Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гавал пра аксамітную рэвалюцыю: Гэта коціцца як сьнежны ком. Хроніка падзеяў


У пачатку лістапада 1989 Вацлаў Гавал разам зь іншымі аўтарамі пэтыцыі «Некалькі сказаў» заклікаў людзей сустрэцца 10 сьнежня — у дзень правоў чалавека на плошчы Палацкага ў Празе. Пэтыцыя патрабавала адмяніць цэнзуру, вызваліць палітвязьняў і пачаць адкрытую грамадзкую дыскусію пра стан супольнасьці. Ніхто не плянаваў, што яшчэ да гэтай даты ў краіне рухне камуністычная ўлада.

Вось як успамінаў Вацлаў Гавал той лістапад у інтэрвію Радыё Свабода:

РС: Падзеі тады разьвіваліся хутка. Вы плянавалі сустрэчу 10 сьнежня, а 17 лістапада студэнты вас абагналі. Маглі вы тады ўявіць, што падзеньне рэжыму адбудзецца так хутка?

Вацлаў Гавал: Перадусім не сказаў бы, што нас студэнты абагналі. Гэта не былі нейкія там спаборніцтвы: хто каго абгоніць, хто будзе першы. Студэнты таксама не плянавалі ісьці на нейкае радыкальнае супрацьстаяньне. Яны проста вырашылі выйсьці на шэсьце з нагоды юбілею Дня студэнцтва і не маглі прадбачыць, што з гэтага атрымаецца, што гэта выкліча такі рух лявіны. Вядома пра гэта ня ведалі ні хартысты, ні дысыдэнты. Што было відавочна — а я пра гэта шмат разоў гаварыў і пісаў — што раней ці пазьней нейкі сьнежны ком пакоціцца і ператворыцца ў лявіну.

Што гэта будзе і калі гэта будзе, ня ведаў ніхто, мы не прадказальнікі, але было відавочна, што раней ці пазьней гэта мусіць адбыцца. Мы мелі свой графік розных акцый, у прыватнасьці тое 10 сьнежня, калі была юбілейная дата прыняцьця Ўсеагульная дэклярацыі правоў чалавека. Мы прыдумалі на той дзень такую прыемную сустрэчу на плошчы Палацкага з культурнай праграмай, куды былі б запрошаныя ўсе падпісанты адозвы «Некалькі сказаў» і іншыя, але прытым сапраўды нас абагналі — але гэта не былі студэнты, нас абагнала гісторыя.

Архіўнае інтэрвію Радыё Свабода (кастрычнік 2009г.)

Кароткая хроніка аксамітнай рэвалюцыі−1989

17 лістапада — паліцыя брутальна разагнала дэманстрацыю студэнтаў у Празе, якая плянавалася ўсяго як успамін ахвяраў перасьледу студэнтаў нацыстамі ў 1939-м годзе.

18 лістапада — шырыцца навіна пра сьмерць студэнта Марціна Шміда. Нягледзячы на тое, што яна была афіцыйна абвергнутая, вестка электырызуе грамадзтва. На Вацлаўскую плошчу выйшла некалькі сотняў чалавек.

19 лістапада — з удзелам Вацлава Гаўла закладаецца Občanské forum (Грамадзянскі форум) — грамадзянская ініцыятыва, якая патрабуе дыялёгу з уладай і палітычных свабодаў.

20 лістапада — Грамадзянскі форум праводзіць першыя перамовы з прэм’ерам Ладзіславам Адамцам. Большасьць ВНУ трымаюць забастоўку. На Вацлаўскай плошчы зьбіраецца ад 100 да 150 тысяч чалавек.

21 лістапада — надзвычайнае паседжаньне ўраду, разглядацца магчымасьць ужыць армію, у Прагу сьцягваюць узброеную «народную міліцыю» з рэгіёнаў. На Вацлаўскай плошчы ад 100 да 200 тысяч чалавек, з балькону ўпершыню да людзей зьвяртаецца Вацлаў Гавэл. Людзі зьвіняць ключамі на знак салідарнасьці.

22 лістапада — на Вацлаўскую плошчу выйшлі на дэманстрацыю да 200 тысяч. Выступае раней забароненая сьпявачка Марта Кубішава, людзі разам зь ёй сьпяваюць гімн. Грамадзянскі форум і прадстаўнікі студэнцтва пашыраюць заклік да ўсеагульнай забастоўкі.

23 лістапада — рабочыя лякаматыўных заводаў асьвісталі камуністычнага дэпутата Міраслава Штэпана, які прыехаў да іх на мітынг і заявіў, што нідзе ў сьвеце прэзыдэнтаў не мяняюць так, як гэтага захочуць пятнаццацігадовыя. Рабочыя сталі скандаваць: «Мы ня дзеці!» Гэта пераломны момант для ўладаў, якія разумеюць, што ня маюць падтрымкі рабочай клясы.

24 лістапада — цэлы дзень засядае ЦК КПЧ. У выніку генсек Мілаш Якеш падае ў адстаўку.

25 лістапада — прэзыдэнт Густаў Гусак амністуе семярых вядомых палітвязьняў.

26 лістапада — на Лятэнскай плошчы ў Празе зьбіраецца больш як паўмільёна чалавек. Выступаюць Гавэл і прэм’ер Адамэц, які абяцае працяг палітычнага дыялёгу.

27 лістапада — па ўсёй краіне ад 12 да 14 гадзін праходзіць усеагульная забастоўка, да якой далучылася 75 працэнтаў насельніцтва. Забастоўка прайшла пад лёзунгам «Канец улады адной партыі».

4 сьнежня — адкрытыя межы, грамадзяне ўпершыню могуць выехаць у суседнюю Аўстрыю без дазволаў і мытных дэклярацый.

10 сьнежня — Густаў Гусак ідзе ў адстаўку з пасады генсека КПЧ.

29 сьнежня — парлямэнт абірае Вацлава Гаўла новым прэзыдэнтам Чэхаславаччыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG