў задачы па стварэньні ў нас верталётнай галіны. Ён зьвяртаў увагу, што ў гэтым пляне мы можам і павінны выкарыстоўваць вопыт і нашых суседзяў, у тым ліку Ўкраіны. „Мотор Січ“ валодае часткай акцыяў Аршанскага авіярамонтнага заводу і, натуральна, працуе зь імі і ў інтарэсах „Мотор Січ“, і беларускай дзяржавы, таму мы ўзаемадзейнічаем зь імі», — сказаў Лаўранюк.

Намесьнік гендырэктара Аршанскага авіярамонтнага заводу Мікалай Неміравец сказаў карэспандэнту Свабоды, што дэлегацыя «Мотор Січ» на мінулым тыдні прылятала ў Беларусь.

«У нас насамрэч многа праектаў па працы з „Мотор Січ“, бо гэта вядучы вытворца авіяцыйных рухавікоў на сусьветным рынку. Плянаў многа, якія тычацца нашай бягучай вытворчасьці і дадатковых кірункаў. Гэта мадэрнізацыя вытворчасьці і разьвіцьцё новых кірункаў. Пра канкрэтызацыю таго, чаго на гэты момант на прадпрыемстве няма, я казаць ня буду. На сёньняшні дзень мы пачалі вытворчасьць новага тыпу верталёта, і яго мы гатовыя прапаноўваць тым, каму гэта цікава. Таксама ў распрацоўцы знаходзіцца новы тып верталёта. А астатнія кірункі застаюцца пакуль толькі на словах».

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін сказаў карэспандэнту Свабоды, што з гледзішча тэхнічнага, фінансавага, юрыдычнага такі праект па выпуску рухавікоў для крылатых ракетаў у Воршы выглядае зусім магчымым.

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«У прынцыпе, дастаткова арганізаваць тут у Беларусі, на плошчах Аршанскага авіярамонтнага заводу — які фактычна належыць „Мотор Січ“, яны маюць кантрольны пакет, — лініі па буйнавузлавой зборцы такіх рухавікоў з камплектуючых, якія пастаўляюцца з Украіны. Разгарнуць вытворчасьць поўнага цыклю ў Беларусі нельга. З камплектуючых, якія вырабляюцца ва Ўкраіне на тэрыторыі Беларусі, іх можна зьбіраць, абышоўшы такім чынам забарону кіраўніцтва Ўкраіны на экспарт вырабаў вайсковага і падвойнага прызначэньня ў Расею. Сабраныя ў Беларусі рухавікі будуць мець краіну паходжаньня Беларусь і могуць пастаўляцца ў Расею. А гэта не сустрэне супраціву з боку Расеі, яна з задавальненьнем будзе іх купляць. У прынцыпе, такі варыянт можа задаволіць усіх. Але канфрантацыя дасягнула такога ўзроўню, што я не выключаю магчымасьці, што на піку канфлікту з Расеяй, на піку папулізму ўкраінскія ўлады могуць ставіць перашкоды такой апэрацыі».

XS
SM
MD
LG